Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Метадалогія літаратуразнаўства
Метадалогія літаратуразнаўства — сістэма прынцыпаў і шляхоў навуковага аналізу мастацкай літаратуры. Зыходзіць з прызнання цэласнасці, сістэмнасці літаратурнага твора, дыялектычнага адзінства яго зместу і формы.
Зразумела, сам аналіз літаратурнага твора вядзецца шляхам паступовага разгляду асобных кампанентаў яго зместу і формы. Аднак каб такі аналіз не ператварыўся ў своеасаблівае "прэпарыраванне" твора, што можа загубіць яго як мастацкую з'яву, і неабходна карыстацца прынцыпамі аналізу, якія выпрацавала метадалогія літаратуразнаўства.
Так, эстэтычны прынцып прадугледжвае, што да твораў літаратуры мы павінны ставіцца як да з'явы мастацкай, гэта значыць вызначаць ступень іх эстэтычнай вартасці. У артыкуле "Прамова пра крытыку" В. Бялінскі падкрэсліваў, што "вызначэнне ступені эстэтычнай вартасці твора павінна быць першай справай крытыка". Таму пры аналізе любога літаратурнага твора трэба звяртаць увагу не толькі на тое, што ў ім выяўлена (тэматыка, праблематыка, матывы, ідэйная скіраванасць, пафас), якая вобразная канцэпцыя асобы ў ім увасоблена, але і як гэта здзейснена пісьменнікам: ці адпавядае ідэйнай задуме жанр і ўся стылістыка твора, наколькі прадуманы яго сюжэт, кампазіцыя, вобразная сістэма, наколькі багатая і натуральная моўная палітра і г. д. Эстэтычныя пачуцці абуджаюцца не толькі аб'ектам і прадметам выяўлення, але і мастацкай формай.
Эстэтычны ідэал, увасоблены ў літаратурным творы, і ступень мастацкай дасканаласці гэтага твора, майстэрства пісьменніка — вось два галоўныя моманты, якія вызначаюць эстэтычную вартасць літаратурнай творчасці. Яны заўсёды павінны быць у полі зроку даследчыка літаратуры.
Прынцып гістарызму патрабуе разглядаць літаратурныя з'явы ў сувязі з канкрэтнымі сацыякультурнымі і гістарычнымі ўмовамі, якія іх нарадзілі, ва ўзаемадачыненні з такімі ж іншымі з'явамі, а таксама ў іх развіцці. Даследуючы творы літаратуры, мы павінны вывучаць іх, па-першае, у кантэксце гісторыі літаратуры. Прычым, "да літаратараў, што стаялі ў пачатку развіцца літаратуры, — як слушна падкрэсліваў той жа В. Бялінскі, — трэба адносіцца па-асабліваму. Бо, вялікія або малыя, яны ў абодвух выпадках асобы гістарычныя". Так мы падыходзім, у прыватнасці, да творчасці Паўлюка Багрыма, з паэзіі якога сёння вядомы толькі адзін верш — "Зайграй, зайграй, хлопча малы... " Прынцып гістарызму дазваляе аб'ектыўна вызначыць ідэйна-мастацкае значэнне гэтага верша, месца паэта ў гісторыі беларускай літаратуры, у гісторыі нашай культуры ўвогуле.
Прынцып сістэмнасці прымушае бачыць у літаратурным творы пэўную сістэму — комплекс узаемападпарадкавальных кампанентаў, што характарызуецца іх узаемазвязанасцю, узаемадзеяннем, асаблівым адзінствам сістэмы з асяроддзем (грамадскім, мастацкім), уключэннем гэтай сістэмы ў сістэмы больш высокага парадку (творчасць пісьменніка, нацыянальная літаратура, грамадская свядомасць і інш.), праяўленнем кожнага кампанента як самастойнай сістэмы ніжэйшага ўзроўню. Галоўны сістэмастваральны фактар, на які арыентавана ўся сістэма выяўленчых сродкаў твора, — аўтарская канцэпцыя асобы. Праз вобразную канцэпцыю асобы сістэма "размыкаецца" ў рэчаіснасць, убірае яе ў сябе. Для літаратуразнаўцы аднолькава непрымальны як аўтаномны аналіз асобных кампанентаў літаратурна-мастацкай сістэмы, так і недаацэнка іх змястоўных магчымасцей. Прынцып усебаковасці прымушае даследчыка імкнуцца да поўнага ахопу кампанентаў зместу і формы, хаця, зразумела, вывучыць літаральна ўсе гэтыя кампаненты немагчыма. Прычым змест і форму неабходна аналізаваць у іх адзінстве, узаемаабумоўленасці.
Прынцып усебаковасці засцерагае нас ад аднабаковасці ацэнак, патрабуе ўлічваць пры аналізе твора як яго пазітыўныя якасці, так і негатыўныя. Нарэшце, гэты прынцып сведчыць пра неабходнасць арганічна паядноўваць пры аналізе літаратуры ўсе ранейшыя прынцыпы: эстэтычны, гістарычны, сістэмнасці.
Прынцып спалучэння аналізу з сінтэзам вызначае ход даследчыцкай думкі. Любы аналіз павінен весці да сінтэзу — вывадаў, абагульненняў эстэтычнага і сацыякультурнага характару: пра ідэйна-мастацкую сутнасць твора (твораў), яго (іх) месца ў творчасці пісьменніка і ў нацыянальнай літаратуры, у сістэме грамадскай свядомасці ўвогуле. Без такіх вывадаў аналіз не мае сэнсу, паколькі страчваецца яго асноўная мэта: даць аб'ектыўную ацэнку твора (творчасці) пісьменніка.
На тых ці іншых метадалагічных прынцыпах аналізу ў сучасным літаратуразнаўстве грунтуюцца асобныя навуковыя напрамкі, або прыватныя метады літаратуразнаўчыя.