Кансанансная рыфма, або кансананс (лац. consonans – зычны гук, ад consonare – гучаць ва унісон), – від недакладнай рыфмы, у якой супадаюць толькі зычныя гукі (дом – дым, кедр – кадр, долы – дула).
Часам гэту рыфму называюць дысанансам (франц. dissonance, ад лац. dissono – гучу не ў лад), паколькі націскныя галосныя ў ёй не супадаюць.
Ва ўзбагачаным кансанансе ў паслянаціскной і пераднаціскной пазіцыі могуць быць аднолькавымі і некаторыя галосныя гукі:
А ў нядзелю параначку
Ходзіць рэкрут па рыначку,
Бярэ віно-гарэлачку.
(Народная песня)
Надзвычай рэдкі ў беларускай паэзіі ўзор верша, поўнасцю напісанага кансанансам, пакінуў Уладзімір Дубоўка («I чаму глядзіш так»):
Ты была другая.
Я – такі, як сёння.
Што ж: была і песня,
быў і звонкі смех.
І прайшло без следу,
знікла ўсё дазвання,
нават адгалосак
пралунаў і сціх.
У гэтым вершы сустракаюцца і такія кансанансы: падазронай – падарунак, не той – пытай, згадаю – хадою, рабін – табун, успамінам – туманам, зноў – знаў.
Верш Уладзіміра Жылкі «Да Персі Шэлі» таксама напісаны з выкарыстаннем толькі кансанансных рыфмаў. Вось некаторыя рыфмовыя пары паэта: Шэлі – шалі, лёс – лес, крокам – крыкам, рад – рот, далі – долі, дым – дум і г. д.
Што да верша Ніла Гілевіча «Восень», які таксама цалкам пабудаваны на кансананснай рыфме (восень – вусень, эскулапы – асталопы, у пушчы – пашчы і інш.), то ў гэтым гумарыстычным творы якраз высмейваюцца паэты – аматары такіх рыфмаў.
Эстэтычнае ўздзеянне кансанансных рыфмаў, як недакладных рыфмаў увогуле, засноўваецца на іх нечаканасці.
Похожие статьи:
Р → Рыфма