Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Градацыя

   Градацыя (ад лац. gradatio – паступовае павышэнне, узмацненне) – стылістычная фігура, якая заключаецца ў тым, што ў вершаваных радках групуюцца словы ці выразы з нарастаннем (клімакс) або, наадварот, аслабленнем (антыклімакс) іх эмацыянальна-сэнсавай выразнасці.
   Градацыя узмацняе экспрэсію выказвання, узвышае яго тон. Напрыклад:

 

Ты – наш сцяг, што нікому, нікому на свеце, нікому
Не дамо абсмяяць, апаганіць, забыць ці мячом зваяваць.


   У гэтых радках з «Беларускай песні» Уладзіміра Караткевіча ўжываецца паступовы пераход з’явы ад яе ніжэйшай ступені да вышэйшай – клімакс.
   А вось другі від градацыі – антыклімакс, да якога звяртаецца паэт у «Баладзе аб трыццаць першым сярэбраніку»:

 

Той дынар быў шчаслівай манетай. І хцівец смярдзючы
З дапамогай яго аграбаў сабе золата, срэбра і медзь.


   Выяўленчая моц градацыі асабліва ўзрастае тады, калі адначасова ўжываюцца якія-небудзь паўторы:

 

Мы – не з гіпсу, мы – з камення,
Мы – з жалеза, мы – са сталі,
Нас кавалі у пламенні,
Каб мацнейшымі мы сталі.
(Цётка. «Вера беларуса»)


   Часам градацыя кладзецца ў кампазіцыйную аснову ўсяго твора. Так, у першай палове шасцістрофнага верша Максіма Танка «Калі мне сказалі» – градацыя нарастаючая (клімакс), у другой палове – спадаючая (антыклімакс).

Крыніцы артыкулаў:

Рагойша В. П. Літаратуразнаўчы слоўнік: тэрміны i паняцці: для школьнікаў i абітурыентаў – Мінск: Народная асвета, 2009. – 303 с.
Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. – 3-е выд. – Мінск: Беларуская навука, 2004. – 576 с.
Слоўнік лінгвастылістычных і тэксталагічных тэрмінаў. Складальнікі: Абабурка М. В., Казімірская Т. А, Саўчанка В. М. – Магілёў: УА «МДУ імя А. А. Куляшова», 2012. – 284 с.

Тэорыя літаратуры: дапаможнік для студэнтаў філалагічных спецыяльнасцей ВНУ / В.І. Яцухна; Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Ф. Скарыны. – Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны», 2006. – 279 с.