Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Анакалуф

   Анакалуф (ад грэч. anakoluthos – непаслядоўны, няўзгоднены) – сінтаксічная або лагічная няўзгодненасць асобных членаў паэтычнага выказвання.
   Анаклуф дапамагае выяўленню ўсхваляванасці таго, хто гаворыць, індывідуалізацыі мовы персанажа і г. д. У супрацьлегласць амфібаліі анаклуф не зацямняе сэнсу паэтычнага выказвання, толькі надае гэтаму выказванню своеасаблівы характар.
Вось прыклад анаклуфа з верша М. Лужаніна «Запрашэнне на возера Нарач»:

 

Празрыстае – можна каменне злічыць,
Блакітнае – неба у ім палавіна,
Багатае – рыба лускою блішчыць,
Магутнае – слава ад бацькі і сына.


   Тут у першых трох радках працяжнікі замяняюць злучнікі што, бо, аж. У чацвёртым жа радку ўсталяваная сінтаксічная сувязь паміж членамі выказвання парушаецца: працяжнік тут замяняе, па сутнасці, цэлы выраз: «Магутнае, [таму што на яго падае] слава ад бацькі і сына».
   Арыгінальны анаклуф сустракаем у вершы А. Пысіна «Ёсць на свеце мой алень», дзе гэтая сінтаксічная фігура «працуе» на ўзмацненне экалагічнага матыву верша:

Вы, разумныя браты,
Я і сам страляць умею, –
Дайце жыць майму аленю
Пад галінкай дабраты.

Крыніцы артыкулаў:

Рагойша В. П. Літаратуразнаўчы слоўнік: тэрміны i паняцці: для школьнікаў i абітурыентаў – Мінск: Народная асвета, 2009. – 303 с.
Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. – 3-е выд. – Мінск: Беларуская навука, 2004. – 576 с.
Слоўнік лінгвастылістычных і тэксталагічных тэрмінаў. Складальнікі: Абабурка М. В., Казімірская Т. А, Саўчанка В. М. – Магілёў: УА «МДУ імя А. А. Куляшова», 2012. – 284 с.

Тэорыя літаратуры: дапаможнік для студэнтаў філалагічных спецыяльнасцей ВНУ / В.І. Яцухна; Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Ф. Скарыны. – Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны», 2006. – 279 с.