Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Амфібалія

   Амфібалія (грэч. amphibolia — двухсэнсавасць, няяснасць) — двухсэнсавасць, якая ўзнікае ў выніку рытміка-сінтаксічнай няўзгодненасці асобных членаў паэтычнага выказвання.
   Амфібалія можа быць вынікам надта складанай сінтаксічнай канструкцыі, неапраўданай інверсіі:

 

Люблю над рэчкай шэрыя туманы,
Што, нібы воблакі, над ёй плывуць;
І нават крык з чароту нечаканы
Люблю я дзікай качкі там пачуць
.
(Н. Шклярава. «Люблю»)


   Натуральная канструкцыя выдзеленай фразы наступная: «I нават люблю я там пачуць з чароту нечаканы крык дзікай качкі». Часам амфібалія узнікае пры неапраўданым сінтаксічным пераносе:

Гарыдавец не ведаў, што адказ
Яго Раіну выдаў, загубіў ...
(Максім Танк. «Янук Сяліба»)


   Паэт хацеў сказаць: адказ яго, Гарыдаўца, выдаў і загубіў Раіну. Аднак несупадзенне лагічнай і міжрадковай паўз прывяло да сэнсавай недакладнасці: займеннік яго стаў адносіцца да Раіны, што не адпавядае сапраўднасці (як вядома, ні жонкай, ні нават каханкай здрадніка Гарыдаўца Раіна не была).
   Відам амфібаліі з’яўляецца двухсэнсавасць, што ўзнікае часам на стыку двух ці больш слоў у вершаваным радку:

 

Былы я лесаруб, каваль,
глядзеў: асфальт на сонцы плавіцца.
(В. Макарэвіч. «Гораду»)


На слых два словы былы я ўспрымаюцца як адно — былыя.