Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Ампліфікацыя

   Ампліфікацыя (ад лац. amplificatio – збольшанне, пашырэнне), або накапленне, – стылістычны прыём, сутнасць якога – у нагнятанні аднатыпных слоў ці моўных канструкцый (эпітэтаў, параўнанняў, сінонімаў, злучнікаў, аднародных членаў сказа і г. д.).
   Вельмі дарэчы ампліфікацыя (нагнятанне эпітэтаў, параўнанняў) выкарыстана ў вершы Дануты Бічэль-Загнетавай «Роднае слова»:

 

Я чула пяшчотнае, шчырасці поўнае,
Маё беларускае, роднае, кроўнае,
Такое раптоўнае, такое чароўнае,
Такое ласкавае, цёплае, чыстае,
Як сонца, агністае,
Як Нёман, празрыстае,
Як казка, быліна, як песня, жаданае,
Дагэтуль яшчэ ў жыцці неспазнанае,
Гарачае слова ад шчырага сэрца!


   Да ампліфікацыі звярнуўся і Алег Лойка ў паэме «Лясная песня». Тут асобныя вымоўныя прозвішчы і тапанімічныя назвы, якія «накапліваюцца» ў вершаваных радках, дапамагаюць стварыць непаўторны вобраз ляснога краю – Беларусі:

 

Там край лясны і людзі там лясныя:
Сасноўскія, Каліны, Лазнявыя,
Паддубскія, Дуброўскія, Дубягі,
Альхоўскія, Альшэўскія, Карагі;
І гарады лясныя там, і вёскі:
Залессі, Берастовіцы, Бярозкі,
Бярэзніцы, Дубровы, Дзераўныя,
Бары Святыя, Добрыя, Старыя;
І рэкі там лясныя: Дзеравянкі,
Бярозы, Лані, Бераставічанкі;
Дарогі там лясныя і азёры,
І знічкамі на лес спадаюць зоры...


   Адным з відаў ампліфікацыі з’яўляецца анафара, калі яна праходзіць праз усе ці значную частку вершаваных радкоў:

 

Ты ж мая адзіная,
Ты ж мая ніўная,
Ты ж мая радзінная,
Ты ж мая жніўная,
Ты ж мая вясельная,
Ты ж мая вясенняя,
Ты ж мая нязваная,
Ты ж мая нязнаная,
Да грудзей прытуленая –
Матуліна...
(Генадзь Бураўкін. «Вяртанне песні»)

Крыніцы артыкулаў:

Рагойша В. П. Літаратуразнаўчы слоўнік: тэрміны i паняцці: для школьнікаў i абітурыентаў – Мінск: Народная асвета, 2009. – 303 с.
Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. – 3-е выд. – Мінск: Беларуская навука, 2004. – 576 с.
Слоўнік лінгвастылістычных і тэксталагічных тэрмінаў. Складальнікі: Абабурка М. В., Казімірская Т. А, Саўчанка В. М. – Магілёў: УА «МДУ імя А. А. Куляшова», 2012. – 284 с.

Тэорыя літаратуры: дапаможнік для студэнтаў філалагічных спецыяльнасцей ВНУ / В.І. Яцухна; Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Ф. Скарыны. – Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны», 2006. – 279 с.