Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Акраверш

   Акраверш (ад гр. akros - крайні і лац. versus - верш) - разлічаны на зрокавае ўспрыманне верш, у якім пачатковыя літары вершаваных радкоў, прачытаныя зверху ўніз, утвараюць якое-небудзь слова: прозвішча або імя паэта ці таго, каму верш адрасуецца, нейкае прызнанне, пажаданне, адгадку на пытанне, пастаўленае ў вершы і г. д. Акравершы ёсць у Максіма Багдановіча, Уладзіміра Дубоўкі, Рыгора Барадуліна, Ніла Гілевіча, Янкі Сіпакова, Янкі Золака ("Родная Мова") і некаторых іншых беларускіх паэтаў.

   Часам у паэзіі сустракаюцца тэлевершы, у якіх пэўнае слова ці выраз утвараюць апошнія літары вершаваных радкоў. У месавершах слова ці выраз шыфруецца ў сярэдзіне вершаваных радкоў: яно складаецца ці з асобных літар, што чытаюцца па вертыкалі, ці з асобных частак суседніх слоў або аднаго слова. Максім Багдановіч напісаў арыгінальнейшы, першы ва ўсходнеславянскай паэзіі "Четверной акростих". што паядноўвае прыкметы акраверша, тэлеверша і месаверша:

Ах, как умеете Вы. Анна.
Не замечать. что я влюблён.
Но всё же шлю я Вам не стон,
А возглас радостный: осанна!

   Прынцыпы акраверша ўпершыню ў беларускай і ўсёй усходнеславянскай літаратуры выкарыстаў Францыск Скарына, зашыфраваўшы ў тэкстах "Малой падарожнай кніжыцы" (Вільня, 1522) сваё аўтарства: "Делал доктор Скоринич Францискоус". Развіваючы скарынаўскія традыцыі. сучасны паэт Эдуард Акулін стварыў своеасаблівую акрапаэму "Шлях да Радзімы". Кожны з яе 14 раздзелаў. напісаных санетамі (падчас нетрадыцыйнымі), пачынаецца адпаведным па парадку радком вядомага "Санета" М. Багдановіча ("...Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі").

Похожие статьи:

Рыгор БарадулінРыгор Барадулін - Акраподумка

Янка ЗолакЯнка Золак - Наша мова

Крыніцы артыкулаў:

Рагойша В. П. Літаратуразнаўчы слоўнік: тэрміны i паняцці: для школьнікаў i абітурыентаў – Мінск: Народная асвета, 2009. – 303 с.
Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. – 3-е выд. – Мінск: Беларуская навука, 2004. – 576 с.
Слоўнік лінгвастылістычных і тэксталагічных тэрмінаў. Складальнікі: Абабурка М. В., Казімірская Т. А, Саўчанка В. М. – Магілёў: УА «МДУ імя А. А. Куляшова», 2012. – 284 с.

Тэорыя літаратуры: дапаможнік для студэнтаў філалагічных спецыяльнасцей ВНУ / В.І. Яцухна; Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Ф. Скарыны. – Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны», 2006. – 279 с.