Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Абрэвіятура

   Абрэвіятура (італ. abbreviatura, ад лац. brevis — кароткі) — слова, утворанае з пачатковых гукаў або літар слоў, што ўваходзяць у пэўнае словазлучэнне (БДУ, ЧАЭС, РБ і г. д.).
   У паэзіі абрэвіятуры, як правіла, стаяць у рыфме, што дае магчымасць падкрэсліць паняцце, якое яны абазначаюць. Незнаёмыя або новыя абрэвіятуры звычайна паэтычна расшыфроўваюцца ў тэксце. Напрыклад:

 

БЗВ — Бог Заклікаў Вас,
Беларускага Войска воі.
БЗВ — так чытае час:
Беларусь Заваюе Волю!
БЗВ — Быць Заўжды Вякам
Даўжнікамі ў крывіцкай славы.
Нашай не аддамо чужакам
Ні сцяжыны, ані канавы.

(Рыгор Барадулін, «БЗВ»)
 

   Абрэвіятуры ужываюцца ў вершах розных жанраў, у тым ліку і сатырычных:

 

Сцішыліся РАППы,
Голасу ні-ні.
Шумныя БелАППы
Поўны цішыні.

(Якуб Колас, «Памяці нябожчыкаў»)


   Часам абрэвіятурамі называюць і складанаскарочаныя словы тыпу Белпрамбудбанк, калгас і г. д.

Крыніцы артыкулаў:

Рагойша В. П. Літаратуразнаўчы слоўнік: тэрміны i паняцці: для школьнікаў i абітурыентаў – Мінск: Народная асвета, 2009. – 303 с.
Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. – 3-е выд. – Мінск: Беларуская навука, 2004. – 576 с.
Слоўнік лінгвастылістычных і тэксталагічных тэрмінаў. Складальнікі: Абабурка М. В., Казімірская Т. А, Саўчанка В. М. – Магілёў: УА «МДУ імя А. А. Куляшова», 2012. – 284 с.

Тэорыя літаратуры: дапаможнік для студэнтаў філалагічных спецыяльнасцей ВНУ / В.І. Яцухна; Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Ф. Скарыны. – Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны», 2006. – 279 с.