Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Францішак Скарына – выдатны прадстаўнік беларускай культуры эпохі адраджэння
Любіце і шануйце, як святыню, роднае слова,
з якім вас літасцівы Бог на свет пусціў.
Ф. Скарына
Пра людзей мы мяркуем па справах, якія яны здзейснілі, па спадчыне, якую яны пакінулі сваім нашчадкам. І наш славуты зямляк Францішак Скарына – у гэтым сэнсе найярчэйшы прыклад. Ён з’яўляецца сімвалам усёй беларускай культуры эпохі Рэнесансу. Гэты час называюць Адраджэннем, бо менавіта тады адраджаліся цэлыя народы і нацыянальныя культуры, рабіліся вялікія геаграфічныя і творчыя адкрыцці. У эпоху Адраджэння Калумб адкрыў Амерыку, а Магелан здзейсніў першае кругасветнае падарожжа. Сучаснікамі Скарыны былі Капернік, Галілей, Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, Рафаэль, Петрарка, Шэкспір, Дантэ, Сервантэс і іншыя волаты духу – вучоныя, мастакі, пісьменнікі. Беларускія землі ўваходзілі тады ў склад Вялікага Княства Літоўскага, дзе беларуская мова выконвала ролю дзяржаўнай. Эпоха Адраджэння нарадзіла і Ф. Скарыну – чалавека невычэрпнай энергіі і ініцыятывы, першадрукара і гуманіста, паэта, медыка, батаніка, астранома.
Нарадзіўся Ф. Скарына ў апошняй чвэрці XV ст. (каля 1490 г.) у Полацку, закончыў Кракаўскі універсітэт і ў 1506 г. быў удастоены вучонай ступені бакалаўра вольных мастацтваў. У далейшым лёс звязвае яго з Італіяй, дзе ў 1512 г. у Падуанскім універсітэце ён бліскуча вытрымлівае экзамен на годнасць доктара медыцыны. Але не вольныя мастацтвы і не медыцына сталі сэнсам яго жыцця. Скарына "избрал оставити в науце и в книгах вечную славу и паметь свою". Яго кнігі на роднай мове сталі той паходняй, якая ўказвала людзям сапраўдны шлях у будучае, тым знічам, які саграваў і асвятляў людское жыццё ў непагадзь і завею.
Першая з кніг – "Псалтыр" – была надрукавана ў Празе ў 1517 г. Услед за гэтым выходзяць яшчэ 22 кнігі Бібліі, перакладзеныя на зразумелую тады для большасці насельніцтва старабеларускую мову. У 1522 г. выйшла ў свет першае віленскае выданне Скарыны – "Малая падарожная кніжыца", якая паклала пачатак кнігадрукаванню ў нашай краіне. Праз тры гады (у 1525 г.) была надрукавана апошняя кніга Ф. Скарыны "Апостал".
Усе пераклады кніг Бібліі Ф. Скарына прысвяціў "людем посполитым к доброму научению". Ён хацеў пашырыць асвету сярод суайчыннікаў, дапамагчы простым людзям пазнаць мудрасць і навуку. З гэтай мэтай кожную з кніг Ф. Скарына суправаджаў прадмовамі і пасляслоўямі, якія складаюць аснову яго літаратурна-публіцыстычнай спадчыны. У іх першадрукар выказваў свае грамадскія і асветніцкія погляды, заклікаў да ўмацавання правапарадку, да стварэння справядлівых заканадаўчых кодэксаў аб дзяржаве, войску, зямлі, тлумачыў незразумелыя словы і звароты, змяшчаў рэлігійныя легенды, а таксама розныя звесткі па гісторыі, геаграфіі, этнаграфіі, філасофіі, астраноміі. Так, у "Малай падарожнай кніжыцы" Ф. Скарына змясціў розныя каляндарныя і астранамічныя звесткі (беларускія назвы месяцаў, знакаў задыяка) – усё тое, што неабходна было чалавеку ў дарозе. "Псалтыр" (зборнік 150 псалмаў, па якіх ў сярэднявеччы вучыліся грамаце) Ф. Скарына адрасаваў "дзецям малым як пачатак усякай добрай навукі", а таксама дарослым у якасці настольнай кнігі, душавыратавальнага чытання. Псалмы "Псалтыра", лічыць Ф. Скарына, – "гэта скарб, безліч каштоўных каменняў!" Па "Пеўніцах", на думку Ф. Скарыны, можна было навучыцца музыцы. Засвоіць арыфметыку можна па кнігах Майсеевых, геаметрыю і астраномію – па кнізе Ісуса Навіна.
Немалаважнае значэнне ў кнігах адводзілася тэме любові да роднай зямлі. Асветнік быў патрыётам Айчыны, роднай мовы, таму і праславіў ён біблейскую гераіню Юдзіф, якая выратавала свой народ, адсекшы галаву начальніку чужаземнага войска Алаферну. У сувязі з гэтай легендай Скарына выказвае свае думкі пра патрыятычны абавязак кожнага чалавека перад сваім народам, вернасць радзіме, пра бескарыслівае служэнне грамадскаму дабру, пра глыбокую прывязанасць чалавека да зямлі, на якой ён нарадзіўся. Да свайго роднага кутка, да свайго народа, які называў "братия моя, Русь, люди посполитые", Скарына заўсёды ставіўся з вялікай пашанай. У прадмове да кнігі "Юдзіф" ён выказвае гэтыя ўзнёслыя думкі: "Звери, ходящие в пустыни, знают ямы своя; рыбы, плывущие по морю и в реках, чуют виры своя; пчелы и тым подобная боронять ульев своих. Тако ж и люди, игде зродилися и ускормлены суть по Бозе, к тому месту великую ласку имають". У сучаснай інтэрпрэтацыі С. Панізніка гэтыя цудоўныя словы гучаць так:
Ад нараджэння звяры,
што ў чашчобах блукаюць, –
ведаюць ямы свае;
Птушкі, паветра свідруючы, –
гнёзды свае не губляюць;
Рыбы ў морах бурлівых –
чуюць свой вір без памылкі;
Пчолы і іншая жыўнасць –
вуллі бароняць заўжды.
Гэтак і людзі: дзе нарадзіла іх маці,
на шчасце ўскарміўшы, –
ласку да месца таго
берагуць заўсягды!
Выданні Ф. Скарыны з боку тэхнічнай дасканаласці, з боку мастацкасці апрацоўкі выкананы на ўзроўні лепшых еўрапейскіх выданняў XVІ ст. Высокі паліграфічны ўзровень кніг доўгі час не маглі пераўзысці галандскія і германскія друкары. Ф. Скарына ўводзіць у свае выданні ілюстрацыі як сродак раскрыцця ў мастацкіх вобразах зместу кнігі. Першадрукар выкарыстоўваў гравіраваны тытульны ліст, увёў прамежкі паміж словамі, абзацы. Па гэтай прычыне кнігі шырока распаўсюджваліся ў Еўропе і мелі вялізны ўплыў на чытачоў у многіх краінах свету.
"Напісанае застаецца", – гаварылі старажытныя рымляне. Ф. Скарына пакінуў нашчадкам кнігі, у якіх засталіся самыя патаемныя, выпакутаваныя яго думкі. Гэтыя кнігі вялікага беларуса ўспрымаюцца сёння як самая дарагая нацыянальная святыня, як сімвал усёй тысячагадовай беларускай культуры. Як запавет нашчадкам даносяцца да нас з XVІ стагоддзя пранікнёныя і мудрыя словы Ф. Скарыны: "Любіце кнігу, бо яна – крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы".
Похожие статьи:
Іншае → Францыск Скарына - З прадмовы да "Кнігі Юдзіф"
Пераказы → Мастацкая Скарыніяна