Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Францішак Багушэвіч – абаронца правоў прыгнечанага беларускага сялянства
Францішак Багушэвіч – самая значная і яркая фігура ў гісторыі беларускай літаратуры парэформеннага часу. Імя таленавітага паэта, вясковага настаўніка, удзельніка паўстання 1863 г., судовага следчага і адваката стала першым у шэрагу імёнаў вялікіх беларускіх нацыянальных паэтаў. Ён ведаў нялёгкую долю беларускага сялянства і разумеў яе прычыны. Таму ў цэнтры ўвагі яго быў просты чалавек, селянін-пакутнік, якога абяздолілі, абдзялілі і які заслугоўвае лепшага жыцця. Адвакат па прафесіі, Ф. Багушэвіч і ў літаратуры стаў адвакатам – абаронцам правоў прыгнечанага беларускага сялянства.
Большасць твораў Ф. Багушэвіча прысвечана жыццю беларускага сялянства. Селянін, працавіты і руплівы земляроб, жыве ў холадзе і галечы. З яго здзекуюцца, называючы цёмным і дурным. Працай жа яго карыстаюцца іншыя, не пакідаючы стваральніку матэрыяльных даброт самага неабходнага: мужыком пабудаваны прыгожыя палацы і касцёлы, сам жа ён "жыве ў мокрай яме", яго рукамі ўзведзены чыгункі, дарогі і масты, а сам ён не мае грошай нават на білет. Такая думка падкрэсліваецца ў вершах "Дурны мужык, як варона", "Бог не роўна дзеле", "Воўк і авечка".
Ф. Багушэвіч, абараняючы мужыка, паказвае, як у яго прачынаецца пачуццё ўласнай годнасці, расце пратэст супраць несправядлівасці. Так, у вершы "Ну цурайся" аўтар параўноўвае жыццё селяніна і паніча: іх знешні выгляд, адзенне, жыллё, адукацыю.
На кашулю глядзіш крывым вокам,
Што у хаце мне бабы пашылі,
Прапацела яна маім сокам,
Цэлы тыдзень яе не памылі...
А твая ж? як той снег, як папер,
І пацеў хто, і ткаў, і бяліў,
І хто шыў, і хто праў... а цяпер
Ты той пот на сябе узваліў.
Селянін не толькі скардзіцца, але і патрабуе лепшага жыцця, бо ён – стваральнік усіх матэрыяльных каштоўнасцей на зямлі.
Супраць здзекаў і прыгнёту, несправядлівасці царскіх законаў і парадкаў выступае селянін і ў вершы "У астрозе". За знішчэнне межавога слупа селяніна садзяць у астрог, але здзекі і пабоі не могуць зламаць волі і імкнення героя да свабоды.
Ідэя справядлівасці, роўнасці ва ўзаемаадносінах паміж людзьмі выказваецца ў вершы "Ахвяра" – своеасаблівым маральным кодэксе селяніна, малітве, у якой спалучаюцца рэлігійныя пачаткі і шматвяковая народная мудрасць. Лірычны герой верша звяртаецца да бабулі з просьбай памаліцца за яго:
Маліся ж, бабулька, да Бога,
Каб я панам ніколі не быў:
Не жадаў бы ніколі чужога,
Сваё дзела як трэба рабіў.
Герой верша не хоча быць панам, бо з панствам у яго асацыіруецца ўсё самае адмоўнае ў жыцці: амаральнасць, разбэшчанасць, сквапнасць, фанабэрыстасць, прага да нажывы, пагарда да слабейшых. Усё жыццё герой хоча быць толькі мужыком, бо ён ва ўсіх адносінах вышэйшы за паноў, з’яўляецца чалавекам у самым шырокім і прывабным значэнні гэтага слова: жыве сваёй працай, сам арэ сваю зямельку, любіць сваю радзіму і да канца ёй адданы, не квапіцца на чужое, перад меншымі не дзярэ носа, паважае іншыя народы, прызнае людзей за братоў, маральна чысты, не гультай і не злодзей, не здраднік і не п’яніца. Такая ж думка падкрэсліваецца і ў вершы "Калыханка". Маці, люляючы сваё дзіця, спявае, што не хацела б бачыць яго "панам ці вялікім капітанам":
Можа, будзеш калі панам
Ці вялікім капітанам,
Людцоў Божых будзеш біці,
Цяжка будзе ў свеце жыці,
Будуць клясці, як ліхога,
Прасіць смертанькі ад Бога...
Ой, не будзь ты лепей панам,
Ні вялікім капітанам...
Селянін з’яўляецца галоўным героем і ў сатырычным вершы "Гора". Пакутлівае жыццё працоўнага чалавека, яго думкі і настроі Ф. Багушэвіч перадае ў форме народнай песні з паўторам-рэфрэнам "Ой, гора ж маё!" Селянін спрабуе пазбавіцца ад гора: кідае яго ў рэчку, у полымя-агонь, прывязвае ў лесе да пня, закопвае ў вялікі роў, адвозіць у далёкую Амерыку. Але гора не пакідае мужыка. Мабыць, простаму чалавеку ў несправядлівым грамадстве пазбыцца гора нельга. Да такой думкі прыходзіць паэт. Праўда, сам верш гучыць не песімістычна. Няшчасце селяніна – хутчэй за ўсё насміханне з свайго гора, ад якога ніяк не можа пазбавіцца чалавек і якое ў той жа час не можа пазбавіць чалавека жыцця.
У вершаванай аповесці "Кепска будзе!" Ф. Багушэвіч расказвае пра цяжкі лёс Аліндаркі. Паказваючы невыносныя ўмовы жыцця беларускага народа, вострую нянавісць яго да прыгнятальнікаў, абуджэнне пачуцця чалавечай годнасці, смеласці і свабодалюбства, паэт сцвярджае: людзі, якія жылі на гэтай зямлі без свайго імя, пачынаюць шукаць і знаходзіць яго, пачынаюць усведамляць сваё чалавечае "я".
Ф. Багушэвіч быў перакананым рэвалюцыянерам-дэмакратам, пуцяводнай зоркай для якога сталі ідэі Кастуся Каліноўскага. Ён свядома выбраў шлях цяжкіх выпрабаванняў і барацьбы, бо найважнейшым для сябе лічыў справядлівасць і праўду. Пошукамі праўды, якая "згінула ў свеце", якую "каменнем накрылі", марай пра лепшы час, калі "перастанем плакаць мы над сваёй доляй", прасякнута творчасць Ф. Багушэвіча і ўсе парывы яго шчырай душы.
Похожие статьи:
Францішак Багушэвіч → Творчасць Францішка Багушэвіча
Францішак Багушэвіч → Францішак Багушэвіч - Ахвяра
Францішак Багушэвіч → Францішак Багушэвіч - Гора
Францішак Багушэвіч → Францішак Багушэвіч - Смык
Францішак Багушэвіч → Францішак Багушэвіч - Бог не роўна дзеле