Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Францішак Багушэвіч - Не цурайся

Не цурайся мяне, панічок,
Што далонь пакрываюць мазолі;
Мазоль – працавітых значок,
Не заразе цябе ён ніколі.
То мадаль за труды і за муку,
Не хвароба якая з заразы.
Не стыдайся падаць ты мне руку,
Бо на гэтай руцэ няма сказы!
Эй! смялей адкрывай галаву
На паклон мой табе да зямлі;
Я тваёй галавы не сарву,
І маёй вы б, паны, не ўзялі.
Не ўцякай ад маёй ты сярмягі, –
Мне не стыдна у ёй ані чуць,
Вот твой храк я не меў бы адвагі,
Чортаў храк на сябе апрануць.
На кашулю глядзіш крывым вокам,
Што у хаце мне бабы пашылі,
Прапацела яна маім сокам,
Цэлы тыдзень яе не памылі...
А твая ж? як той снег, як папер,
I пацеў хто, і ткаў, і бяліў,
І хто шыў, і хто праў... а цяпер
Ты той пот на сябе узваліў.
I кашулі той мне было б стыдна,
Што не сам на яе гараваў,
Хоць бялейша яна – не завідна,
Не вазьму, каб ты мне дараваў!
 А кінь вокам на хату маю:
І цячэ, і гніе, і крывая,
Усярэдзіне гной і стаіць на гнаю,
I дзіўлюся я сам, як трывае?
Не дзівіся, панок, як жыву, –
Мне ніхто не памог будаваць.
Хоць лянівым у свеце слыву,
А магу свет карміць-гадаваць.
Ты ж пазнаў, што у ксёнжках стаіць,
А там розуму шмат ад вякоў,
I ўсё можаш па ксёнжках рабіць;
А гдзе ж ксёнжка для нас, мужыкоў?
Гдзе ж нам розуму толькі набраць? –
Знаем толькі загон ды саху
I жывём, каб касіць ды араць,
Ды жывём мы у Божым страху.
Каб умеў кіраваць я пяром, –
Я бы ксёнжку счыркаў, як папар,
I аб тым, як мы сеем, аром,
І як косім, і жнём Божы дар.
Можа б, ты прачытаў той грызмол
І да працы набраў бы ахвоты,
Шанаваў бы мужыцкі мазол,
Не цураўся б мужыцкай бядоты,
I падаў бы руку мне, сляпому,
І давёў бы мяне да дарогі:
Не блудзіў бы і я серад лому
I калючак, што раняць мне ногі!
Ой, раняць і ногі, і сэрца,
У сэрцы нянавісць, злосць родзяць,
Дзяржаць у тваёй паняверцы,
Да здрады вядуць, ад праўды адводзяць!..
Даруй жа сляпому, што ходзе ён крыва,
Даруй, што н відзе, хоць плача.
Вобмацкам ходзяць сляпыя – не дзіва,
Відзючы ж у яму як скача?!

 

Похожие статьи:

Францішак БагушэвічТворчасць Францішка Багушэвіча

Францішак БагушэвічФранцішак Багушэвіч - Смык

Францішак БагушэвічФранцішак Багушэвіч - Гора

Францішак БагушэвічФранцішак Багушэвіч - Ахвяра

Францішак БагушэвічФранцішак Багушэвіч - Бог не роўна дзеле