Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Тэма мастака і мастацтва ў паэме Янкі Купалы "Курган"
Кожны сапраўдны паэт усёй сваёй творчасцю служыць высокім ідэалам мастацтва, якія для яго не штосьці абстрактнае, надуманае, а сродак раскрыцця перад чытачом уласных эстэтычных і маральных перакананняў. Для паэта важна не толькі ў прыгожых вобразах і прыгожымі словамі перадаць думку, пачуццё, але і выказаць сваё стаўленне да пэўнай з’явы, грамадскай падзеі, факта рэчаіснасці. У нашай літаратуры адным з першы, хто найбольш глыбока развіў тэму паэта і паэзіі, узаемаадносін мастака і мастацтва, быў Янка Купала. Гэтай тэме прысвечана і яго паэма "Курган", якая справядліва лічыцца класічным узорам нацыянальнай героіка-рамантычнай паэмы.
У цэнтры ўвагі пісьменніка – паядынак сівога Гусляра з усемагутным князем. Каб пацешыць вяльможных гасцей на вяселлі сваёй дачкі, князь запрасіў вядомага на ўсю ваколіцу Гусляра і паставіў перад ім умову:
Запяеш па душы, дасі ўцехі гасцям –
Поўны гуслі насыплю дукатаў;
Не пад мысль песня будзе каму-небудзь нам –
Канапляную возьмеш заплату.
Гусляр, валадар слова, пастаўлены перад маральным выбарам: або падпарадкавацца дэспатычнай волі князя і гэтым самым паставіць сваю музу на службу разбэшчанай асобе, або прыняць лютую смерць, але застацца самім сабой. Гусляр разумее, што, здрадзіўшы песні, ён страціць сэнс свайго існавання як мастака, што гэтая духоўная смерць для яго будзе значна страшнейшай, чым смерць фізічная. Таму ён, добра ведаючы жорсткасць і дэспатычнасць князя, адмаўляецца іграць песню-пацеху для магната і яго п’янай хеўры, бо мастацтва ў яго разуменні – не пацеха, а сэнс жыцця. "Гуслям, княжа, не пішуць законаў: небу справу здае сэрца, думка мая сонцу, зорам, арлам толькі роўна", – такі адказ дае музыка князю. У гэтым учынку выявіліся бескампраміснасць, самаахвярнасць Гусляра, магутнасць яго духу, сіла перакананняў і непадкупнасць таленту. Замест услаўлення магната ён выконвае праўдзівую песню-праклён, якая расказала пра бясчынствы пана, яго амаральнасць, разбэшчанасць, пра бязмерныя пакуты людзей, іх гнеў і абурэнне супраць прыгнятальнікаў, пра непазбежнасць расплаты.
Пясняр паўстае перад намі як абагульнены вобраз ўсяго прыгнечанага беларускага народа. Аўтар праўдзіва адлюстраваў думкі і памкненні нашых продкаў. Таму постаць Гусляра набывае значэнне вобраза-сімвала, народнага заступніка. Праўдзівая песня напалохала князя: "ён збялеў, ён дрыжыць...". За невыкананне загаду Гусляр быў закапаны жывым разам з гуслямі. Але ўлада князя аказалася бездапаможнай перад свабоднай і праўдзівай песняй Гусляра, якая назаўсёды засталася жыць у народзе. На месцы магілы музыкі ўзнёсся курган, які засведчыў вечную памяць народа аб сваім заступніку і яго таленце. Такой памяці варты толькі той мастак, які здольны аддаць народу не толькі свае праўдзівыя песні і думы, але і жыццё. Сапраўднае мастацтва, веліч і сіла якога ў праўдзе і непадкупнасці, павінна служыць народу. І толькі ў гушчы народа сапраўдны мастак можа "сэрца мільёнаў падслухаць біцця", толькі народ можа даць яму моц і нязломную веру ў барацьбе з сіламі зла. Такі мастак бессмяротны, бо ён мае свой працяг у бясконцай гістарычнай памяці людзей. Такая галоўная ідэя твора.