Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Тэма калектывізацыі ў беларускай літаратуры
Літаратура заўсёды адлюстроўвае жыццё ў найбольш важныя, пераломныя моманты развіцця гісторыі. Нямала твораў у беларускай літаратуры прысвечана калектывізацыі. Даваенная літаратура, як правіла, сцвярджала гістарычную неабходнасць калектывізацыі, пры гэтым хаваючы ці павярхоўна паказваючы сапраўдныя эканамічныя інтарэсы сялян. Гвалт, прымусовасць, беззаконне ў правядзенні калектывізацыі і яе бесчалавечны характар тлумачыліся перагібамі і адступленнямі ад палітыкі Сталіна. Праўда, праз афіцыёзную і цэнзурна-лозунгавую літаратуру таго часу прабіваліся праўдзівыя творы, якія не толькі паказвалі трагічнасць сялянскай долі ў гады "вялікага" пералому, але і былі скіраваны супраць калектывізацыі і раскулачвання. Шмат горкай праўды аб тым часе можна знайсці ў аповесці П. Галавача "Спалох на загонах" і яго рамане "Праз гады", паэме У. Дубоўкі "Штурмуйце будучыні аванпосты!", раманах М. Зарэцкага "Вязьмо" і Л. Калюгі "Пустадомкі".
Раман М. Зарэцкага "Вязьмо" быў напісаны ў пачатку 30-х гг., калі вынікі калектывізацыі ўжо добра адчуваліся. Аўтар паказвае сапраўдную сутнасць тых падзей, узнаўляе грамадскую атмасферу 20-х гг. у вёсках Сівец і Сівалапы. Востра крытыкуючы суцэльную калектывізацыю, абараняючы інтарэсы працоўнай вёскі, М. Зарэцкі паказвае, як руйнаваліся чалавечыя лёсы, душэўна нявечыліся людзі, як стваралася атмасфера ўсеагульнага страху, падазронасці і варожасці. Тагачасныя ўлады не маглі дараваць гэтага пісьменніку. Яго "зрабілі" ворагам народа і ў 1937 г. расстралялі. Жыццём заплацілі за сваю мужнасць П. Галавач і Л. Калюга, якіх таксама расстралялі ў тым жа 1937 г. Лёс У. Дубоўкі быў больш міласцівы: пасля 28-гадовай ссылкі вялікі пакутнік змог вярнуцца на Беларусь.
Новы падыход да паказу селяніна і адлюстравання калектывізацыі пачаўся ў літаратуры 60-х і наступных гадоў. З твораў на гэту тэму перш за ўсё неабходна назваць "Палескую хроніку" І. Мележа і аповесці В. Быкава "Знак бяды", "Аблава", "Сцюжа".
У "Палескай хроніцы" І. Мележ паказвае спрадвечны ўклад народнага жыцця і яго перабудову ў пераломны час нацыянальнай гісторыі. Барацьбітамі за "светлае" будучае сялян у творы выступаюць Міканор, Апейка, а таксама "маленькія сталіны" Башлыкоў і Харчаў. Аўтар праўдзіва адлюстроўвае драматычнае становішча многіх сялян, якія, моцна прывязаныя да зямлі-карміцелькі, не ўспрымаюць калектывізацыі. Супраць яе выступае Васіль, але ён, бяссільны перад уладай, вымушаны аддаць зямлю. І. Мележ пераасэнсоўвае традыцыйны погляд на заможных сялян (кулакоў). Так, старога Глушака ён паказвае як руплівага, працавітага гаспадара, як ахвяру несправядлівага сацыяльнага ладу.
У аповесцях В. Быкава "Знак бяды" і "Сцюжа" даваеннае сялянскае жыццё паказана ў рэтраспектыўным плане. Сцепаніда Багацька (гераіня аповесці "Знак бяды") – жанчына складанага лёсу. Былая парабчанка пана Яхімоўскага, яна пры савецкай уладзе атрымала кавалак зямлі, стала абжывацца на ім. Сцепаніда заўсёды верыла ў справядлівасць і перамогу дабра, была пераканана, што на чужым няшчасці сваё шчасце не пабудуеш. Таму рашуча выступіла яна супраць гвалту над людзьмі ў час правядзення калектывізацыі, супраць раскулачвання сваіх аднавяскоўцаў, збірала подпісы ў абарону старшыні Лявона (каб дапамагчы вызваліць яго з турмы, адправіла Петрака ў Мінск да Чарвякова). Але баявітасць Сцепаніды, змаганне з несправядлівасцю не змаглі паўплываць на ход падзей. Не можа яна дапамагчы і сяброўцы Анютцы, якая разам з раскулачанымі бацькамі павінна ехаць у высылку.
У цэнтры аповесці "Сцюжа" – вясковы хлопец, сын простых радавых сялян Ягор Азевіч. Ён трапляе ў раённы цэнтр, дзе становіцца камсамольскім і партыйным работнікам. Удзельнічаючы ў будаўніцтве "лепшага, заможнага калгаснага жыцця", Азевіч становіцца прыслужнікам антычалавечай сістэмы, выканаўцам любога яе загаду. Ён піша данос на свайго непасрэднага начальніка Зарубу, у час збожжанарыхтовак разбівае сялянскія жорны сваіх аднавяскоўцаў (у тым ліку і бацькоўскія) і прымушае іх падпісацца на пазыку. Вайна прымусіла Азевіча па-новаму паглядзець на сваё жыццё, дзе "чужая воля правіла свой д’ябальскі баль на людскіх касцях". Герой аповесці пачынае адчуваць сваю віну за бальшавіцкія злачынствы, сваю адказнасць за без віны загубленых людзей, аб чым яскрава сведчыць яго страшны сон: "Кроў лілася з кветніка, цурчала з голых абрываў на тым беразе, крывавыя ручаі сцякалі ў дно і нікуды болей не цяклі, кроў сабралася там у глыбокую сажалку. І тады ён убачыў, што і ягоныя рукі ў крыві..." Адкупіцца ж за здзейсненае немагчыма, і герой твора гіне.
У аповесці "Аблава" В. Быкаў адлюстроўвае жахлівы лёс беларускага селяніна Хведара Роўбы, які стаў ахвярах сталінскай палітыкі суцэльнай калектывізацыі. Сыну вёскі, "пагарджанаму" парабку ў мінулым, "патомнаму" бяззямельцу новая ўлада выдзяляе добры кавалак панскай зямлі. Уласнымі рукамі, сваімі мазалямі нажывае рупны працаўнік дабро: будуе хату, гумно, хлеў, купляе малатарню... Але нядоўга цягнуўся для Хведара "зіхоткі" рай. Змяніўся час, і ў адзін міг ён страціў усё, стаўшы "ворагам" народа, кулаком, "прыгнятальнікам". Тая ж самая ўлада расправілася з Хведарам і яго сям’ёй, выселіўшы іх з наседжанага гнязда ў далёкі край. Ідучы на катаргу, ён не разумее сваёй віны, пытае: "Завошта?" Але да канца жыцця не пачуе на гэта пытанне адказу.
Шмат пакут выпала на долю Хведара ў Котласе. На балотных прамерзлых могілках пахаваў ён сваю жонку Ганулю. Бесчалавечны парадак "спецперасяленцаў" забівае дачку Волечку. Сам ён, уцёкшы з лагера, гіне ў родных мясцінах, загнаны ў багну аднавяскоўцамі на чале з родным сынам Міколкам (партыйным кіраўніком раёна). Смерцю галоўнага героя В. Быкаў паказаў жорсткую бесчалавечнасць "раскулачвання", цяжкі трагічны лёс пакалення людзей, якім выпала доля нарадзіцца сялянамі ў той складаны час.
Такім чынам, тэма калектывізацыі ў беларускай літаратуры не новая. Творы на гэту тэму, праўдзіва адлюстроўваючы даваеннае жыццё, паказваюць трагедыю сялянства ў часы калектывізацыі і сталіншчыны, якія растапталі ў людзей пачуццё спагадлівасці, міласэрнасці, сяброўства і ўсіх агульначалавечых маральна-этычных нормаў, знішчылі гаспадарлівых і клапатлівых працаўнікоў, ператварыўшы іх у раўнадушных і абыякавых выканаўцаў.