Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Лукаш Калюга

Фатаграфія Лукаша Калюгі   Лукаш Калюга (Кастусь Пятровіч Вашына) нарадзіўся 27 верасня 1909 года і дажыў да 1937-га. Убачыўшы апошнюю дату, чытач, мяркую, здагадаецца адразу, па чыёй віне пісьменніку суджана было пражыць такі кароткі век.
   Кастусь рана застаўся сіратой: калі яму было два гады – памерла маці, а ў шэсць гадоў ён страціў бацьку.
   Маленства будучага празаіка прайшло ў вёсцы Скварцы былога Койданаўскага павета, цяперашняга Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці. Менавіта тут пісьменнік сфармаваўся як асоба, увабраў у сябе тое, што складае адметнасць яго творчасці: мову, мараль, этыку, традыцыі, сам дух народны. Убачыў і спазнаў прататыпаў сваіх будучых персанажаў. З твора ў твор будзе пераходзіць вёска Баркаўцы, за назвай і за самымі рознымі прыкметамі якой лёгка ўгадваюцца родныя пісьменніку Скварцы.
   Кастусёва маленства, як і ў кожнага вясковага дзіцяці, было пазбаўлена сузіральнасці і марнатраўства, а большасць радасцяў вынікала з далучанасці да клопатаў дарослых – вадзіць каня на начлег, вазіць з бацькам снапы з поля, вучыцца касіць, араць, – усё гэта было не пакараннем, не цяжкім абавязкам, а шчасцем, якое яшчэ трэба было заслужыць, бо сведчыла пра сталасць, паўнацэннасць як чалавека, як гаспадара. Гэта была вялікая школа жыцця, здабываць хлеб уласным мазалём, а не круцельствам і балбатнёй. Трываласць такой жыццёвай філасофіі адчуў Лукаш Калюга і пазней зрабіў яе грунтам уласнай творчасці.
   Пасля вучобы ў Станькаўскай сямігодцы Кастусь Вашына паступіў у Беларускі педагагічны тэхнікум у Мінску і паспяхова закончыў яго ў 1931 годзе. Выкладалі ў Белпедтэхнікуме людзі вядомыя, сярод якіх былі і Якуб Колас, і яго дзядзька – найбольшы аўтарытэт у мовазнаўчай навуцы Язэп Лёсік, і многія іншыя. Тэхнікум быў прасякнуты духам патрыятызму, жаданнем аддаваць свае сілы роднаму народу, беларускай культуры і навуцы. Усё гэта не магло не ўплываць станоўча на далейшае станаўленне Лукаша Калюгі, на тое, што зарад духоўнасці, атрыманы ў вясковым асяроддзі, арганічна спалучыўся ў яго з гарадской беларускай культурай.
   Няма дзіва, што жудасная хваля сталінскіх рэпрэсій, якая ў першую чаргу падмінала пад сябе ўсё чалавечнае, дэмакратычнае, народнае і нацыянальнае, падмяла і амаль цалкам накрыла сабой Белпедтэхнікум разам з яго выкладчыкамі, навучэнцамі і выпускнікамі. Уратавацца здолелі толькі адзінкі.
   Сябры Лукаша Калюгі па вучобе – Ніна Казлоўская і Франц Гінтаўт, які быў таксама рэпрэсіраваны, – захавалі ў сваіх сэрцах самыя цёплыя ўражанні пра надзвычай чулага, зычлівага, кампанейскага, вясёлага норавам хлопца, які вылучаўся сярод іншых сваёй высознай, даўгавязай постаццю і часамі, каб выкінуць бяскрыўднага коніка, мог лёгка, быццам праз зэдлік, пераступіць праз выкладчыцкі стол і сігануць на месца за партай.
   Пасля вучобы Калюга два гады працаваў стыльрэдактарам у навукова-даследчым інстытуце прамысловасці ВСНГ БССР і вельмі нядоўга на беларускім радыё.
   З мая 1929 года Лукаш Калюга – член літаратурнага аб'яднання «Узвышша».
   Уночы 22 лютага 1933 года 22-гадовы Л. Калюга быў арыштаваны органамі НКУС. Арышт не быў для яго чымсьці нечаканым; ужо сядзелі па турмах і лагерах многія знаёмыя, у тым ліку і сябры па згуртаванні «Узвышша», а яго самога не адзін раз выклікалі ў адпаведныя органы – прапаноўвалі, папярэджвалі, пагражалі. Да гонару пісьменніка, чалавека і грамадзяніна, трэба сказаць, што ён быў адным з нямногіх, хто ні вусна, ні ў друку не выступаў з якімі-небудзь абвінавачваннямі, разноснай крытыкай у адрас тых, каго білі ці збіраліся біць, не каяўся за памылкі ўласныя, якіх не было, але прымушалі прызнаць. Такога, безумоўна, тэарэтыкі і практыкі чалавеканенавісніцтва дараваць не маглі. I для Лукаша Калюгі ў гэтай сітуацыі пытанне заключалася не ў тым, возьмуць ці не, а калі і якія абвінавачванні прад’явяць, на які тэрмін пакараюць...
   У сфабрыкаваным абвінаваўчым дакуменце значылася: «Гражданин Вашина Константин Петрович достаточно изобличается в том, что являясь одним из руководителей к-р нацдемовской организации проводил работу по вербовке членов и насаждения ячеек этой организации как в г. Минске, так и в других городах и районах БССР и распространял запрещённую литературу...»
   Асудзілі пісьменніка на 5 гадоў і выслалі ў г. Ірбіт Краснаярскага краю. У высылцы, у неспрыяльных умовах Лукаш Калюга працягваў пісаць. Да нас дайшлі яго няскончаныя творы «з-за кратаў»: аповесці «Дзе косці мелюць», «Зэнка малы ніколі не быў», «Зоры вам вядомага горада» і раман «Пустадомкі» – пра трагічны лёс пакалення, да якога належаў сам аўтар. 6 лістапада 1935 года Ірбіцкім НКУС Свярдлоўскай вобласці пісьменнік быў паўторна арыштаваны за тое, што сярод ссыльных чытаў «Тастамент» Уладзіміра Жылкі, і асуджаны на 5 гадоў канцлагера. Але 2 кастрычніка 1937 года тройкай НКУС Чалябінска Л. Калюга быў прыгавораны да расстрэлу. Прысуд выканалі 5 кастрычніка 1937 года. Было тады пісьменніку ўсяго 28 гадоў.
   Рэабілітаваны судовай калегіяй па крымінальных справах Вярхоўнага суда БССР 24 жніўня 1956 года.


Крыніцы:
Расстраляная літаратура: творы беларускіх пісьменнікаў, загубленых карнымі органамі бальшавіцкай улады / уклад. Л. Савік, М. Скоблы, К. Цвіркі, прадм. А. Сідарэвіча, камент. М. Скоблы, К. Цвіркі. – Мінск: Кнігазбор, 2008. – 696 с. [8] с.: іл. – («Беларускі кнігазбор»: Серыя 1. Мастацкая літаратура).
Калюга Л. Творы: Раман, аповесці, апавяданні, лісты / Уклад., прадм. Я. Р. Лецкі; Камент. Н.В. Гаўрош, Т.М. Трыпуцінай. – Мінск: «Мастацкая літаратура», 1992. – 607 с. [5] л. іл. – (Спадчына).

Похожие статьи:

Лукаш КалюгаЛукаш Калюга - Нядоля Заблоцкіх

Лукаш КалюгаТворчасць Лукаша Калюгі

Лукаш КалюгаЛукаш Калюга - Цеснаватая куртачка

Лукаш КалюгаЛукаш Калюга - Вясна

Лукаш КалюгаЛукаш Калюга - Баркаўцы – добрая вёска, і баркаўчане – вясёлыя людзі