Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Творчасць Яна Чачота
Творчы шлях Яна Чачота, сябра вядома паэта Адама Міцкевіча, даволі складаны. У час навучання ў Віленскім універсітэце ўступіў у студэнцкае таварыства філаматаў, дзе з’яўляўся кіраўніком літаратурнага аддзела. Пасля выкрыцця царскім урадам студэнцкіх згуртаванняў быў зняволены ў Віленскую турму, а потым сасланы на Урал у крэпасць Кізіл. Вярнуўшыся на радзіму ў 1833 годзе, пачаў займацца збіраннем фальклорных матэрыялаў, якія былі выдадзены ў шасці фальклорных зборніках "Сялянскія песенькі".
Першыя беларускія творы Яна Чачота непасрэдна звязаны з дзейнасцю студэнцкага таварыства філаматаў і па форме нагадваюць імянныя вітанні. Яны былі прысвечаны сябрам Ю. Яжоўскаму, Д. Хлявінскаму, А. Міцкевічу, Ф. Малеўскаму і інш. ("Да пакіньце ж горла драць", "Імяніннае павіншаванне", "Едзеш, міленькі Адам") і складзены па ўзоры беларускіх народных песень і іх вобразна-выяўленчых сродкаў. Вялікай папулярнасцю сярод філаматаў карысталіся песні "Што старыя за вар’яты", "Прэч, прэч, сум, нудоты", напісаныя па матывах папулярных у тыя часы народных песень і, як правіла, сцвярджаючыя вольналюбівыя настроі моладзі. Фалькларыстычныя мастацкія прынцыпы аказалі вялікі ўплыў і на польскамоўныя балады Я. Чачота "Наваградскі замак", "Свіцязь", "Бекеш", "Узногі", у якіх спалучыліся элементы рамантызму і сентыменталізму.
Другі перыяд творчасці Я. Чачота (пасля вяртання з ссылкі) характарызуецца пільнай увагай паэта-фалькларыста да беларускай народнай песеннай творчасці. На працягу прыкладна 10 гадоў ён сабраў і выдаў у Вільні 6 кніг "сялянскіх песенак" (тры з іх перакладзены на польскую мову, а астатнія апублікаваны ў арыгінале, на беларускай мове). Побач з народнымі песнямі ў кнігах змяшчаліся прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы, уласныя вершы аўтара. У гэтых творах паэт з павагай пісаў пра беларускую мову і яе носьбітаў – сялян. Так, у прадмове да кнігі "Сялянскія песенькі з-над Нёмана" даследчык зазначае: "Сяляне нашы, люд добры, лагодны, працавіты, справядлівы, павінны абуджаць у нас самыя прыхільныя да сябе пачуцці. З імі можам быць шчаслівыя. За працу іх рук аддаючы ім працу розуму і нашай асветы, можам памножыць агульнае дабро. Не думайма, каб і ад іх мы не маглі чаму навучыцца. Многаму навучымся, вывучаючы іх становішча і нораў: знойдзем у іх паданні, казкі, легенды, і найбагацейшым будзе жніво песенак, якія дазваляюць спазнаць іх пяшчотныя, прыгожыя, тонкія нават і глыбокія пачуцці".
У беларускіх вершах "Да мілых мужычкоў", "Покуль сонца ўзыдзе", "Плакала бяроза ды гаварыла", "Нашто нам дым выядае вочкі", "Быў я колісь кавалём" паэт адстойваў інтарэсы сялян, імкнуўся прымірыць іх з панамі, выказваўся за маральнае ўдасканальванне чалавека працы. Асноўную прычыну цяжкага жыцця селяніна Я. Чачот бачыў у абыякавых адносінах да яго пана, у нядобрым і злым аканоме. І таму ён заклікаў:
Пане ты наш, пане!
Будзь жа нам ласкавы,
Не дай аканома,
Што асцёбаць жвавы.
У змаганні за гуманістычныя адносіны да чалавека працы, жаданні палепшыць яго долю, сцвярджэнні ідэі грамадзянскай роўнасці сялян і паноў, у імкненні зацікавіць пануючыя класы жыццём сялянства, а таксама маральна-этычнай змястоўнасцю і эстэтычнай каштоўнасцю народных песень вызначаецца асветніцкая і дэмакратычная значнасць дзейнасці Я. Чачота. Творы паэта на беларускай мове, як справядліва зазначае К. Цвірка, – яскравае сведчанне "нараджэння новай беларускай літаратуры і адначасова нацыянальнага адраджэння аднаго з самабытных і вялікіх народаў".
Похожие статьи:
Ян Чачот → Ян Чачот - Паэзія 30-40 гг. ХІХ ст.
Ян Чачот → Ян Чачот - Песні і балады