Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Па старонках твораў пра мінулае

Цікавасць да даўніны мае духоўны характар,
яна караніцца ў сутнасці чалавека,
жыццё якога вельмі кароткае,
але чый розум жадае агарнуць неахопны час,
зазірае ў будучыню і пранікае ў мінулае.

К. Тарасаў


   Сёння, як ніколі раней, узрасла цікавасць да гісторыі. Яе праблемы хвалююць не толькі спецыялістаў, але і шырокае кола грамадскасці. І на гэта ёсць прычыны.
   На крутых паваротах гісторыі людзі заўсёды звяртаюцца да дзён мінулых, каб больш дакладна і глыбока ўсвядоміць дзень сённяшні, каб зразумець свае вытокі, карані. Забыццё і пагарджанне ўрокамі гісторыі спараджае непрадказальныя і недаравальныя памылкі і расчараванні. Гісторыя ўмее жорстка помсціць, але ж і ўмее вучыць тых, хто прагне гэтай навукі. "У падзеях мінулага, – сцвярджаў У. Караткевіч, – нашы карані. А дрэва без карэння не можа ні існаваць, ні тым больш прыносіць плады".
   Менавіта з імем У. Караткевіча звязана абуджэнне цікавасці да гісторыі нашай зямлі. Яркія, мужныя, самаахвярныя героі, якія жывуць і дзейнічаюць у яго творах, вучаць нас любові да Радзімы, да яе народа, мовы і культуры, сцвярджаюць, што мы не бязроднае племя на гэтай зямлі, што за нашымі плячыма – слаўныя прыклады духоўных і грамадзянскіх подзвігаў нашых продкаў. Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова прайсціся сцежкамі персанажаў твораў "Сівая легенда", "Цыганскі кароль", "Хрыстос прызямліўся ў Гародні", "Нельга забыць", "Каласы пад сярпом тваім" і інш. Са старонак гэтых твораў паўстаюць змагары за народнае шчасце, прарокі, інтэлігенты, рыцары і прыгоннікі, кардыналы і чароўнай прыгажосці дзяўчаты. Яны ўмеюць па-свойму любіць, ненавідзець, пакутаваць, адстойваць свае погляды. Іх лёсы неадрыўныя ад гістарычных падзей і абумоўленыя гэтымі падзеямі. І ў кожным творы – эпоха, складаны і часам трагічны лёс Беларусі, народ, які не скарыўся перад нястачамі і прыгнётам, прагне волі і лепшай долі. У. Караткевіч не толькі ўзнаўляе карціны жыцця Сярэднявечча і наступных эпох, але і асэнсоўвае гістарычны працэс, што дазваляе зразумець таямніцы чалавечага быцця, аснову ўзаемаадносін людзей і навакольнага свету.
   Аднак найбольш інтэнсіўны этап развіцця гістарычнага жанру ў беларускай літаратуры прыпадае на наш час. І звязаны ён з такімі імёнамі, як Л. Дайнека, А. Лойка, В. Іпатава, К. Тарасаў, А. Петрашкевіч, І. Чыгрынаў, У. Арлоў, Г. Далідовіч, М. Клімковіч.
   Цікава ўваскрашае мінулае Беларусі Л. Дайнека ў раманах "Меч князя Вячкі", "След ваўкалака" і "Жалезныя жалуды". У цэнтры раманаў – вядомыя гістарычныя асобы, імёны якія можна знайсці на пажаўцелых старонках "Хронікі Лівоніі", "Летапісца Вялікіх князёў літоўскіх". Менавіта на "Хроніку Лівоніі" абапіраўся Л. Дайнека пры напісанні сваіх твораў. У "Жалезных жалудах" адным з герояў з’яўляецца князь Міндоўг, пачынальнік Вялікага княства Літоўскага, першай сталіцай якога быў Навагрудак. Адным з персанажаў рамана "След ваўкалака" з’яўляецца праўнук Рагнеды, полацкі князь Усяслаў Чарадзей, у часы валадарання якога Полацкае княства дасягнула найвышэйшага росквіту і ўздыму.
   Лёсу славутай палачанкі, унучкі Усяслава Чарадзея Ефрасінні Полацкай, прысвечаны раман Таісы Бондар "Спакуса". Ефрасіння ўсім сваім жыццём і падзвіжніцкай дзейнасцю заслужыла добрую памяць і ўшанаванне. Менавіта па яе заказе дойлід Іван пабудаваў сусветна вядомую царкву Спаса ў Полацку, а залатар Лазар Богша зрабіў крыж – неацэнны помнік, шэдэўр старажытнабеларускага мастацтва. Ефрасіння Полацкая пашырала пісьмовае слова, уздымала свой голас супраць княжацкіх усобіц і братазабойчых войнаў. Яна стала адной з першых кананізаваных жанчын з усходнеславянскіх земляў, нябеснаю заступніцай Полацка і ўсёй беларускай зямлі.
   Грунвальдскай бітве 1410 г. прысвечаны твор К. Тарасава "Пагоня на Грунвальд". Між іншым, аб гэтым была і першая аповесць К. Тарасава "Дзень рассеяння". Празаічнаму зборніку У. Арлова "Дзень, калі ўпала страла" і аповесці "Час чумы" ўласцівы тонкі псіхалагізм, праўдзівасць адлюстравання далёкіх падзей. Трылер М. Клімковіча "Каханка д’ябла, або Карона Вітаўта Вялікага" – спроба пэўнай белетрызацыі гістарычнай літаратуры.
   Гістарычны жанр у беларускай літаратуры перажывае час свайго сцвярджэння ў рэчышчы нацыянальнай і сусветнай культуры.
   І чым глыбей мы будзем асэнсоўваць сваё гістарычнае мінулае, карпатліва даследуючы яго невядомыя старонкі, тым глыбей будзем усведамляць сябе як самабытную нацыю, якая ведае, адкуль і куды яна ідзе па скрыжаваннях гісторыі і якое яе месца на гэтай зямлі.
   Таму літаратура пра мінулае нашай Бацькаўшчыны, спалучаная з добрым веданнем гісторыі свайго народа, адыгрывае ў гэтым працэсе самаўсведамлення вялікую ролю.

 

Похожие статьи:

Ніл ГілевічНіл Гілевіч - Лірычны каментарый да нашага радаслоўя

Сучасная літаратура БеларусіТэма гістарычнага мінулага Беларусі ў сучаснай беларускай прозе

ПераказыСведкі мінулага

ПераказыАддаленасць

СачыненніПостаці далёкай мінуўшчыны