Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Паэзія Петруся Броўкі ваенных гадоў
Творы Петруся Броўкі часта называюць паэтычным летапісам народнага жыцця. Значнае месца ў гэтым летапісе займае тэма Вялікай Айчыннай вайны. Героі яго твораў – воіны-франтавікі, партызаны, іх сёстры, бацькі, каханыя, простыя людзі, якім не сорамна глядзець у вочы маці-Радзіме, бо ўсе яны "сэрцам і душою" былі з ёй у цяжкую гадзіну, мужна абаранялі яе.
У вершы "Рана" расказваецца пра цяжкі шлях воіна да роднай зямлі. Аб вялікіх выпрабаваннях, якія выпалі на яго долю, сведчаць восем ран на целе. Зажылі раны салдата, але не можа загаіцца душэўны боль ад таго, што Беларусь яшчэ стогне пад ботам акупантаў. Суняць гэты боль можа толькі поўнае вызваленне роднага краю:
Знаю, сціхнуў бы боль,
Каб напіўся жывіцы
З той крыніцы,
Што смагу таліла не раз,
Каб чабору таго,
Каб тае медуніцы,
Каб паветра з бароў,
Што пад Мінскам у нас.
Салдат-беларус (верш "Спатканне") дайшоў з баямі да родных мясцін. За плячыма – гора, смерць сяброў, цяжкія ваенныя дарогі. Ён з радасцю і хваляваннем любуецца полем, небам. Але пры відовішчы "засмучаных хат", "здратаваных ніў" у воіна сціскаецца сэрца ад болю за зганьбаваную сваю зямлю. Агнём помсты палае сэрца салдата:
Гляньце ў сэрца маё, –
Я прынёс яго з бою.
На агні яго можна
Мячы гартаваць.
І мы верым, што не супакоіцца воін да таго часу, пакуль не дачакаецца канчатковай перамогі над ворагам, бо гэта яго вялікі абавязак перад народам і Айчынай.
У беларускай літаратуры многа твораў напісана на партызанскую тэматыку, і сярод іх верш П. Броўкі "Кастусь Каліноўскі". Героем яго з’яўляецца калгасны трактарыст Каліна. Калі пачалася вайна, юнак з блакітнымі вачыма і льнянымі валасамі становіцца камандзірам партызанскага атрада. "Сілай магутны, душою агністы", ён спапяляе ворагаў-пачвар, выклікаючы ў іх смяртэльны жах. Яго кулі даганяюць варожую варту за сотні кіламетраў і вызваляюць дзяўчат з фашысцкага палону. Мужнага і валявога камандзіра партызанскага атрада, нястомнага барацьбіта за свабоду Каліну народ назваў Кастусём Каліноўскім. Параўнанне звычайнага вясковага хлопца з кіраўніком паўстання 1863 г., правадыром нацыянальна-вызваленчага руху невыпадковае: у вобразах абодвух увасоблены мужнасць і свабодалюбства беларускага народа. Каліна з’яўляецца абаронцам як беларускіх маці (яны "праз доўгія сумныя вёсны ткуць пояс квяцісты герою на кроснах"), дзяўчат (яны "збіраюць яму васількі на кашулю"), так і беларускай прыроды, Радзімы наогул.
У гады Вялікай Айчыннай вайны П. Броўкам была напісана паэма "Беларусь" – паэтычны маналог аб Радзіме, усхваляваны зварот да яе. Пачынаецца паэма з апісання прыгажосці беларускай зямлі, яе бароў і дуброў, азёр і рэк, жытнёвых палёў і стужак дарог. Перад намі паўстаюць падзеі і людзі далёкага мінулага (бітвы пад Грунвальдам і на Чудскім возеры, вайна з Напалеонам, подзвігі Вашчылы, Хвясько і Каліноўскага, асветніцкая дзейнасць Ф. Скарыны). Шмат пакут, войнаў, чужынскіх навалаў зведала беларуская зямля, але яе шляхамі "вярнулася ворагаў мала дамоў", бо на працягу ўсёй гісторыі не стаў на калені,не скарыўся народ Беларусі. Паэт упэўнены, што як некалі былі пераможаны псы-рыцары і французскія ваякі, так і ў гады Вялікай Айчыннай вайны будуць пераможаны фашысцкія захопнікі.
Творы Петруся Броўкі перыяду Вялікай Айчыннай вайны вызначаюцца яркай палымянасцю, публіцыстычнасцю. Яны ўслаўляюць гераізм, рашучасць і самаахвярнасць воінаў-змагароў і партызан. У іх гучыць узнёсла-балючы голас чалавека, грамадзяніна, байца, голас нянавісці да ворагаў і ўпэўненасці ў перамозе і вызваленні Радзімы.
Похожие статьи:
Пятрусь Броўка → Пятрусь Броўка - Кастусь Каліноўскі
Пятрусь Броўка → Пятрусь Броўка - Кропля
Пятрусь Броўка → Матывы і вобразы лірыкі Петруся Броўкі
Пятрусь Броўка → Пятрусь Броўка - Зямля Беларусі (Урывак з паэмы "Беларусь")