Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Нам засталася спадчына...
Ад прадзедаў спакон вякоў
Мне засталася спадчына;
Паміж сваіх і чужакоў
Яна мне ласкай матчынай.
Я. Купала
Спадчына! Якое простае слова і які няпросты яго сэнс! Спадчына – гэта наша мінулае, наша памяць. Сапраўды, цяжка ўявіць сабе чалавека без гісторыі, без кроўных сувязей з роднай зямлёй, без адчування сваіх вытокаў, без памяці, без роду і племені. Давайце ж пройдземся сцежкамі памяці беларускага народа, прыгадаем яго спадчыну.
Гісторыя нашай зямлі багатая на падзеі і імёны. Панараму духоўнага жыцця ў XІІ ст. нельга ўявіць без князёўны, ігуменні Ефрасінні Полацкай, якая ў юнацкія гады пастрыглася ў манашкі і стала выдатнай асветніцай, а пасля была прылічана да святых і прызнана нябеснаю апякункай Беларусі. На залатую пару, зорны час старажытнай беларускай культуры прыпадае дзейнасць выдатных дзеячаў нашай мінуўшчыны Францішка Скарыны (друкара і перакладчыка на беларускую мову 23 кніг Бібліі), Міколы Гусоўскага (аўтара "Песні пра зубра"), Льва Сапегі (стваральніка Статута 1588 года). Жывуць у свядомасці беларусаў, не паміраюць праз многія стагоддзі такія постаці, як Усяслаў Чарадзей, Кірыла Тураўскі, Сымон Будны, Васіль Цяпінскі, Лявонцій Карповіч, Мялецій Сматрыцкі, Лаўрэнцій Зізаній, Сімяон Полацкі, Кастусь Каліноўскі.
Самыя запаветныя думы і мары беларускага народа выказалі ў сваіх творах Ф. Багушэвіч, Цётка, Я. Купала, Я. Колас, М. Багдановіч. Крыштальна-агністыя пацеркі іх вершаў можна нанізаць на нітку памяці, найярчэй на ёй будуць ззяць радкі-заклікі да беларусаў "людзьмі звацца".
Спадчына – гэта народныя звычаі і культура, якія складваліся вякамі ў беларускім народзе і якія засталіся нам. Спадчына – гэта наша родная мова, у якой увасоблена духоўнае жыццё народа – яго гісторыя, яго слава і веліч, яго мінулае і сучаснае. Калі памірае мова народа, паміраюць яго песні, казкі і паданні, памірае яго літаратура і культура. Памірае яго душа. "Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі", – папярэджваў больш за сто гадоў назад Ф. Багушэвіч. Шкада толькі, што шлях гэтых слоў да сэрцаў беларусаў быў занадта доўгім.
Ад былых пакаленняў нам засталася дзіўная і непаўторная прырода. Ёсць на Беларусі бязмежныя палі і лясы, прыгожыя рэкі і азёры... І мы павінны пакінуць у спадчыну нашым нашчадкам не водгулле чарнобыльскай трагедыі, не збяднелую зямлю, а шчодрыя і ўрадлівыя палі, крыштальна чыстыя рэкі і азёры. Бацькоўская зямля павінна быць заўсёды такой, як у вершы Я. Купалы:
Аб ёй мне баюць казкі-сны
Вясеннія праталіны,
І лесу шэлест верасны,
І ў полі дуб апалены.
Аб ёй мне будзіць успамін
На ліпе бусел клёкатам
І той стары амшалы тын,
Што лёг ля вёсак покатам.
Нам засталася спадчына багатая і разнастайная, цікавая і загадкавая. Той, хто хоча зразумець дух свайго народа, павінен ведаць яго вытокі. Спадчына можа навучыць нас цаніць вечнае, духоўнае. І нам неабходна вярнуць і адрадзіць страчанае, рассеяць цемру людскога непаразумення, змагацца ў імя будучага. Хіба не да гэтага заклікаў нас У. Караткевіч?
Унукі Скарыны,
Дзе ваш гонар, моц і краса?
Ёсць і ў вас, як у іншых, святыня.
Не давайце святыні псам!
Не давайце з яе глуміцца,
Бо праспіць яна ясну зару,
Бо святы ізумруд заімгліцца
У пярсцёнку тваім, Беларусь.
"Са старажытных цудоўных камянёў складаюцца прыступкі будучыні", – гаварыў мастак і філосаф М. Рэрых. Без мінулага немагчыма ні сучаснае, ні будучае. Мінулае – гэта пачатак.
Сучаснае і будучыня – працяг. Мінулае – гэта карані, сучаснае – само дрэва, а будучае – плод. І як дрэва і плод немагчымы без каранёў, так сучаснае і будучае немагчымы без мінулага, без памяці, без спадчыны.