Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Надзённасць праблем, узнятых у камедыі А. Макаёнка "Выбачайце, калі ласка!"

   Выкрыццю шматлікіх заган чалавечай душы прысвяціў сваю творчасць Андрэй Макаёнак. Адной з самых удалых спроб у гэтым кірунку заслужана лічыцца сатырычная камедыя "Выбачайце, калі ласка!" У ёй асуджаюцца кар’ерызм, прыстасавальніцтва, дэмагогія, выкрываюцца заганныя метады кіраўніцтва народнай гаспадаркай, паказуха і фармалізм. Галоўны герой – старшыня райвыканкама Калібераў Сцяпан Васільевіч, які ў мінулым займаў адказную пасаду ў сталіцы рэспублікі. Па нейкіх прычынах яго "панізілі" і паслалі ў раён. На новым месцы Сцяпан Васільевіч імкнецца любой цаной паправіць сваю кіраўніцкую рэпутацыю, каб зноў вярнуцца ў сталічны кабінет.
   Старшыня пачынае бурную дзейнасць, якая, на жаль, пераўтвараецца ў "засядацельскую мітусню" з бясконцымі пагрозамі і запалохваннем падначаленых. Імкнучыся выканаць план хлебанарыхтовак раней за іншыя раёны, Калібераў свядома дае згоду на махінацыі, прапанаваныя Моцкіным. Дамовіўшыся з дырэктарам спіртзавода, раённае кіраўніцтва атрымала фіктыўныя квітанцыі аб здадзеным збожжы.
   Калібераў у п’есе паказаны пустым і нікчэмным чалавекам, балбатуном, прайдзісветам, прыстасаванцам, які дзеля ўласнай кар’еры гатовы пайсці на ўсё. Ён не мае ні сур’ёзнай адукацыі, ні спецыяльнасці, ні арганізатарскіх талентаў. Але затое мае талент хітрага і скрытага палітыка. Добра ведаючы пра сэнс з пустымі квітанцыямі, ён робіць выгляд, што не бачыць падману. Крок гэты зразумелы ўсім: у выпадку правалу не папасці пад падазрэнне, застацца ўбаку, не несці за ўдзел у злачынстве ніякай адказнасці. Прытворства Каліберава, яго паказушніцтва і крывадушнасць асабліва праяўляюцца ў сцэнах з выдуманай хваробай (камянях у печані). Гэтай хваробай Калібераў хацеў паказаць, што ён – чалавек прынцыповы, гарыць у працы, заклапочаны справай і інтарэсамі народа. Праўда, гэта прытворства з хваробай бачыць нават прыяцель па махінацыях Моцкін, які з’едліва заўважае: " У яго ж камень ў пячонках! Булыжнік!.. Кіньце дурня строіць!".
   Дапамагаюць Калібераву ў афёры з пустымі квітанцыямі раённы ўпаўнаважаны па нарыхтоўках Моцкін, дырэктар спіртзавода Печкуроў. Гэта людзі са спецыфічнымі поглядамі на жыццё, сваёй філасофіяй. Яны не мараць пераехаць у сталіцу, а шукаюць выгоду на месцы, хочуць жыць ціха, спакойна, матэрыяльна забяспечана. Моцкіну, напрыклад, важна заняць галоўную пасаду на базе "Заготзбожжа", Печкурову хочацца як мага хутчэй дабудаваць (за дзяржаўны кошт) шыкоўны ўласны дом. Каб паказаць сябе перадавікамі, выдатнымі арганізатарамі, яны здольны на жульніцтва, спекуляцыю, падхалімства. У небяспечных жа для іх жыццёвых сітуацыях яны гатовы перакласці ўсе беды і грахі на чужыя галовы, нават на тых, каму нядаўна ўслужвалі і перад кім прыніжаліся.
   Супярэчлівым, у нечым падобным да Тулягі з камедыі К. Крапівы "Хто смяецца апошнім" з’яўляецца вобраз старшыні калгаса Ягора Гарошкі. З аднаго боку, ён павінен дагаджаць Калібераву, яго жонцы (уладарнай мяшчанцы) і іншым раённым начальнікам, якія для выканання агульнараённага плана вымушаюць яго ісці на розныя ашуканствы. З другога боку, на яго ціснуць калгаснікі, патрабуюць мінімальнай аплаты за працадзень. І таму Гарошка, запалоханы і зацюканы раённым начальствам, вымушаны круціцца, лавіраваць, прытварацца, дагаджаць, нават хавацца ад разгневанага начальства на гарышчы ўласнай хаты. Але ў адрозненне ад дэмагогаў і дзялкоў Каліберава і Моцкіна, ён яшчэ не страціў свайго сумлення. Яму хочацца рабіць дабро людзям, плаціць больш калгаснікам, быць гаспадарлівым кіраўніком. Аднак з-за сваёй празмернай падатлівасці і палахлівасці ён дае згоду на ашуканства, хаця і не дапускае ніякай думкі, каб выкруціцца ад хлебаздачы. У канцы п’есы герой твора скідае з сябе палахлівасць, нерашучасць і выступае (разам з калгасніцай Ганнай Чыхнюк, брыгадзірам Міхальчуком, пракурорам Курбатавым, журналістам Гардзіюком) адным з выкрывальнікаў злачынных махінацый Каліберава.
   П’еса А. Макаёнка, на першы погляд, прысвечана выкрыццю некаторых недарэчнасцей у калгасных хлебапастаўках, заганных метадаў кіраўніцтва гаспадаркай. На самай жа справе драматургу ўдалося ў вострай сатырычнай форме высмеяць паказуху і падман у жыццядзейнасці афіцыйнага кіраўніцтва раёна, паказаць, якую эканамічную і палітычную шкоду прыносіць краіне грубае самавольства яе кіраўнікоў і, урэшце, выкрыць карэнныя недахопы ў сацыялістычным грамадстве тых часоў.

 

Похожие статьи:

Андрэй МакаёнакКамедыя Андрэя Макаёнка "Выбачайце, калі ласка!". Характарыстыка вобразаў і праблем, узнятых у творы

Андрэй МакаёнакАндрэй Макаёнак - Пагарэльцы. Аналіз твора

Андрэй МакаёнакАндрэй Макаёнак. Зацюканы апостал. Аналіз твора

Андрэй МакаёнакАндрэй Макаёнак - Трыбунал

БиографииАндрэй Макаёнак