Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Андрэй Макаёнак. Зацюканы апостал. Аналіз твора

   Жанр п'есы "Зацюканы апостал"трагікамедыя. Такі жанр найлепш адпавядае мастацка-ідэйнаму зместу твора.
Аўтар вырашае маральныя праблемы, выкрывае мараль, заснаваную на фальшы, ілжы, пакланенні ўяўным каштоўнасцям. Андрэй Макаёнак імкнецца асэнсаваць вынікі маральнага асяроддзя, аб'ектыўную дэтэрмінаванасць нараджэння ў ім "фашысцкай ідэалогіі, культу сілы". Аўтар выразна ўяўляе небяспечнасць філасофіі грамадства, у аснову якой пакладзены цынічны тэзіс "Грошы — сіла!"
   Востра стаіць у творы і праблема выбару, што непазбежна паўстае перад тымі героямі, якія імкнуцца захаваць сябе як асобу ў цынічным і жорсткім свеце капіталу.
   П'еса мае асноўны і ўнутраны канфлікт. Своеасаблівасць яго ў тым, што асноўны канфлікт п'есы існуе толькі ў аўтарскай ідэі, у творчай фантазіі чытача — гэта канфлікт асобы і грамадства, здольнасць асобы бараніць свае духоўныя, прынцыпы ў маральна дэградуючым грамадстве. На сцэне ж гледачы назіраюць за знешнімі канфліктамі, у якія ўступаюць паміж сабой персанажы трагікамедыі. Тата і Мама канфліктуюць па прычыне розных поглядаў на выхаванне дзяцей. Сын канфліктуе з бацькамі, таму што бачыць у іх паводзінах хлусню і падман. Такая будова твора дае магчымасць аўтару дэталёва адлюстраваць норавы, якія пануюць у грамадстве, "высвеціць" драматызм унутранага канфлікту п'есы.
   Малыш (Сын) з'яўляецца цэнтральнай фігурай твора. Нават назва "Зацюканы апостал" звязана з ім. Вызначэнне жанру трагікамедыі таксама абумоўлена сцэнічным лёсам Сына. Усе падзеі зноў жа звязаны з вобразам Малыша.
   У большай ступені Малыш — умоўны, складаны і супярэчлівы вобраз. Малыш хоча перайначыць свет, у адпаведнасці з амаральнымі прынцыпамі якога жывуць яго "продкі". Таму ён імкнецца да ўлады. У выніку асабістых назіранняў і роздумаў малады палітык прыходзіць да высновы, што для дасягнення мэты свайго жыцця трэба навучыцца майстэрству хлусіць, шантажыраваць, ашукваць, прыкідвацца праўдзівым. Малыш імкнецца праверыць свае тэарэтычныя веды ў палітыцы на практыцы. Лабараторыяй яго палітычных эксперыментаў становіцца сям'я.
   У фінале п'есы драматург вяртае свайго героя ў свет рэальнага жыцця. Сын перастае іграць ролю цэзара і зноў становіцца звычайным падлеткам і папракае бацькоў у крывадушнасці. Супраць праўды Малыша ўсталі дарослыя. Для самога вундэркінда канфлікт з роднымі, а значыць, і канфлікт з грамадствам абярнуўся трагедыяй. А гэта значыць, што вобраз Малыша хутчэй за ўсё — ахвяра грамадскай маралі. Аб гэтым сведчаць словы Дачкі ў фінале твора, якая, як і Малыш, асуджае маральныя асновы тагачаснага грамадства, не згодна паўтарыць лёс свайго брата: "Я на касцёр! На эшафот! На крыж пайду, каб не стаць такой, як ён!"
   Кожны з герояў выступае ў п'есе выразнікам пэўных маральных прынцыпаў, пэўнага сацыяльнага тыпу паводзін. Але галоўным аб'ектам сатыры ў "Зацюканым апостале" становіцца абагульнены вобраз мешчаніна-прыстасавальніка, які выяўляецца ў асобах Таты, Мамы і Дзеда.
Тата ўяўляе сабой даволі распаўсюджаны тып "накормленага" чыноўніка-прыстасаванца, які імкнецца быць паспяховым чыноўнікам і добрапрыстойным гаспадаром сям'і. Ён змірыўся з існуючым ладам жыцця, з яго звярынымі законамі. Сатырычным гэты вобраз робяць крывадушнасць, эгаізм і распуста Таты. Але Тата — гэта яшчэ і драматычны вобраз, ён ахвяра сацыяльных абставін жыцця, бо ён прыняў законы грамадства, у якім жыве, і лічыць іх непахіснымі.
   Мама сваімі паводзінамі стварае ў доме атмасферу пастаяннага напружання. Яна няшчыры чалавек, бо хоча, "каб усе жылі паводле правілаў хрысціянскай маралі, а сабе дазваляе іншы раз і так... як-небудзь". Да ўсіх сямейнікаў у Мамы даволі высокія патрабаванні і нават сур'ёзныя прэтэнзіі. Сына яна называе "хуліганам", "паганенькім прахіндзейчыкам", мужа — "цынікам" і "пашляком".
   Тыповым прадстаўніком старой фармацыі, зацятым кансерватарам выступае ў камедыі Дзед, які мае пэўныя жыццёвыя перакананні. Пад простанароднай маскай добразычлівасці хаваецца драпежная натура.
   Камедыя па сваёй сатырычнай накіраванасці вытрымана ў ідэалагічнай танальнасці часу.
   П'еса "Зацюканы апостал" прысвечана замежнаму жыццю, але паказвае заганы чалавечага характару любой краіны. У творы аўтар узнімае надзённыя праблемы агульначалавечага характару. У ім арганічна спалучаюцца палітычныя, філасофскія і маральныя праблемы сучаснасці. Дзеці, не маючы агульных поглядаў з бацькамі, пратэстуюць супраць буржуазна-мяшчанскіх ідэалаў і звычак, бяздушнасці і жорсткасці. Пратэст гэты стыхійны і таму мае трагічны канец для дзяцей.
   Пісьменніка хвалявала страта "цывілізаванымі" дзяржавамі маральных ідэалаў, створаных чалавецтвам на працягу стагоддзяў, і пакланенне каштоўнасцям уяўным: грашам, фізічнай сіле, уладзе. Як сапраўдны гуманіст эпохі, Андрэй Макаёнак верыць у здольнасць чалавечага розуму і сілу чалавечага духу адстаяць сапраўдныя каштоўнасці, тое лепшае, што назапашана на Зямлі цывілізаваным грамадствам.

Похожие статьи:

Андрэй МакаёнакАндрэй Макаёнак - Пагарэльцы. Аналіз твора

Андрэй МакаёнакАндрэй Макаёнак - Трыбунал

БиографииАндрэй Макаёнак

Андрэй МакаёнакАндрэй Макаёнак - Лявоніха на арбіце

Андрэй МакаёнакКамедыя Андрэя Макаёнка "Выбачайце, калі ласка!". Характарыстыка вобразаў і праблем, узнятых у творы