Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Матывы і вобразы паэзіі Уладзіміра Жылкі
...Дух творчы Беларусі
Жыве й змагае ў вяках.
У. Жылка
Паэт рамантычнага складу і трагічнага лёсу, Уладзімір Жылка ўвайшоў у літаратуру на самым пачатку 20-х гадоў. Яго хвалявала становішча і далейшы лёс Айчыны ў цяжкія для яе гады. У сімвалічных вобразах У. Жылка паэтызаваў служэнне Бацькаўшчыне, змаганне за яе лепшую будучыню. У вершы "Віхор" аўтар паказвае абуджэнне беларускага народа і яго імклівы непераможны рух да свайго гістарычнага самасцвярджэння:
Грыміць, гудзе ўсё недарэчнае,
Штораз віхор гучней, прудчэй.
Услухайся, паймі адвечнае –
І гімны вырвуцца з грудзей.
Пара, пара дазнацца, зверыцца
Сваіх магутных сонных сіл!
Адважны, хто спыніць намерыцца
Размах жыцця і творчы пыл...
Праўда, не зусім акрэсленымі ўяўляюцца паэту шляхі, якія прывядуць да незалежнасці: "Дзе йдзем? І дзе капцы канцовыя? Дзе ходу нашаму мяжа?.."
Блізкімі да гэтага верша па пафасе і тэматыцы з’яўляюцца вершы "Мы любім даўнія паданні..." і "Ізноў пытанні...". У іх таксама няма адказу на пытанне аб шляхах выхаду з няволі. У радках верша "Ізноў пытанні..." чуецца знітаванасць лірычнага героя з нявольным краем, патрыятычная адданасць яму.
У творах У. Жылкі назіраецца арыентацыя на класічныя формы еўрапейскай паэзіі, на традыцыі філасофскай лірыкі М. Багдановіча. Так, верш "Палімпсест", які пераклікаецца з багдановічаўскімі "Перапісчыкамі", "Летапісцам", "Кнігай", можна назваць сімвалам нацыянальнага адраджэння. Як палімпсесту ( старажытнаму сцёртаму рукапісу, сэнс якога "пайме не кожны") патрэбна ачышчэнне ад пылу і наліплага бруду, так і краіне з яе "багаццем і хараством прыроды" неабходна ачышчэнне ад "вяковага бруду паганага", адраджэнне сваёй гісторыі ("прошласці слаўнай"), сваіх каранёў і вытокаў.
У творчасці У. Жылкі, не ацэненай пры жыцці належным чынам, нямала разважанняў аб лёсе чалавека, які павінен быць свабодалюбівым, непакорным, з бунтарскім духам, з усведамленнем сваёй чалавечай годнасці. Толькі тады магчыма перамога. "Лепш быць пакутнікам, жабраком, чым рабом", – сцвярджае паэт у вершы "Ляпей жабрачы лёс":
Ляпей жабрачы лёс,
У рукі кій, за плечы торба;
Ляпей страха нябёс,
Бясконцы шлях і ліры корба;
Ляпей чужыны золь,
Сцякаць ад чорнай працы потам;
Ляпей, не змогшы боль,
Сканаць самотнаму пад плотам –
Але не лёс раба...
Такая ж думка выказваецца і ў вершы "Праметэй". Вобраз Праметэя надзелены рысамі гордага змагара. Ён, нягледзячы на свае пакуты і прыніжэнні, што церпіць ад Зеўса, не можа скарыцца: "З гордых вуснаў не вылеціць стогн! Пакарацца, хіліцца не мне!" Гэты верш, на думку І. Багдановіч, " можа ўспрымацца як сімвал зняволенага і раскрыжаванага роднага Краю, які зазнаў на сабе "магутны, няправедны" прымус".
Пра былую веліч і славу краіны, калі яе сталіцай была Вільня, вядзецца размова ў "Вершах аб Вільні". Твор прасякнуты настальгіяй па мінуўшчыне, калі Вільня была канкрэтным сведчаннем волі, росквіту і духоўнасці, кансалідуючым сімвалам вызваленчых ідэй беларускага народа. Лірычны герой вершаў называе горад крывіцкай Меккай, местам родным, любым. І таму зразумелым становіцца жаданне паэта пасля смерці быць пахаваным толькі ў Вільні. Уяўленнем свайго сімвалічнага пахавання "на могілках зацішных Росы" заканчваецца апошні твор У. Жылкі – паэма "Тэстамент".
Творы тыпу жылкаўскага "Тэстаменту" вядомы ў беларускай літаратуры з даўніх часоў (гл. "Дыярыуш" Афанасія Філіповіча, "Пісьмо з-пад шыбеніцы" К. Каліноўскага). Па складзе паэма лічыцца аўтабіяграфічнай, філасофска-медытатыўнай. У цэнтры яе лірычны герой, у спавядальным маналогу якога – роздум над сваім лёсам, над прызначэннем творцы наогул. Аўтар як бы апраўдвае паэта (песняра і змагара) за міжвольныя грахі, якія ён мог дапусціць на цяжкім жыццёвым шляху. Грахі гэтыя зямныя, чалавечыя, і людзі змогуць знайсці ім вялікадушнае апраўданне, бо паэт заўсёды імкнуўся захаваць у сабе вышыню чалавечага духу. Асэнсоўваючы жыццёвы і творчы шлях, паэт сцвярджае агульначалавечыя прынцыпы жыцця:
На зломе дзвюх эпох злавесным,
У неспрыяльным ветры злым
Сваё жыццё прайшоў я чэсна:
Пясняр, змагар, бядняк праз век, –
Быў перш за ўсё я чалавек.
Складаючы апафеоз зямлі, радзіме, працоўнаму чалавеку, паэт хоча пакінуць нашчадкам прыгожую, квітнеючую, плодную дабром і хараством зямлю:
Спявай, зямля, упіся сонцам,
Абмыйся чэрвеньскім дажджом,
Расці, цвіці, красуй бясконца,
Пладоў, зярнят насып каўшом.
Уцехай будзь маёй старонцы.
Дары красой, дары дабром!
Вітай, Цябе у сіле поўнай
Я аддаю сям’і працоўнай.
Похожие статьи:
Уладзімір Жылка → Уладзімір Жылка - Меч
Уладзімір Жылка → Уладзімір Жылка - Хараство