Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Колькі талентаў звялося...

Колькі талентаў звялося,
Колькі іх і дзе ляжыць
Невядомых, непрызнаных,
Неаплаканых нікім,
Толькі ў полі адспяваных
Ветру посвістам пустым!

Я. Колас


   Шматпакутная Беларусь... Скрыжаванні дарог з усходу на захад... Скрыжаванні войнаў і рэвалюцый, дабрыні і зла, нацыянальна-вызваленчага руху і жорсткага яго падаўлення. Калісьці Я.Колас пісаў:

Тут схадзіліся плямёны
Спрэчкі сілаю канчаць,
Каб багата адароны
Мілы край наш зваяваць.
А нас цяжка ў сэрцы раніць,
Пад прыгон узяць навек,
Нашы скарбы апаганіць,
Душу вынесці на здзек.
Каб у віры той ашукі
Знішчыць нашы ўсе сляды,
Каб не ведалі і ўнукі,
Хто такія іх дзяды.

   Лагерны пыл сталінскага ГУЛАГа і радыеактыўны чарнобыльскі попел змяшаліся разам на гістарычным шляху Беларусі. І ў бездарожжы і віхуры, у акрыленасці надзей і гвалтоўным іх знішчэнні імкнуліся лепшыя сыны Беларусі да ўсталявання яе незалежнасці, да спрадвечнай мары "людзьмі звацца". Яны любілі Айчыну самааддана, пяшчотна, як маці, як родную песню, як жыццё. Выразней адчуваючы рытм і пульс чалавечага жыцця, яны гатовы былі ахвяраваць сабой дзеля свабоднай і шчаслівай Бацькаўшчыны.
   Углядваешся, нават не вельмі пільна, у гісторыю беларускай літаратуры 20-30-х гг., і болем сціскаецца сэрца. Сотні загубленых лёсаў! Выдатныя пісьменнікі і паэты раптам станавіліся "ворагамі народа", "цемрашаламі", "буржуазнымі нацыяналістамі", "нацдэмамі", "контррэвалюцыянерамі" і падвяргаюцца арыштам, здзекам, катаванням. Па фальсіфікаванай "справе" антысавецкай нацдэмаўскай арганізацыі "Саюз вызвалення Беларусі" было асуджана каля 200 выдатных дзеячаў нацыянальна-вызваленчага руху. Расстраляных у Курапатах, асуджаных і вывезеных на Калыму цяжка пералічыць. "Колькі ж вас загінула, скажыце? Дзе вас пахавалі і калі?" – усклікае былы вязень сталінскага ГУЛАГа Сяргей Грахоўскі. Пад гэтымі радкамі маглі падпісацца сотні такіх жа. Гордая і непакорная Ларыса Геніюш, якая прайшла ўсе кругі пекла ГУЛАГа, успамінае:

Крывёй напоўнілі поймы рэк,
Бурліць адчаем слёз людскіх разводдзе.
Гляджу на свет. Я – лагернік, я – зэк,
Засуджаны на мукаў чвэрць стагоддзя.
Мяне драты, сабакі сцерагуць.
Дзікіх надзораў зграя нада мною,
І лоб штодня мой на прыцэл бяруць
Навучаныя забіваць канвоі.

   У цяжкія часы сталінскага генацыду былі расстраляны акадэмікі Вацлаў Ластоўскі і Браніслаў Тарашкевіч, пісьменнікі Міхась Чарот, Уладзімір Галубок, Платон Галавач, Алесь Салагуб, Алесь Дудар, Тодар Кляшторны, Анатоль Вольны, Юлій Таўбін. У 1931 г. быў сасланы ў Кіраў, а ў 1938 г. расстраляны Максім Гарэцкі. Яго раманы "Віленскія камунары" і "Камароўская хроніка" выйшлі з друку толькі пасля рэабілітацыі пісьменніка ў 1963 г. За праўдзівае адлюстраванне калектывізацыі ў рамане "Вязьмо" яго аўтар Міхась Зарэцкі быў арыштаваны і ў 1941 г. расстраляны. Амаль па тры дзесяцігоддзі правялі ў ссылках вялікія пакутнікі Уладзімір Дубоўка і Язэп Пушча. За кратамі і ў высылцы апынуліся Кузьма Чорны, Максім Лужанін, Сяргей Грахоўскі, Уладзімір Жылка, Мікола Хведаровіч, Юрка Гаўрук, Змітро Віталін.
   Не ўсё вядома пра апошнія гады жыцця Валерыя Маракава, Сяргея Ракіты, Уладзіміра Хадыкі, Васіля Шашалевіча, Янкі Туміловіча, Міхася Багуна, якія загінулі ў высылцы. Васіль Шашалевіч (брат Андрэя Мрыя) быў высланы ў працоўна-папраўчы лагер на Калыму. За гумарыстычную п’еску з лагернага жыцця яму прыйшлося жорстка расплаціцца. Хтосьці "падпілаваў бярозу і спусціў проста на Шашалевіча. Яна прыціснула яго да тлеючага кастра. Возчыкі пачулі гул зваленага дрэва і раздзіраючы душу крык. Падбеглі да да вогнішча. У ім гарэў прыціснуты бярозаю і патрушчаны ўчотчык... Калі, дзе і з кім яго пахавалі, ніхто не ведае і не дазнаецца ніколі. Там цяпер шуміць паўвекавы лес" (С. Грахоўскі. "Два лёсы – дзве трагедыі").
   Літаратараў знішчалі не толькі фізічна. Іх творы знікалі з часопісаў, кніг, бібліятэчных фондаў. Знішчаліся рукапісы, картатэкі, дзённікі. Але пакаранне забыццём не можа быць вечным. Сёння ў літаратуру вяртаюцца забытыя імёны. У наслаеннях хлусні, замоўчвання і адмаўлення адшукваецца ядро праўды, бо, па словах У. Дубоўкі,

Жыццё закон нязломны мае:
Ніколі паўда не ўмірае.
Адно хоць зернетка малое
Ды застанецца пра былое.

   Скалечаныя таталітарнай сістэмай лёсы пісьменнікаў і іх творчасць сёння становяцца прадметам спецыяльнага даследавання. І ўжо духоўным набыткам шырокага кола чытачоў сталі дакументальныя аповесці і апавяданні Сяргея Грахоўскага ("Зона маўчання", "З воўчым білетам"), Паўла Пруднікава ("Яжовыя рукавіцы", "Пекла"), Францішка Аляхновіча ("У кіпцюрох ГПУ"), Барыса Мікуліча ("Аповесць для сябе"), Яна Скрыгана ("Рубец", "Скураное паліто", "Узнагарода"), Васіля Хомчанкі ("Цар-зэк Сямён Івашкін"). З іх паўстаюць падрабязнасці тых страшных падзей, высвечваюцца абліччы катаў і шматлікіх іх ахвяр. Крык збалелай душы чуецца ў творах былых вязняў і сёння, калі ўжо зарубцаваліся раны і ў дачыненні да іх вярнулася справядлівасць. "Як бы ні рвануўся я сэрцам з былога, з тае праклятай Інты, памяць цяжкой, неадступнай аблогай раняць ГУЛАГаў драты", – скажа Васіль Супрун.
   Праўда пра трагічны лёс сумленных і светлых ахвяр дзікай, крывавай несправядлівасці павінна ўваскрэснуць. Яна дапаможа нашым сучаснікам у іх барацьбе за адраджэнне Бацькаўшчыны. Сённяшнім болем і памяццю пра той час аплачвае наша пакаленне ўчарашнія грахі. І гэта новае пакаленне свабодных і высакародных людзей, дай Божа, будзе варта свабоднай Айчыны.

Магутны Божа! Ўладар сусветаў,
вялізных сонцаў і сэрц малых.
Над Беларуссю, ціхой і ветлай,
рассып праменне Свае хвалы...
Дай урадлівасць жытнёвым нівам,
учынкам нашым пашлі ўмалот.
Зрабі свабоднай, зрабі шчаслівай
краіну нашу і наш народ!
(Н. Арсеннева. "Малітва")