Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Драматургічная спадчына Андрэя Макаёнка

   Народны пісьменнік Беларусі Андрэй Макаёнак быў усебакова адораным чалавекам: ён добра маляваў, рэзаў па дрэве, меў акцёрскі талент, быў паэтам, празаікам, драматургам, перакладчыкам. З імем Андрэя Макаёнка звязваюць пачатак новага этапу ў развіцці беларускай сатырычнай камедыі. Першай такой камедыяй стала п’еса "Выбачайце, калі ласка!" У цэнтры яе – старшыня райвыканкама Калібераў, які з дапамогай падхалімаў Моцкіна і Печкурова спрабуе вывесці раён на першае месца па хлебанарыхтоўцы і тым самым вярнуць сабе страчаны аўтарытэт і цёплае месца ў Мінску. І толькі дзякуючы Ганне Чыхнюк удаецца выкрыць махляроў і прыпісчыкаў і вывесці іх на чыстую ваду. Аўтар камедыі вядзе бескампрамісную барацьбу з рознымі махінатарамі, хапугамі, бюракратамі, з заганнымі метадамі кіраўніцтва народнай гаспадаркай, з паказухай і фармалізмам.
   А. Макаёнак імкнуўся да жанравай разнастайнасці беларускай камедыі, пашырэння сродкаў яе сцэнічнай выразнасці. Ён выступіў у новым для беларускай драматургіі жанры – жанры трагікамедыі. Адна з першых такіх п’ес – "Зацюканы апостал" – прысвечана праблеме бацькоў і дзяцей. У ёй выкрываюцца вузкамяшчанскія ідэалы і звычкі, эгаістычны побыт, бяздушнасць і амаральныя адносіны паміж людзьмі ў сям’і і грамадстве. Напісаная на замежным матэрыяле, трагікамедыя паказвае калізіі і заганы чалавечага характару любой краіны, у тым ліку і нашай.
   Падзеі ў трагікамедыі "Трыбунал" адбываюцца ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Былы калгасны пастух, бацька вялікай сям’і становіцца старастам, фашысцкім паслугачом. Сямейны савет (дзеці, нявестка, жонка Паліна), які ператвараецца ў трыбунал, вырашае ўтапіць яго, калі той не адмовіцца ад пасады старасты. У канцы п’есы сітуацыя праясняецца: Цярэшка ніякі не здраднік, а выканаўца загаду партызанскага камандавання. Яго ж сын Валодзя, не ведаючы гэтага, падрывае нямецкую камендатуру і гіне, рэабілітуючы сябе і сваю сям’ю за ўчынак бацькі. Многія літаратуразнаўцы па-рознаму імкнуцца вызначыць жанр гэтай п’есы. Яе называюць трагікамедыяй, фарсам, п’есай-апафеозам, п’есай-гімнам чалавечай мужнасці. Несумненна, у творы ёсць прыкметныя элементы трагізму. Пры ўважлівым яе прачытанні, лічаць многія даследчыкі, можна адшукаць элементы гераічнай балады і сямейна-бытавой камедыі. Усё ў творы сінтэзавана, пераплецена. Найбольш жа трывала за п’есай замацавалася назва трагікамедыі.
   У пошуках новых жанравых і кампазіцыйных форм А. Макаёнак прыходзіць да камедыі-рэпартажу "Таблетку пад язык" (тут уздымаюцца праблемы перабудовы жыцця вёскі) і складанай у жанравых адносінах камедыі "Кашмар" (вядома і пад назвай "Святая прастата"). Дзеянне ў апошняй развіваецца ў двух планах – рэальным і ўмоўным (фантастычным). Рэальным з’яўляецца вобраз сумленнага і даверлівага Старога, якога непакояць не столькі растраты сына-прадаўца, колькі сам факт растраты. Умоўнымі з’яўляюцца падзеі ў сне, дзе Стары, на пасадзе прэзідэнта адной з капіталістычных дзяржаў, хоча пакончыць з вайной, устанавіць мір, дабро і справядлівасць, навесці парадкі ў адпаведнасці са сваёй жыццёвай мудрасцю і сваім разуменнем законаў свету. Асноўная ідэя п’есы – пратэст супраць гонкі ўзбраенняў і пагрозы тэрмаядзернай вайны.
   У п’есе "Пагарэльцы", прысвечанай выкрыццю прыстасавальніцтва, чыноўніцтва, жорсткасці і бесчалавечнасці бюракратычнай сістэмы, А. Макаёнак адмаўляецца ад традыцыйнай сюжэтна-кампазіцыйнай структуры твора, даючы толькі пралог і эпілог адной трагікамічнай гісторыі. Дзеянне адбываецца ў пакоі камунальнай кватэры былога інструктара, цяперашняга старшыні гарвыканкама, кар’ерыста і цыніка Ухватава. Само прозвішча героя асацыіруецца са словамі "хапаць", "ухапіць", "хватка". Праз дваццаць гадоў тут размясціўся кватэрны аддзел на чале з падхалімамі Бусько, Кудасавым і Сіланам, прызначанымі некалі самім Ухватавым. Змяніўся час, і былы гаспадар горада, персанальны пенсіянер, нікому не патрэбен, бо для былых яго хаўруснікаў "чалавек без улады – не чалавек". Ухватаў спрабуе адпомсціць Бусько – істоце, ім жа народжанай. Аднак сам сутыкаецца з жорсткасцю бюракратычнай сістэмы, раўнадушшам і абыякавасцю. Зняважаны і знясілены, ён памірае ад інфаркту каля дзвярэй Бусько, так і не знайшоўшы ратунку і справядлівасці. Такая жорсткая і зларадная помста былому шэфу можа быць вытлумачана словамі народнай мудрасці: што пасеяў, тое і пажаў гэты ўладалюбны чалавек. Канчатковы ж прысуд усім "ухватаўцам" выносіцца ў паведамленні пра хуткую ліквідацыю "канторы" на чале з Бусько.
   Апошні закончаны твор А. Макаёнка – трагікамедыя "Дыхайце эканомна!". У ёй аўтар апісаў сітуацыю пачатку вайны, якую ўсё ж такі ўдалося прадухіліць. "Лепшыя" прадстаўнікі грамадства і дзяржаўныя кіраўнікі ратуюцца ў падземным сховішчы, разлічаным на 25 гадоў аўтаномнага існавання. П’еса, скіраваная супраць тэрмаядзернай катастрофы, у вострай сатырычнай форме выкрывае рэальныя заганы чалавечага грамадства.

 

Похожие статьи:

Андрэй МакаёнакАндрэй Макаёнак - Пагарэльцы. Аналіз твора

БиографииАндрэй Макаёнак

Андрэй МакаёнакАндрэй Макаёнак - Трыбунал

Андрэй МакаёнакКамедыя Андрэя Макаёнка "Выбачайце, калі ласка!". Характарыстыка вобразаў і праблем, узнятых у творы

Андрэй МакаёнакАндрэй Макаёнак. Зацюканы апостал. Аналіз твора