Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Беларуска-літоўскае летапісанне
У старажытнасці, да ўзнікнення кнігадрукавання, нашы продкі ўсе найбольш значныя падзеі свайго часу занатоўвалі ў форме летапісаў. Летапісы ўяўлялі сабою пагадовыя запісы аб самых важных падзеях грамадскага, палітычнага, культурнага і эканамічнага жыцця краіны. Вельмі часта ў межах летапісаў змяшчаліся апавяданні, якія ў структурна-кампазіцыйным плане можна было б вылучыць у самастойныя творы. Гэта вынікае з таго, што летапісы мелі сінкрэтычны характар: яны ўтрымлівалі (з пазіцый сённяшняга літаратуразнаўства) апавяданні, аповесці, легенды, прытчы і міфы. Праца летапісца патрабавала вялікай вытрымкі і адукацыі: на перапісванне адной кнігі часам патрабавалася некалькі год. Вось як хораша піша пра гэта М. Багдановіч у вершы "Летапісец":
Душой стаміўшыся ў жыццёвых цяжкіх бурах,
Свой век канчае ён у манастырскіх мурах.
тут ціша, тут спакой, – ні шуму, ні клапот.
Ён пільна летапіс чацвёрты піша год
І спісвае усё ад слова і да слова
З даўнейшых граматак пра долю Магілёва.
У межах Беларуска-літоўскага летапісу 1446 г. выдзяляюцца самастойныя "Пахвала вялікаму князю Вітаўту" і "Аповесць пра Падолле". У апошнім творы абгрунтоўваецца ідэя аб’яднання ўсходніх славян у адну дзяржаву – Вялікае княства Літоўскае. Летапіс пачынаецца са звестак аб паходжанні вялікіх князёў. Згодна яму, на беларуска-літоўскіх землях князі з’явіліся пасля таго, як рымскі імператар Нерон выразаў у Рыме шмат патрыцыянскіх сем’яў. Такое тлумачэнне неабходна было для абгрунтавання высокага сацыяльнага паходжання князёў, а таксама для пацверджання таго тэзісу, што, у адрозненне ад маскоўскіх, літоўскія князі мелі рымскія карані.
Сярод беларускіх летапісаў у першую чаргу патрэбна вылучыць Беларуска-літоўскі летапіс 1446 гг., "Летапісец Вялікіх князёў Літоўскіх" і "Хроніку Быхаўца". "Беларуска-літоўскі летапіс 1430 – 1446 гг., які першапачаткова ўзнік у Смаленску, храналагічна ахоплівае час ад сярэдзіны ІХ да сярэдзіны ХV стагоддзя. Шмат увагі ў ім надаецца апісанню гераічнага змагання ўсходнеславянскіх плямёнаў з іншаземнымі заваёўнікамі, а таксама вобразу князя Вітаўта.
"Летапісец Вялікіх князёў Літоўскіх" апавядае аб жыцці, подзвігах і дзяржаўных справах вялікіх князёў ад Міндоўга да Вітаўта. Найбольш пранікнёнымі з’яўляюцца радкі, прысвечаныя князю Вітаўту, апісанню росквіту беларуска-літоўскай дзяржавы ў часы ягонага княжання.
Летапісец лічыць Вітаўта найвыдатнейшым і найслаўнейшым дзяржаўным дзеячам за ўсю гісторыю Вялікага княства Літоўскага:
І быў князь вялікі Вітаўт моцным гаспадаром,
І слава аб ім ішла па ўсіх землях,
І мноства князёў і цароў служылі пры ягоным двары.
У гэты ж летапіс уваходзіць і апавяданне аб падзеях, якія адбываліся ў Вялікім княстве напярэдадні і пасля заключэння Крэўскай уніі 1385 г.: прыгодніцкая гісторыя аб уцёках Вітаўта ў землі Тэўтонскага ордэна пасля гвалтоўнай смерці Кейстута, шлюб Ягайлы з польскай каралеўнай Ядвігай, аб змаганні Вітаўта супраць Ягайлы пасля таго, як той прызначыў сваім намеснікам не яго, а Свідрыгайлу. Тут жа змешчана і апавяданне пра знакамітую Грунвальдскую бітву 1410 года.
У адрозненне ад вышэйзгаданых летапісаў, у "Хроніцы Быхаўца" гісторыя дзяржавы выкладзена найбольш поўна. Пачынаецца "Хроніка" апісаннем уцёкаў 500 знатных рымскіх сем’яў у Літву ад гневу Нерона, а заканчваецца апавяданнем аб разгроме татарскіх войскаў пад Клецкам у 1506 годзе. Акрамя пісьмовых крыніц аўтар карыстаўся і вуснымі паведамленнямі сваіх сучаснікаў. Аўтар імкнецца ўзвялічыць гісторыю Бацькаўшчыны, паказаць найбольш светлыя моманты яе слаўнай мінуўшчыны.
Летапісы, як вядома, нельга аднесці да літаратуры ў сучасным яе разуменні. Але яны спрыялі ўзнікненню і развіццю ў беларускай літаратуры такіх жанраў, як апавяданне, аповесць і раман. Акрамя таго, у іх у сціслай і займальнай форме адлюстравана гісторыя беларускага і літоўскага народаў перыяду іх сумеснага жыцця. Таму летапісы – гэта не толькі каштоўныя літаратурныя помнікі, але і неацэнныя крыніцы пазнання шматвяковай гісторыі нашай Айчыны, асэнсавання яе ролі і значэння ў гісторыі еўрапейскіх народаў.