Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Асноўныя матывы творчасці Генадзя Бураўкіна

   Генадзь Бураўкін адносіцца да таго пакалення паэтаў, якое адчула на сабе цяжар пасляваеннага аднаўленчага перыяду. Творчасць яго характарызуецца публіцыстычным і грамадзянскім запалам, шырынёй погляду на свет, філасофска-аналітычным асэнсаваннем рэчаіснасці. Паэт пісаў аб маральнай чысціні свайго сучасніка, аб мінулай вайне, аб каханні, па-філасофску разважаў над тэмамі агульначалавечай значнасці:

Я ўсё стражэй да слоў сваіх і рук,
Трывожыць сэрца мне любая дробязь,
Нібы адказнасць я за ўсё бяру,
Што ў цэлым свеце думаюць і робяць.

   Г. Бураўкін не выпускаў з поля зроку праблемы нацыянальнага і духоўнага адраджэння, пытанні, звязаныя з чарнобыльскай аварыяй, экалагічнай сітуацыяй у рэспубліцы. У час, калі "па ўсім вясновым краі ідуць кіслотныя дажджы", калі "на дымным ядзерным крыжы прырода курчыцца пакутна", паэт заклікае:

Смутнаю парою нелюдзімай,
Калі ўсё наўкол ідзе на злом,
Божа,
Захіні маю Радзіму
Мудрасцю,
Спакоем
І Цяплом.

   Паэт пільна ўглядаўся ў паўсядзённае жыццё з усімі яго фарбамі і адценнямі. Не даспадобы яму двурушныя, беспрынцыповыя людзі, абывацелі. Змагаючыся з чалавечым раўнадушшам, Г. Бураўкін прасіў больш чуйна адносіцца да блізкіх і знаёмых, не забывацца, што "бягуць гады няўмольна і паспешна, навек згараюць знічкамі". Глыбокім філасофскім роздумам аб сталасці свайго пакалення, аб большай патрабавальнасці да сябе напоўнены многія творы паэта:

Як многа ў нас звычайнасці!
Як мала ў нас адчайнасці!
Як многа ў нас прабачлівасці!
Як мала ў нас прадбачлівасці!

   Ёсць у творчасці паэта і любоўныя вершы. Г. Бураўкін змог праўдзіва і пранікнёна расказаць аб каханні і яго загадкавых таямніцах, горычы расстанняў і радасці сустрэч, аб беражлівых адносінах да спадарожніц жыцця. Ён здзіўляецца перад хараством жанчыны, выказвае ёй удзячнасць за "тайнапіс вачэй", за "святыя хвілі радасці жывой", за "душ яднанне". Вершы пра каханне склалі цэлы зборнік "Пяшчота". Многія з іх пакладзены на музыку кампазітарамі Г. Вагнерам, Я. Глебавым, Э. Зарыцкім, С. Картэсам, І. Лучанком, В. Раінчыкам, Э. Ханком, В. Івановым, А. Эшпаем. Чытаючы вершы з гэтага зборніка, міжвольна прыгадваеш майстэрскае выкананне салістамі ансамбля "Песняры" наступных радкоў:

Сэрцу радасна і балесна
Ад таго, як прыходзіш зноў
Ты, мая беларуская песня,
Да сваіх і чужых сыноў.

   Вершы Г. Бураўкіна цікавыя і ўражлівыя. Яны дапамагаюць акрэсліцца ў нашым бурлівым жыцці, асвятляюць у ім усё самае высокае і чалавечнае. Вершы гэтага паэта нельга ўспрыняць з першага прачытання. Яны патрабуюць удумлівасці і разважання, за іх знешняй лёгкасцю прыхаваны глыбокі філасофскі роздум.

 

Похожие статьи:

Генадзь БураўкінГенадзь Бураўкін - Шпак спявае

Генадзь БураўкінГенадзь Бураўкін - Малітва

Генадзь БураўкінГенадзь Бураўкін - Калыханка

БиографииГенадзь Бураўкін

Генадзь БураўкінГенадзь Бураўкін - Я хачу прайсці па зямлі...