Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Ёрчыкаў слуп
Вёска, дзе жыў дзікаваты Ёрчык, называлася Чыргі. Яго хата стаяла якраз на ўездзе. Счарнелая, з аблезлымі аканіцамі, сіратліва глядзела яна на дарогу, на здзічэлы лес, які быў нядаўна могілкамі. Каля печы стаяў вялікі драўляны ложак, пад акном – гаспадынін куфар, на кухні – стол. I ўсё было самаробнае. Маленькі абразок вісеў у зале пад самай столлю.
Людзі лічылі, што Ёрчык зусім з глузду з’ехаў. Ён гаварыў, што трэба думаць не толькі пра жывых, але і пра мёртвых. Заклікаў паглядзець на старыя могілкі, дзе драўляныя крыжы палеглі на зямлю і тлеюць, а ўзгоркі магільныя ямкамі сталі.
Жонка пазірала, як муж, заняўшы ўвесь агарод, выкладае на ім з велізарных валуноў нешта агромністае і круглае. Здзіўлена пыталася:
– Навошта табе столькі камення? Чаму ты аддаў усе грошы на цэглу? Тут хопіць на дзесяць дамоў.
– Людзі страцілі памяць, і мне трэба яе адбудаваць, – адказваў Ёрчык. – А камень – самы трывалы з усяго, што стварыла прырода.
На цвёрды каменны падмурак ён клаў белую і чырвоную цэглу, змацоўваючы ўсё гэта цэментам. Работа ішла марудна. За паўмесяца адолеў метры два. Але наперадзе – усё лета і восень. А можа, яшчэ і зіма, калі будзе цёплая.
Ранкам Ёрчык выносіў з хаты вёдры, розныя жалязякі і браўся за справу. Найперш ён напаўняў каменнем вёдры, прывязваў да іх вяроўкі, другім канцом абвязваўся сам. Па жалезных прутах, што тырчэлі ў сцяне, як па лесвіцы, узлазіў наверх. Цяпер ён быў ужо вышэй за яблыні і грушы. Ёрчык цягаў наверх цяжкія вёдры з каменнем. Такім жа чынам падымалася гліна, пясок, цэмент і ўсё астатняе.
Цэглу Ёрчык клаў не абы-як, а выкладаў з яе прозвішчы нябожчыкаў. Для літар браў белыя цагліны, астатнюю прастору запаўняў камянямі і чырвонай цэглай. Атрымалася прыгожа. Знізу на сцяне з’явіўся надпіс: «Гэта памяць усім, хто калі-небудзь жыў у вёсцы Чыргі». А вышэй ішлі сотні прозвішчаў. Так будаваў «мясцовую памяць» дзікаваты Ёрчык.
Ішоў год за годам. За гэты час памёр не адзін жыхар Чыргоў, бо жылі тут амаль адны старыя. А пасля памёр і «стваральнік памяці», паспеўшы ў апошнія дні жыцця выкласці на самай вышыні сваё прозвішча, імя і імя па бацьку.
З таго часу мінула некалькі дзесяцігоддзяў. Памерлі дзеці тых, хто быў аднагодкам Ёрчыка. Могілкі зараслі лесам. А на месцы вёскі раскінулася поле. Нішто ўжо не нагадвала пра тое, што некалі тут густа цвілі вішні ды яблыні, бегала па вуліцы шчабятлівая малеча, мітусіліся заклапочаныя людзі.
Толькі пярэсты ад шматлікіх прозвішчаў слуп непарушна ўзвышаўся над маўклівай роўняддзю. I калі нехта праязджаў непадалёку па дарозе, абавязкова звяртаў на яго ўвагу і задзіраў галаву. А пасля тлумачыў каму-небудзь з тых, хто ўпершыню ў гэтых мясцінах:
– Калісьці тут стаяла вёска Чыргі, а ў ёй жыў нейкі дзівак, які ўзвёў гэтую камяніцу. Кажуць, яго прозвішча выкладзена на самым версе. Будаваў памяць.
Людзі паціскалі плячыма і думалі пра сваё. Можа, пра жывых.
(453 словы)
Паводле А. Крэйдзіча.