Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Баравы мёд

   У гэты дзень Алёна чакала гасцей. Праўда, прыйсці яны павінны былі пасля абеду, і жанчына не спяшалася падымацца з цёплай пасцелі. У нядзелю заўсёды хочацца паляжаць лішнюю гадзіну, адпачыць ад будзённых клопатаў.
   Вокны ў спальні зацягнуты блакітна-ружовымі шторамі, і пакой патанае ў лёгкім паўзмроку. Алёна соладка пазяхнула. Падхапіла з тумбачкі, што прыляпілася збоку, кніжку, але тут жа адкінула яе, бо раптам захацела кавы.
   Каву Алёна гатуе адмыслова, з пенаю. Спачатку робіць кашку з цукру, кавы і некалькіх кропляў вады, а пасля ўжо залівае ўсё гэта кіпенем. П’е, стоячы ля акна. З пятага паверха ёй бачна тое, што робіцца ў двары. Усё выглядае сумным і няўтульным. Можа, віною таму восень, а можа, яе адзінота, якая часам радуе, а часам і прыгнятае.
   Алёна адварочваецца ад акна, каб не глядзець на восеньскую шэрань, і светлая кухня падбадзёрвае. Яна сама падбірала ўсё яе начынне. На светленькім лінолеуме стаіць белая мэбля, такія ж шафкі вісяць на сценах, абкладзеных светла-карычневай кафляй. Усё чысценькае, бліскучае, як у аптэцы.
   Апоўдні на стале цэнтральнае месца займала запечаная ў маянэзе качка, унутры якой дымілася рассыпчатая грэчневая каша. Водар ад яе разыходзіўся па ўсёй кватэры. Салаты былі ўпрыгожаны зверху лілеямі з яечнага бялку, аранжавымі кветкамі з варанай морквы і зялёнымі гарошынкамі.
   Каб не сядзець без справы ў чаканні гасцей, Алёна праверыла свой манікюр, глянула ў люстэрка. Калі ўжо не знаходзіла, чым заняць сябе, запішчаў званок. Падхапілася з раскошнай канапы, зашчоўкала замкамі ўваходных дзвярэй.
   Перад ёю стаяў неспадзяваны госць. Салдацкая шапка з падвязанымі вушамі, армейскае галіфэ, запраўленае ў начышчаныя да бляску боты. У руках – палатняныя сумкі.
   – Тата? – здзівілася Алёна. Ледзь не сказала: «Ты не знайшоў лепшага часу, каб заявіцца сюды?» Але стрымалася. Як жа бацьку такое сказаць!
   Кожны бацькаў крок пакідаў за сабою брудныя плямы. Трэба было б прапанаваць адпачыць з дарогі, пераначаваць, але вось-вось павінны завітаць госці.
   На стале сярод экзатычных страў знайшоў сабе месца паўлітровы слоік мёду. Ён ніяк не пасаваў да іх, бо быў пакрыты пылам, замест крышкі нацягнута непрамакальная тканіна. На табурэткі бацька паклаў астатнія гасцінцы: ладны кус свежаніны, тонкае сала з праслойкаю, хатнія каўбасы, масла. Трохлітровы слоік малака стары паставіў на падлогу: месца на табурэтках не хапіла. Па светлым лінолеуме расплылася чырвоная лужына. Гэта растала мяса, закручанае ў газеціну.
   Алёна пачала спрытненька пакаваць усё ў халадзільнік, хоць той быў далёка не пусты.
   Зірнуўшы на стол, бацька зразумеў, што дачка кагосьці чакае. Замітусіўся, заспяшаўся да дзвярэй, сказаў:
   – Пара мне, Алёначка. Лепш крыху пачакаць на вакзале, чым спазніцца на цягнік. Прыязджай, калі будзе час.
   Дзверы шчоўкнулі, і ў пакоі зноў запанавала адзінота. З табурэтак ужо ўсё было прыбрана. Толькі запэцканы слоік баравога мёду паміж крышталю ды фарфору выглядаў чужым, быццам жабрак сярод важных паноў. Алёна памкнулася прыбраць яго хутчэй на балкон, але рука спынілася. У памяці ўсплыло яе далёкае дзяцінства. Вось бацька едзе на веласіпедзе, а яна, малюсенькая, сядзіць у кошыку на багажніку і спявае песенькі.
   Раптам яна схапіла паліто і выскачыла за дзверы. Перад ёю стаяла ўся запрошаная кампанія з гарой ярка размаляваных пакункаў, скрынак, пакетаў. I над усім гэтым – водар дарагой французскай парфумы. Алёна пабегла ўніз па лесвіцы, быццам нікога і не заўважыла.
   Вечар наваліўся на горад, вулічныя ліхтары ўпарта змагаліся з цемраю. Прымасціўшыся на лаўцы ў зале адпачынку чыгуначнага вакзала, драмаў стары ў галіфэ. А на пятым паверсе ў адной з гарадскіх кватэр звінеў вясёлы смех. На стале ж так і стаяў запылены слоік бацькавага мёду.
(552 словы)

Паводле А. Крэйдзіча.

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыЁрчыкаў слуп

Пераказы, дыктантыМурашнік