Быў час, калі кожнага адзіночнага наведвальніка Літаратурнага музея Янкі Купалы мы, навукоўцы, суправаджалі. Не ўсякі чалавек любіць такое апякунства. Яму хочацца пабыць адзін на адзін з вялікім паэтам, падумаць, паразважаць. Мы стараліся захоўваць тактоўнасць, не парушаць самастойнасці наведвальнікаў.
Паважлівы, акуратна апрануты мужчына. Доўга аглядае экспанаты і ўголас захапляецца:
– А добры Купала быў мастак!
– Не толькі добры, а выдатны мастак! – уключаюся я ў яго маналог.
Той, не зважаючы на падмогу:
– Сапраўдны мастак! Гэтак намаляваць! – дзівіцца і замілавана глядзіць на партрэт народнага паэта работы Ахрэмчыка.
Адчуваю, з кім клопат маю. Каб не крыўдзіць аглядальніка, паціхеньку адыходжу. І толькі пры выхадзе яго з музея тлумачу, што гэты святы куток прысвечаны жыццю і творчасці Янкі Купалы, тут экспануюцца рукапісы, кнігі, асабістыя рэчы песняра, а таксама работы мастакоў, яму прысвечаныя.
Чалавеку, бачыце, падалося, што калі музей Купалы, то ўсё тут ягонае, асабістае. Зробленае ці набытае ім самім.
(142 словы)
Паводле К. Курбекі
Похожие статьи:
Пераказы → Музей векапомнай славы
Пераказы → Музей Якуба Коласа
Пераказы → Праўда-памяць
Пераказы → Музей (Паводле Н. Рыбік)
Пераказы → Літаратурны музей Максіма Багдановіча