Дзьмуў халодны асенні вецер. На пероне людзей было мала. Андрэйкаў тата размаўляў са знаёмым мужчынам. А сам Андрэйка з цікавасцю назіраў за галубамі, якія снавалі каля лаўкі, пераляталі з месца на месца.
Раптам два галубы пачалі біцца, не падзяліўшы знаходку – жаўтаватую скурку ад каўбасы. Нарэшце аднаму з іх надакучыла, мабыць, гэта валтузня, і ён, адляцеўшы ад лаўкі, сеў на шэрую ад сухой травы клумбу.
Голуб-пераможца зашчаміў у дзюбцы скурку, пакруціў галоўкай і паглядзеў на Андрэйку – сведку іх бойкі. Потым, нібыта прысаромлены хлопчыкам, паляцеў да клумбы. Сеў побач са сваім сапернікам і паклаў перад ім каўбасную скурку. Але той нават і не глянуў на яе, такую апетытную і жаданую хвілін колькі назад. Відаць, вельмі пакрыўдзіўся.
Андрэйку захацелася памірыць галубоў. Нейкі час ён засяроджана думаў, як гэта зрабіць. І надумаў нарэшце: пэўна ж, іх зблізіць яго пачастунак. Дастаў з сумкі батон, адламаў ад яго акрайчык. Пакамячыў у жмені, падышоў бліжэй да галубоў.
Галубы паднялі галоўкі, насцярожыліся, але не спужаліся, не разляцеліся ў розныя бакі. Андрэйка яшчэ раз, мацней, пакамячыў у жмені батон і не кінуў, а паклаў асцярожна на зямлю, каля сваіх ног. Затым адышоў і зноў сеў на лаўку.
Бацька ўсё яшчэ размаўляў са сваім знаёмым, паглядаючы час ад часу за сынам. А галубы тым часам пачалі спорна дзяўбці духмяныя кавалачкі батона. З’еўшы ўсё, нешта завуркаталі на сваёй птушынай мове, нібыта падзякавалі Андрэйку за пачастунак. Узмахнулі крыламі і разам, ледзь не ў абдымку, паляцелі ў недалёкі скверык.
(240 слоў)
Похожие статьи:
Пераказы → Птушкі шчасця
Янка Брыль → Птушкі i гнёзды. Сцюдзёны вырай. Аповесць першая
Янка Брыль → Птушкі i гнёзды. Гнёзды за дымам. Аповесць другая
Янка Брыль → Увесь свет — адзін дом (па раману Янкі Брыля "Птушкі i гнёзды")
Янка Брыль → Раман Янкі Брыля "Птушкі і гнёзды". Вобраз Алеся Руневіча