Увесь дзень ішоў густы, як мука, снег. Андрэй сядзеў на дачы і глядзеў, як прыліпаюць да шыб зорачкі-сняжынкі. Яны ператвараліся ў празрыстыя кропелькі, злучаліся адна з адной і спаўзалі па акне танюсенькімі струменьчыкамі.
Нечакана ў акно моцна стукнулася галка і імгненна знікла з вачэй. Андрэй хуценька падняўся, выйшаў на двор. Галка, адкінуўшы галоўку, ляжала пад акном на снезе. Яна глядзела на чалавека вочкамі-гарошынкамі і час ад часу трапятала ножкай, з кіпцікаў якой сачыліся кропелькі крыві.
Андрэй ступіў да птушкі, але яна нават не варухнулася. Асцярожна, каб не патрывожыць хворую ножку птушкі, хлопец падняў галку са снегу і прынёс у пакой. Там прамыў кіпцікі лёгкім растворам ёду і забінтаваў ножку. Потым парэзаў на маленькія кавалачкі мяса, паклаў іх у сподачак і пачаў карміць галку. Але Шэрая шыйка (так Андрэй назваў сваю новую знаёмую) на сподачак з мясам нават не глянула. Тады Андрэй адзін кавалачак мяса паклаў у птушыную дзюбку, але нічога не атрымалася. Хлопец пакінуў хворую птушку на крэсле, пагладзіў яе па галоўцы, сподачак паставіў побач, а сам на двор падаўся.
Пакуль склаў дровы, пачало шарэць. Андрэй вярнуўся ў пакой, запаліў святло. Глянуў на крэсла, куды паклаў Шэрую шыйку, і заўсміхаўся. Галка вочкі-гарошынкі заплюшчыла, спіць, а ў сподачку няма ніводнага кавалачка мяса.
Калі скончылася мяса, Андрэй карміў Шэрую шыйку хлебам. Апетыт у птушкі быў такі, што пазайздросціць можна.
Праз месяц ножка ў Шэрай шыйкі паправілася. А яшчэ праз нейкі час, калі шчодра засвяціла сонейка і заплакалі ледзяшы, галка занепакоілася, пачала стукацца ў шыбу.
«Свой час – ягадзе, свой час – баравічку. Вось гэты самы час і Шэрай шыйцы наступіў, – падумаў Андрэй. – У канцы красавіка галкі ўжо яечкі пачынаюць несці».
Хлопец адчыніў фортку і выпусціў птушку на волю.
(276 слоў)
Похожие статьи:
Пераказы → Птушкі шчасця
Янка Брыль → Раман Янкі Брыля "Птушкі і гнёзды". Вобраз Алеся Руневіча
Янка Брыль → Птушкі i гнёзды. Сцюдзёны вырай. Аповесць першая
Янка Брыль → Увесь свет — адзін дом (па раману Янкі Брыля "Птушкі i гнёзды")
Янка Брыль → Птушкі i гнёзды. Гнёзды за дымам. Аповесць другая