Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Шукаю гаспадара
Пятнаццаць гадоў назад я адпачываў у Абхазіі, у пасёлку, што раскінуўся ўздоўж Чорнага мора больш як на дзесяць кіламетраў па адзін і другі бок вусця горнай ракі. Месца было цудоўнае. Чыстае мора з пясчанымі пляжамі, сцюдзёныя крыніцы з крыштальнай вадой, шчодрае сонца і жыватворнае паветра.
Вяртаўся я з пляжа звычайна праз чыгуначны вакзал. Акуратны белы будынак з высокімі вокнамі быў бачны з невялікага марскога прычала, дзе часам прышвартоўваліся прагулачныя караблікі. Чатыры разгалістыя пальмы каля будынка, чырвоныя і белыя ружы ўпрыгожвалі яго. Здалёк ён здаваўся казачным палацам.
Вялікая пляцоўка, якая межавала з платформай, была выкладзена каляровай пліткай. Там, у цяньку пальмаў, стаялі чатыры зручныя лаўкі. Менавіта на гэтым месцы я заўсёды прыпыняўся і глядзеў на мора, што зіхацела ў промнях сонца на захадзе. Пад вечар сонца высцілала сцяжынку ад далёкага берага, паступова перафарбоўвала яе з жоўтага ў аранжавы колер, потым у цёмна-чырвоны.
Здзіўляла мяне тое, што ў гэтым месцы заўсёды было шмат бяздомных сабак.
Неяк я прыйшоў сюды раней звычайнага, разгарнуў кніжку і пачаў чытаць. Праз некаторы час адчуў нечы позірк. Падняўшы галаву, убачыў перад сабой невялікага сабаку, які ўважліва глядзеў на мяне. Цёмна-жоўтая поўсць упрыгожвала галаву і спіну. Грудзі і жывот былі светлыя. Кончыкі кароткіх вушэй звісалі ўніз, але не парушалі гармоніі. Ён глядзеў на мяне, і позірк яго быў незвычайны, напружаны.
– Якія ў яго разумныя вочы! – выгукнула жанчына, якая сядзела побач. – I колер вачэй блакітны.
Я паклікаў сабаку. Ён зрабіў у мой бок адзін крок, спыніўся і зноў сеў. Я працягнуў яму пячэнне.
Вочы сабакі напоўніліся нейкай унутранай радасцю. Ён падняўся, пераступіў з лапы на лапу, зірнуў на мяне і кінуўся ў кусты. Літаральна праз хвіліну сабака вярнуўся. У зубах яго быў кукурузны пачатак. Беражліва паклаў яго перада мной і весела зірнуў мне ў вочы. Трохі пачакаўшы, ён зноў пабег у кусты і прынёс вялікую абгрызеную костку. I таксама паклаў яе каля маіх ног. Я зірнуў на жанчыну. Яна прыціснула далоні да шчок і са здзіўленнем круціла галавой.
– Можа, падзелім падарункі? – з усмешкай запытаў я.
Сабака зірнуў на маю суседку, потым на мяне. Вочы зноў заззялі дабрынёй, і ён зноў пабег у кусты. На гэты раз ён прыцягнуў вялікі кавалак рагожы.
– Зноў ты мне нацягаў смецця! – зашумела на сабаку прыбіральшчыца. – Усё сабе гаспадара шукаеш? Неразумны! Ды тут амаль у кожнага сабака ёсць. Хто ж цябе возьме? Столькі клопату!
Жанчына хутка склала ўвесь сабачы скарб на рагожу і аднесла ў кусты. Сабака пакорліва пайшоў за ёй. Потым азірнуўся і паглядзеў на мяне. Дакору ў яго вачах не было. Быў толькі маўклівы і кранальны смутак.
Шмат часу прайшло з той пары, але я і зараз успамінаю гэты позірк. I не магу забыць, бо часта бачу яго ў вачах кінутых сабак на прыпынках транспарту, каля прадуктовых магазінаў і смеццевых скрынак.
(450 слоў)
Паводле Э. Луканскага.