Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Аляксей Якімовіч - Рыжык

Увага!!! Поўны змест

   Максім падабраў Рыжыка на вуліцы.
   Гэта было восенню. Прабіраючы да касцей, дзьмуў халодны вецер, буйныя кроплі дажджу прыбівалі да зямлі пажаўцелае лісце.
   Рыжык сядзеў каля дашчанага кіёска, у якім прадавалі жвачкі і снікерсы. Ён дрыжаў усім сваім маленькім цельцам і час ад часу тоненька скуголіў. Прахожыя, утуліўшы галаву ў падняты каўнер паліто, таропка праходзілі міма.
   Максім прысеў каля сабачкі, а ён паглядзеў на хлопчыка сумнымі вачыма, выцягнуў шыю і лізнуў у твар.
   Максім узяў Рыжыка на рукі. Рыжык пярэднімі лапкамі абхапіў Максімаву руку.
   – Чый жа ты? – у роздуме прамовіў Максім.
   З акенца кіёска высунулася нафарбаваная галава дзяўчыны. Яна соладка пазяхнула і прагаварыла:
   – А нічый. Нейкі вусаты мужчына пад’ехаў на вішнёвых «Жыгулях» і кінуў.
   Нумар «Жыгулёў» – дванаццаць – дваццаць пяць. Бяры сабе гэтага шчанюка. Ён усіх маіх пакупнікоў напалохаў.
   Сабачка ўсё дрыжаў: ці то ад холаду, ці то ад страху.
   – Не бойся, я не кіну цябе, не дам акалець, – прашаптаў Максім і накіранаўся дамоў. Адно яго непакоіла: ці дазволяць бацька і маці трымаць сабаку ў хаце?
   «Калі што, пачну плакаць, хоць ужо і не маленькі я», – вырашыў Максім.
   Бацька і маці былі дома, калі Максім прынёс Рыжыка ў кватэру і выдыхнуў з парога:
   – Я знайшоў сабачку! Ён у нас будзе жыць.
   – Хто ж яго на двор будзе выводзіць? Мне няма калі, – нахмурылася маці.
   – Я! – гучна, як салдат на службе, прамовіў Максім.
   –Звычайны дварняк! – паківаў галавою бацька. Шчанюк азваўся на бацькаў голас, завіляў хвастом.
   – Тата, ён разумны і прыгожы! – Максім падняў Рыжыка высока ўгору, каб бацька як след паглядзеў на яго.
   Рыжык бездапаможна расставіў лапы і заморгаў вачыма. «Ну хіба ж я вінаваты, што мой гаспадар мяне пакінуў?» – здавалася, хацеў сказаць ён.
   – Як жа ты назавеш яго? – запытаўся ў Максіма бацька.
   – Рыжыкам, бо ён увесь рыжы, – узрадаваўся Максім, бо зразумеў: бацька дазволіў трымаць сабаку ў хаце.
   Прайшла восень. Мінулі зіма і вясна. Пачалося лета. Рыжык падрос. Поўсць у яго стала гладкая, блішчастая. Максім не мог нарадавацца са свайго сабакі, які і лапку даваў, і тапкі прыносіў, калі папросяць. Праўда, суседскага ката Чарныша ён не цярпеў, напэўна, таму, што дражніўся гарэза Чарныш. Убачыўшы Рыжыка, сядзе на лаўку і прарэзліва мяўкае, як бы кажа: «Рыжы! Рыжы!» Калі Рыжык кідаўся на Чарныша, то ён хвост трубою – і на дрэва. Паспрабуй, дастань яго там!
   Неяк Максім з Рыжыкам гулялі каля дома. Выйшаўшы з пад’езда, Чарныш ускочыў на лаўку і давай падцкоўвацца, дражніцца: «Мяў-мяў, мяў-мяў...»
   Рыжык заліўся брэхам і прыпусціўся з усіх ног, каб пакараць Чарныша. З-за paгa дома, заўважыў Максім, выскачылі вішнёвыя «Жыгулі». А Рыжык нясецца, вось-вось пабяжыць праз дарогу. I «Жыгулі» імкліва, нібы злы рок, да яго набліжаюцца.
   – Дзядзька, стойце! Майго сабачку задушыце! – закрычаў Максім.
   «Жыгулі», як віхор, наляцелі на Рыжыка. Рыжык знік пад коламі.
   У Максіма заледзянела ў душы, а «Жыгулі» раўнулі маторам і, задаволеныя, паімчаліся далей.
   Хваляй паветра Рыжыка выкінула на тратуар. Ён усхапіўся і, цягнучы заднія лапы, папоўз да лаўкі на якой сядзеў Чарныш. Каля лаўкі ўпаў, выцягнуўшыся. Чарныш саскочыў з лаўкі і, жаласна мяўкнуўшы, лізнуў сабаку ў нос.
   Амаль нічога не цямячы, Максім падбег да Рыжыка і рукамі дакрануўся да акрываўленых задніх лап. I тут заднім ходам да яго пад’ехалі «Жыгулі». З легкавушкі вылез мажны вусаты мужчына.
   Максім узяў сабаку на рукі, як і у той халодны восеньскі дзень, прытуліў да сябе
   – Ён жа маленькі!.. Вам было цяжка спыніцца? Так? Так?
   Мужчына плюнуў пад ногі, сеў у «Жыгулі» і пакаціўся.
   «А нумар машыны дванаццаць – дваццаць пяць», – адзначыў пра сябе Максім і, тварам прытуліўшыся да сабакі, прашаптаў:
   – Рыжык, твой былы гаспадар на цябе наехаў.
   Рыжык, на шчасце, паправіўся, ачуняў. Цяпер Максім яго вадзіў гуляць на пастку, якая была непадалёку. Аднаго разу, калі звечарэла, пад’ехала легкавушка.
   Мігнуўшы фарамі, яна спынілася каля Макcімa. З легкавушкі – вішнёвых «Жыгулёу» – вылез вусаты і, хіснуўшыся з боку на бок, прагаварыў:
   – З сабакам гуляеш? Га?
   Максім не паспеў адказаць, бо Рыжык з брэхам кінуўся на вусатага.
   «Вусаты зусім п’яны», – падумаў Maксім і, дагнаўшы Рыжыка, aбхanіў яго рукамі.
   – Рыжык, супакойся! Ён цябе заб’е!
   Рыжык іpваўся, дрыжаў, калаціўся ўсім целам.
   Вусаты вылаяўся, залез у машыну і рвануў так, што аж пясок паляцеў з-пад колаў.
   – Рыжык, і ты яго пазнаў. Пазнаў!.. – трымаючы сабаку, са слязамі на вачах казаў Максім. Потым адпусціў Рыжыка і ласкава звярнуўся да яго: – Дамоў хадзем, Рыжык.
   Рыжык узняў галаву, натапырыў вушы, прыслухоўваючыся, а затым, забрахаўшы, пабег туды, дзе схаваліся вішнёвыя «Жыгулі».
   – Рыжык! – гукнуў хлопчык і кінуўся за сабакам.
   З цемры данеслася скуголенне.
   Максім прайшоў колькі метраў і стаў як укопаны. Перад ім, упёршыся разбітым радыятарам у слуп ад высакавольтнай лініі, стаялі вішнёвыя «Жыгулі». Каля іх сядзеў і ціха скуголіў Рыжык.
   – Хто тут? – з «Жыгулёў» падаў голас вусаты.
   – Я, Максім! – адказаў Максім.
   – Хлопчык, выклічы «хуткую дапамогу». Мне ногі прыціснула, не магу вылезці.
   – Дзядзечка, – ледзь стрымліваючы хваляванне, прамовіў Максім, – а мяне сюды прывёў Рыжык, якога вы калісьці ў горадзе каля кіёска кінулі, а не так даўно ледзь не задушылі. Ён пазнаў вас.
   – Хлопчык, ты выклічаш «хуткую дапамогу»? – прастагнаў вусаты.
   – Пачакайце, дзядзечка, – сказаў Максім і пабег да тэлефоннай будкі, каб дапамагчы таму, каго напаткала няшчасце.
   Рыжык застаўся каля машыны.

Похожие статьи:

Алесь ЯкімовічАлесь Якімовіч - Байка пра казла

Алесь ЯкімовічАлесь Якімовіч - Аладкі

Алесь ЯкімовічАлесь Якімовіч - Аўтамат

Алесь ЯкімовічАлесь Якімовіч - Хітры воўк

Алесь ЯкімовічАлесь Якімовіч - Вераб’ёвы госці