Лета набірала сілы. Калі глянуць цяпер з Антонавага лугу на возера, дык яно, здаецца, ляжыць у нейкай цудоўнай аправе. Яно паглядае, як сіняе вока, з бязмежнага зялёнага прастору зямлі.
А як добра ў чэрвені ў жытным! Гамоняць і гамоняць пад ціхімі павевамі ветру лёгкія яшчэ каласы з жоўтымі завушніцамі на іх. Яны быццам цягнуцца да празрыстага неба і просяць спагады ў прыгожыя часы свайго красавання. І хаця няма ні зярняці ва ўсім гэтым хвалюючым моры, а ўжо чуецца ледзь-ледзь хлебны пах, які так прыемна казыча ноздры.
Больш, як у другую пару года, упрыгожана зямля ў гэты час. У які бок ні пойдзеш, усё гамоніць з табою. Густы цёмна-зялёны ячмень з сінім налётам фанабэрыста распускае пушыстыя вусы. Авёс шамаціць галінкамі, нібы адмыслова апрацаванымі каралямі. Доўгімі зялёнымі шнурамі выцягнулася бульба. Толькі расплюшчвае блакітныя вочы лён, а на сенажацях кветак, што і не пералічыць.
(141 слова)
Паводле П. Броўкі
Похожие статьи:
Пераказы, дыктанты → Летам у бары
Пераказы, дыктанты → Шчаслівая ўсмешка лета
Максім Багдановіч → Максім Багдановіч - Плакала лета, зямлю пакідаючы...
Якуб Колас → Якуб Колас - Лета
Сяргей Грахоўскі → Сяргей Грахоўскі - Лета