Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Чалавек і прырода
Мы ўжо не просім міласці ў прыроды,
Прырода моліць літасці ў нас.
Гаворка сёння павінна паўсюдна весціся аб адносінах чалавека да прыроды наогул, аб адносінах кожнага з нас да гэтай актуальнай праблемы. Бо, як нідзе, тут асабістыя інтарэсы зліваюцца з інтарэсамі грамадства, бо нельга супрацьпастаўляць асабістае і грамадскае там, дзе ідзе гаворка аб жыцці чалавецтва наогул, а значыць, і аб жыцці калі не кожнага з нас, дык нашых дзяцей.
Чалавек заўсёды называў прыроду сваёй маці, сваёй калыскай і ў той жа час адносіўся да яе, як няўдзячны сын, нават, мала сказаць, па-варварску. Чалавек бяздумна браў ад яе ўсё, што трэба было яму для жыцця, і з кожным стагоддзем браў усё больш і больш, і з кожным стагоддзем яго апетыты разрасталіся. Пры гэтым ён усё гучней і нахабней трубіў аб пакарэнні прыроды, аб сваіх новых перамогах над ёй. I ў гэтых перамогах яшчэ да нядаўняга часу знаходзіў сабе славу, бачыў у іх свой гонар, сваё прызначэнне на зямлі. Больш таго, многія і сёння яшчэ не адмовіліся ад сваіх драпежніцкіх парыванняў, забыўшыся, што кожны з нас – дзіця прыроды, кожны з нас без яе проста асуджаны на гібель.
Але нашы продкі не задумваліся над гэтым, не задумваліся, калі выпальвалі на вялікіх плошчах лясы, каб сеяць жыта, даючы волю вятрам і эрозіі глебы. Не задумваліся, калі выпасвалі свойскую жывёлу на лугах да таго часу, пакуль там не ўтваралася пустыня, а потым перасяляліся на новыя месцы. Не задумваліся, калі спускалі ў рэкі сцёкавую ваду ад сваіх паселішчаў і невялікіх тады яшчэ гарадоў. Нашы продкі не задумваліся над усім гэтым, бо перад імі прырода была яшчэ бясконцая, перад імі было яшчэ багата неабжытых прастораў, і яны не вучыліся (ды і не было практычнай патрэбы ў гэтым) разумнаму карыстанню прыроднымі багаццямі.
Сёння ж чалавецтва асвоіла і абжыло кожны кавалачак зямлі, які толькі можна было асвоіць і абжыць. Карацей, мы дайшлі да той чырвонай мяжы, пераступаць якую без дэталёвай навуковай разведкі вельмі і вельмі рызыкоўна. Цяпер кожнае, нават самае нязначнае, умяшанне ў прыроду можа прывесці да такіх вынікаў, якіх мы і не чакаем.
Апошнім часам чалавецтва ўсё больш і больш пачало прыглядацца да забалочаных ці да перасушаных зямель, якімі раней не карысталася і якія чалавек сёння хоча прымусіць працаваць на карысць сабе. Інакш кажучы, меліярацыя зямель апошнім часам набыла вялізныя маштабы і яшчэ больш набудзе ў недалёкай будучыні, бо нельга спыніць прагрэс, нельга спыніць развіццё грамадства, нельга перашкодзіць чалавеку рабіць сваё жыццё лепшым і лепшым. I таму іменна меліярацыя зямель становіцца сёння адной з самых актыўных форм умяшання чалавека ў прыроду, у яе перабудову. I таму тут, у меліярацыі, вельмі рызыкоўная і небяспечная ўсякая легкадумнасць, адсутнасць навуковага падыходу да кожнай праблемы, вялікай і малой, бо сёння нават невялікае ўмяшанне ў прыроду ў адным месцы дае адразу ж адчуць сябе ў другім.
Я за меліярацыю, якая б не пагаршала прыроду, а рабіла б яе яшчэ больш прыгожай...
(459 слоў)
Паводле Л. Гаўрылкіна.
Похожие статьи:
Якуб Колас → Духоўнае багацце чалавека ў паэме «Новая зямля»
Рыгор Крушына → Рыгор Крушына - Чалавек
Міхась Кавыль → Міхась Кавыль - Чалавек
Ян Баршчэўскі → Ян Баршчэўскі пра ўваскрэсенне душы і перамогу чалавека над злом