Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Цёплы подых

   Цяплее. Поле сушэе, шарэе і ўсмоктвае ў сябе ваду; выпырсквае каля плота маладзенькая, яшчэ не пякучая крапіва (хутка з яе і буракоў ды костачкі будзе спажыўное варыва), на заплесненых узгорках імкнуцца ўвысь дзьмухаўцы і падбел і ўжо хутка зацвітаюць, спрасоння лётае, басавіта гудзе адзінокі бухматы, ахаладнелы і агаладалы за зіму чмель. Пасля дажджу змываюцца цвіль і плесень, а тыя прасторы, дзе жыта, нібы накрытыя зялёнай коўдрай, ажно ўпіваешся вачыма той зеленню. Ужо не толькі курэй, але і авечак, карову і цяля, каня не ўтрымаць у цесным хляве, усе рвуцца на сонечны двор, а з яго на загуменне і не хочуць вяртацца ў цесныя, з утаптаным, але ўсё роўна высокім подсцілам загарадкі.
   Ды не заўсёды за яснотай і прыгрэўкам выцепліваецца. Бывае, раптоўна хмурэе, сцюдзёнее і ашмоццем падае мокры снег, а то нават і закружыць, замяцеліць ім. Пасля можа задоўжыцца яшчэ сіверны дождж, а з ім і непрыемны сыры холад. Перастае цурчэць бярозавы сок, нават абвісае ледзяшамі, пакутуюць паўраскрытыя, прыбеленыя пупышкі-кветкі на слівах, а яблыні ўвогуле застылыя, як і зімой, ні кветак, ні лісця. Паніклі не толькі прылётныя на першы цёплы подых шпакі, але і перазімаваныя тут вёрткія (асабліва каля курынага карытца) вераб’і. Як толькі ўз’юшаная непагадзь усё ж мусіць здацца, зноў падвысіцца, паблакітнее неба, заласкавее, заярчыць і пальецца цяплом сонца, абкінецца празрыста-зялёным вэлюмам і пачне апушвацца лісцем наша бяроза, – маці (невысокая, бацьку па плячо, рухавая, рупная, гаваркая і пры добрым настроі жартаўлівая і песністая), Генік і яго сястрычка Ганначка (па-янкавінскаму Гандзя, Гандзечка) з узнёслым настроем ідуць у гародчык.
   У "добры" (спрыяльны) дзень матуля дае ім, дзецям, апускаць у загадзя падрыхтаваныя ёй раўчучочкі днямі замочанае і цяпер крыху падсушанае насенне морквы, буракоў, гароху, а пазней летняга часнаку, цыбулі, агуркоў і гарбузоў. Маці ведае "ўрадныя" дні, як бацька знае, калі араць, сеяць увосень жыта, а вясной – авёс, садзіць бульбу.
(296 слоў)

Паводле Г. Далідовіча

 

Похожие статьи:

ПераказыСустрэча вясны

Якуб КоласЯкуб Колас - Вясна

ПераказыАбуджэнне (Паводле Я. Коласа)

ПераказыГуканне вясны

ПераказыПрыход вясны