Мірна і ціха шапацелі лісцем старыя яблыні, на якіх паявілася ўжо завязь, у траве бесклапотна скакалі конікі, па-звычайнаму ціўкалі кашлатыя вераб’і, а недзе там, каля Брэста, ішла вайна. Яе подых адчуваўся з першага дня.
На плошчы перад райваенкаматам грымеў рэпрадуктар. Па радыё перадавалі маршы і ваенныя песні. Сюды, на ваенкаматаўскі двор, валам валілі людзі з куфэркамі, з торбамі за плячыма. Захліпаўся гармонік, і, заглушаючы яго далікатны голас, надрываліся ў песнях прызыўнікі. Мне іх песні не здаліся вясёлымі. І можа таму пасля першых гадзін узбуджэння на душы ў мяне стала трывожна і маркотна...
Пад вечар нізенькі маёр паклікаў нас у адзін з ваенкаматаўскіх кабінетаў і, спытаўшыся, хто з якой вуліцы, выдаў пад распіску па стосе позваў. У Петрусёвым пачку была позва яго бацьку.
І я назаўтра падаўся да Петруся, каб правесці на фронт яго бацьку. Там я ўбачыў малюнак, які цяжка апісаць. Цімашэнкава сям’я плакала, не плакалі толькі Пятрусь і маці. Ігнат Дзянісавіч ужо сабраўся – напакаваная торба ляжала на табурэтцы, – але ў яго, відаць, не ставала сілы развітацца з сям’ёю.
Белагаловая Ліда церлася аб бацькавы калені і, зусім не думаючы пра развітанне, нешта лепятала тоненькім дзіцячым галаском.
Трынаццацігадовы Алёша глытаў буйныя, як у бабра, слёзы, а Янка і Стася лямантавалі на ўвесь голас. Сцёпа і тая румзала. Яе плеценую калыску выцягнулі з-за печкі і, паклаўшы на падушкі, пасадзілі між імі дзяўчынку, каб яна бачыла бацьку.
Я памятаю, як страшна, па-жаночаму, загаласіў Ігнат Дзянісавіч, адрываючы ад сябе дачок, як кінулася яму на шыю Петрусёва маці, як Пятрусь, не вытрымаўшы, выскачыў з хаты... Нібы цяпер, бачу Петрусёвага бацьку на станцыі, дзе ён, ужо спакойны і разважлівы, развітаўся са старэйшым сынам, які адзін з усёй сям’і праводзіў яго.
– Глядзі дзяцей і маці, сынок, – сказаў Ігнат Дзянісавіч, пацалаваўшы Петруся. – Перарвалася твая вучоба, але вайна, можа, доўга не працягнецца. Ты старэйшы, на цябе ўвесь клопат ляжа...
(302 словы)
Паводле І. Навуменкі
Похожие статьи:
Пераказы → Праўда-памяць
Сучасная літаратура Беларусі → Тэма Вялікай Айчыннай вайны ў сучаснай беларускай прозе
Іван Шамякін → Іван Шамякін - Алёша-разведчык
Барыс Сачанка → Барыс Сачанка - Дарога праз лес
Мікола Гіль → Мікола Гіль - Партызанскі фотаздымак