Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Цукеркі

   У маленстве занадта хацелася цукерак. Пэўна, таму, што крамы ў нашай вёсачцы не было, ды і сям’я была вялікая – шасцёра малых. Маці даводзілася пазычаць грошы нават на хлеб. Час быў нялёгкі: у канцы пяцідзясятых гадоў краіна яшчэ залечвала цяжкія ваенныя раны.
   Увосень я павінен быў пайсці ў другі клас. Патрэбна было купляць падручнікі, і мы з сябрам сабраліся ў суседнюю вёску, куды аўталаўка з райцэнтра падвозіла іх на продаж.
   Маці дала мне дзесяць рублёў, якіх якраз павінна было хапіць на кнігі. Грошы яна паклала мне ў левую кішэньку пінжака, дастала з шафы новую хустку, каб я звязаў акуратна кнігі і не забрудзіў іх па дарозе.
   – Мамачка, дай на цукеркі, – стаў прасіць я.
   Мне дапамагалі малодшыя брат і сястра. Маці паглядзела на майго аднакласніка Лёшку, які сціскаў у кулаку некалькі карамеляў і дзве трымаў у роце, і паклала мне ў правую кішэньку рубель.
   З хаты я выходзіў самым шчаслівым.
   – Глядзі, Міхасік, не пераблытай грошы, – папярэдзіла маці. – Дзясятка – на кнігі, рубель – на цукеркі.
   Да суседняй вёскі было тры кіламетры. Па дарозе Лёшка пачаставаў мяне цукеркай. Смачная-смачная, яна хутка растала ў роце. Як толькі мы выйшлі за вёску, я працягнуў сябру рубель і папрасіў прадаць мне цукерак. Лёшка, нібы чакаў гэтага, дастаў з кішэняў дванаццаць карамеляў. Восем я адлічыў, каб прынесці дадому, адну разгарнуў і паклаў у рот. Пакуль мы дайшлі да школы, у мяне засталося толькі шэсць цукерак. Я нічога не мог зрабіць, бо з кожнай хвілінай цукерак мне хацелася ўсё больш.
   Падручнікаў не было. Аўталаўка з райцэнтра не прыязджала, і мы вырашылі пачакаць гадзіну. Хадзілі па школьным двары. Лёшка захапіўся спартыўным гарадком, а мне ўсё карцела расправіцца з апошнімі цукеркамі. Адну за адной я з’еў і іх.
   Кніг мы не дачакаліся і вырашылі пайсці дадому. Але вяртацца без цукерак мне не хацелася: дома ж меншыя чакаюць. Я накіраваўся да крамы. Пакупнікоў там было шмат, аднак я без ваганняў стаў у чаргу. Спачатку падумаў, што куплю толькі на рубель, але чым бліжэй пасоўваўся да прадаўца, тым настойлівей нехта другі ўва мне прымушаў купіць цукерак на ўсю дзясятку.
   Цукеркі розных гатункаў у яркіх квяцістых абгортках спакусліва пазіралі на мяне са скрыняў. Паклаўшы на прылавак дзясятку, я выпаліў:
   – Дзюшэсу і барбарысу – на ўсе!
   Прадаўшчыца здзівілася:
   – Ты не памыліўся?
   – Мама хустку дала, завяжыце, – цвёрда адказаў я.
   Калі я вярнуўся дадому, маці корпалася ў градах. Мяне з радасным крыкам сустрэлі меншыя брат і сястра. У хаце я высыпаў цукеркі на стол. Значная частка іх хутка знікла. Я пазіраў на вясёлую карціну за сталом, шчаслівы, што столькі радасці ў хаце.
   Праз некалькі хвілін увайшла маці. Хтосьці з дзяўчынак збегаў і пачаставаў яе карамелямі, выхваляючыся, што Міхась прынёс іх многа-многа. Яна паглядзела на стол, яе твар ад спалоханага зрабіўся гнеўным. Яна схапіла рэмень. Меншыя кінуліся абараняць мяне. Маці кінула ў кут рэмень і, выціраючы слёзы, выйшла з хаты.
   Цукеркі мы елі тры дні, але ўжо без той радасці, з якой накінуліся на іх у першы момант. Маці больш не папракала мяне за растрату. Толькі вочы ў яе былі сумныя.
(492 словы)

Паводле М. Пазнякова.