Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Цукеркі

   Зося Іванаўна заварыла чай, дастала з халадзільніка тварог, паставіла на стол цукарніцу і раптам угледзела, што яна пустая. Паглядзела ў адной шуфлядзе, у другой – цукру не было.
   – Хоць бы цукерачку якую, адну маленечкую, – сказала Зося Іванаўна, перабіраючы ў кухонным століку мяшэчкі, слоікі, каробкі і шукаючы ў іх што-небудзь салодкае.
   Нечакана яна знерухомела, быццам наткнулася на нейкую нябачную перашкоду.
   Набеглі шчымлівыя і ўсё яшчэ нявыплаканыя слёзы, даўкі камяк сціскаў яе. Гэтыя даўно забытыя словы нечакана ўскалыхнулі і параненую душу, пакутлівае пачуццё трывогі вяртала ў маленства, у цяжкія ваенныя гады...
   Сямігадовай Зосі спускацца з цёплай печы, выходзіць на вуліцу забаронена: у іх хаце жыве чужы чалавек – Фрыц.
   Тыдзень таму Фрыц атрымаў пасылку з дому і чытаў пісьмы, разглядваў дасланыя фотакарткі. Калі ён выцягнуў круглую зялёную бляшаначку і скруціў накрыўку, у Зосі аж дыханне перахапіла, яна і на печы пачула духмяна-спакуслівы пах мядовых цукерак-ледзянцоў.
   Той ноччу Зося доўга не магла заснуць. «Мне б хоць адну, самую маленечкую», – шаптала яна.
   А раніцай здарыўся цуд: Фрыц піў чай, у нейкі момант ён узяў цукерку, устаў, падышоў да дзяўчынкі, моўчкі паклаў цукерку ёй у далонь.
   Зося не верыла ў сваё шчасце. Наступнай раніцай дзяўчынка таксама чакала, што здарыцца цуд, але ён не паўтарыўся.
   Праз некалькі дзён яна ўбачыла на падаконніку забытыя Фрыцам цукеркі. У хаце нікога не было, і праз хвіліну Зося ўжо трымала ў руках чароўную бляшаначку. Што здарылася потым і як некалькі мядовачак аказалася ў роце, дзяўчынка нават не зразумела.
   Нечакана пацягнула скразняком. Перад ёй стаяў Фрыц.
   Ухапіўшы перапужаную Зосю за ногі, Фрыц вынес яе на вуліцу і з усёй моцы кінуў у вялікі снежны сумёт...
   Зося Іванаўна піла духмяны несалодкі чай. Яна думала пра тое, якое жыццё няроўнае. Калі памірала ў снежным сумёце, ёй пашанцавала, што міма сумёта на машыне праязджаў Курт і дастаў са снегу дзяўчынку.
   Адзін немец хацеў забіць яе і амаль зрабіў гэта, а другі – уратаваў: ён аднёс Зосю да суседзяў, кожны дзень наведваўся, прыносіў розныя лекі.
   Зося Іванаўна дапіла чай і ўголас сказала:
   – Мне наканавана ўсё жыццё ўспамінаць і нядобрага Фрыца, і харошага немца Курта.
(337 слоў)

Паводле В. Праўдзіна

 

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыЦукеркі

Эдзі АгняцветЭдзі Агняцвет - Ледзянцы