Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Цецерукі

   Калі пачалося веснавое паляванне на цецерукоў, дзядзька Ціхон паставіў на старым такавішчы два буданы з яловых лапак і папярэдзіў мяне, каб я ў любую хвіліну быў напагатове, калі ён на досвітку пастукае ў маё акно...
   І вось я сяджу ў сваім будане і чакаю першай веснавой песні чырванабровага прыгажуна. Ён ужо недзе тут. Але нічога не відаць, нічога не разабраць у змроку. Толькі ледзь прыкметна пасвятлела неба і памутнелі зоркі. Вузенькая ружовая палоска на ўсходзе паволі, але няўхільна падымалася ўгору. Недзе шумліва закігікала кнігаўка. І зноў настала цішыня, халаднаватая і глухая. Вастрэй запахла смалою-жывіцай, старою травой.
   – Шы-ыўш-ш... шы-ыўш-ш...
   У грудзях моцна закалацілася сэрца. Ага, нарэшце абазваўся, падаў першы голас! Цяпер недзе насцярожана выцягнуў шыю і прыслухоўваецца, ці няма тут каго непатрэбнага ў такую важную і вялікую хвіліну.
   Нешта запяршыла ў горле майго чырванабровага крылатага суседа. Можа, ён крышку прастыў за доўгую халодную ноч? Ужо ўсё навакол аж стагнала ад спеваў, а ён усё яшчэ настройваў свой голас: то нездаволена шыкаў, то пачынаў балбатаць нешта невыразнае і няпэўнае, нібы ў яго далікатным горле засеў нейкі вязкі камяк. Нарэшце ён выштурхнуў яго і тады, узрадаваны, што дыхаецца лёгка і вольна, пачаў з уздымам славіць прыход веснавога дня.
   Ужо віднелася. Чарната ночы адыходзіла на захад. На фоне шырокай і светлай паласы ўсходу я заўважыў невыразныя яшчэ абрысы будана дзядзькі Ціхона. Ён, відаць, як і я, нецярпліва чакае, пакуль пасвятлее яшчэ больш...
   Зноў тужліва закігікала на бліжнім балоце кнігаўка і высока ў небе дробненька замаркатаў бакас. Ім весела абазваўся сваім пругкім посвістам краншнэп. І раптам пасля гэтага ўсё сціхла, заглухла, нібы на зямлі не засталося нічога жывога.
   Калісьці дзядзька Ціхон растлумачыў мне, што такі перапынак, такое агульнае маўчанне бывае ў птушак вясною штораніцы. Перад усходам сонца.
   Стараючыся не зварухнуцца, я пазіраў праз калматыя шчыліны будана туды, дзе хвіліны дзве таму назад заўважыў цецерука. Ён па-ранейшаму стаяў незварушна, высока падняўшы галаву, насцярожаны, маўклівы. І зусім блізка!
   Нарэшце ён залопаў крыламі і зашыкаў, падскокваючы на месцы. Яшчэ праз момант галава яго прыгнулася, хвост разгарнуўся шырокім веерам. Звонка клекатнула ў яго горле...
   Я прыглядаўся да ўсяго, што робіцца на такавішчы, і нецярпліва пачаў чакаць, калі ж грымне са сваёй ламанкі дзядзька Ціхон.
   Ужо ўзышло сонца, а на вялікай паляне, акаймаванай маладым бярэзнікам, такавала каля дзясятка цецерукоў. Каля другога будана адбывалася сапраўдная вайна. Біліся два цецерукі. Яны, як каршуны, люта каціліся адзін на аднаго, у паветры белымі маланкамі мільгалі разгорнутыя вееры хвастоў, мне здалося, што нават лятала пер’е. Потым адзін цецярук прыгнуў галаву і рынуўся ад другога наўцёкі проста ў будан дзядзькі Ціхона... Пераможца ўзняўся ў паветра, каб зараз жа сесці на самым версе дзядзькавага збудавання. І толькі ён сабраўся ўрачыста заспяваць, як пераможаны выскачыў з другога боку будана і памчаўся ад яго як мага далей.
   Няўжо дзядзька Ціхон не бачыў, не чуў, што рабілася каля яго будана, што робіцца зараз над яго галавой? Гэта ж можна ціхенька працягнуць угору руку і схапіць разбойніка жывога за ногі! Чаго дзядзька Ціхон марудзіць? Ці не здарылася што з ім? Бо як ён, здаровы, мог спакойна вытрымаць гэтае бушаванне дзічыны!..
   Сонца значна паднялося над небасхілам. Такаванне канчалася. Цецерукі адзін за адным разляталіся з паляны. Адчуўшы позні час, шыбануў у лес і цецярук дзядзькі Ціхона. І тады з будана паказаўся гаспадар.
   – Гэй, Пятро! – гукнуў ён мне нейкім ласкавым і шчырым голасам. – Ці не час нам падавацца на сваю базу?
   – А я ўжо думаў, што вы заснулі ці захварэлі. Чаму не стралялі?
   Дзядзька Ціхон хораша ўсміхнуўся сам сабе.
   – Настраляўся я, брат, за свой век. А тут ніяк не мог узняць стрэльбы. Бачыў? Яны ж дурэлі і ганяліся адзін за адным, як дзеці!..
(590 слоў)

(Паводле М. Паслядовіча)

 

Похожие статьи:

Янка БрыльРаман Янкі Брыля "Птушкі і гнёзды". Вобраз Алеся Руневіча

Янка БрыльУвесь свет — адзін дом (па раману Янкі Брыля "Птушкі i гнёзды")

Рыгор ІгнаценкаРыгор Ігнаценка - Цецерукі на бярозах

Янка БрыльПтушкі i гнёзды. Гнёзды за дымам. Аповесць другая

Янка БрыльПтушкі i гнёзды. Сцюдзёны вырай. Аповесць першая