Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Хочацца дапамагчы
І ў гэтую раніцу над Шчараю было высокае, бясхмарнае неба. Над ракою, над лугамі абапал ракі ні клубочка, ні палоскі туману. І хоць яшчэ сонца не выкацілася з-за лесу, а ўсё было відаць, як удзень. Відаць былі і два чалавекі. Яны ішлі паўз рэчку і праз шэсцьдзясят-семдзесят крокаў спыняліся, адзін з іх хвілінак на пяць сядаў на вядро ці кошык, адпачываў, другі стаяў побач. Каля кладкі цераз ручаёк, што ўпадае ў рэчку, мы ўдвух, рыбакі, чакалі, занадзіўшы, язя. Актыўнасці язь не выяўляў, то не было патрэбы пільна цікавіць за паплаўкамі. І мы бачылі кожны прыпынак-адпачынак тых, хто неслі нешта, мабыць, цяжкае.
Яны павольна набліжаліся. Неўзабаве мы разгледзелі: ішла пара, якая, мабыць, перажыла ўжо сваё залатое вяселле. Хударлявыя, крышку прыгорбленыя гадамі і ўсім тым, што засталося ў іх за плячыма, светлатварыя, падобныя адзін да аднаго. Перад кладкаю бабуля прысела на кошык, а дзядуля нешта паціху гаварыў. Ён адкашляўся, разгладзіў, убачыўшы нас, вусы, пачапаў кароценька пастрыжаны клінок бародкі.
Мы падняліся насустрач: дошка-кладка на ручайку нешырокая і тонкая, трэба падсабіць перанесці кладзь, з якою старыя не вельмі спраўляліся. Падмаглі, разгаварыліся. Бабуля, перадыхнуўшы і без рэчаў, ахвотна гаварыла, расказвала:
– Спяшаемся на аўтобус. Каб не спазніцца. Да сына хочам. Пераведаць надумалі. Адзін наш у Гародні, а другі аж у Мінску. Стары казаў: у нядзельку трэба нядзелькаваць, рукам спачыну знайсці. А я разважыла: не, што там нядзелькаваць! Ехаць – не працаваць. Дацягнемся да аўтобуса, а там у Слонім, а там і ў Мінск. Не на сябе ж цягнуць, не на кані пхнуцца дзень і ноч, дзень і ноч. Ды нагатавалі сяго-таго, ды сабралі таго-сяго, ды склалі, дый на вас во натрапілі. Дай божачка вам здароўя, што паднеслі і спыталіся ў нас, хто мы і што мы. А сын наш студэнтаў вучыць. Жыве, як той казаў, дай божа ўсім добрым людзям! То чужыя кніжкі чытаў, а гэта сам свае напісаў, людзі іх чытаюць, студэнты вучаць яго кніжкі. Дык завязём. І жонка ёсць, і двое дзетак гадуе – усё гэта ім. І ягады, і з грады агурочкі, і з галінкі памідоры, і кропу, і паляндвіцу, і часныку… Як ні ёсць – свае дзеці. Трэба ж. Трэба дапамагчы дзецям. І без нашага абышлося б, дык хочацца ж дапамагчы…
Моўчкі вярталіся мы, пакінуўшы старэнькіх на аўтобусным прыпынку чакаць аўтобус. І чулася нам абодвум бацькоўскае: "Хочацца дапамагчы…"
(376 слоў)
Паводле Ф. Янкоўскага