Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Францыск Скарына

   Нельга ўявіць беларускую літаратуру эпохі Адраджэння без творчай спадчыны Францыска Скарыны, які быў яркай індывідуальнасцю, чалавекам з энцыклапедычнай адукацыяй і гуманістычнымі імкненнямі.
   Скарына нарадзіўся ў сям’і полацкага купца, што вёў гандаль у многіх гарадах. Дата нараджэння яго дакладна невядома. Вучоныя мяркуюць, што гэта прыкладна 1490 год. Першапачатковую адукацыю Скарына атрымаў у доме бацькоў, там навучыўся пісаць і чытаць. Атмасфера бацькоўскага дому будзіла ў хлапчуку цягу да пазнання свету і навук, якія гэты шырокі свет тлумачылі, паказвалі чалавеку, як у свеце арыентавацца, каб не трапляць у прыкрыя канфлікты і не натыкацца на небяспечныя перашкоды. Праз сям’ю набыў Скарына любоў і павагу да роднага Полацка, навучыўся ганарыцца сваім народам.
   Каб заняцца навукай, Скарыну спатрэбілася вывучыць латынь – тагачасную мову навукі. Нейкі час ён вучыўся ў Вільні, каб падрыхтавацца да паступлення ў вышэйшую школу.
   У 1504 годзе дапытлівы і здатны палачанін у ліку васьмі юнакоў з полацкага біскупства трапляе ў сцены Кракаўскага ўніверсітэта, дзе штудзіруе філасофію і праз два гады атрымлівае першую вучоную ступень бакалаўра. Але на гэтым не канчаюцца яго пошукі ведаў. У любым з еўрапейскіх універсітэтаў ён павінен быў атрымаць ступень магістра свабодных навук, што давала права паступаць на больш «высокія» факультэты, якімі тады лічыліся медыцынскі і тэалагічны.
   У 1512 годзе ён ужо абараняе дыплом доктара медыцыны ў італьянскім горадзе Падуі, які славіўся на ўсю Еўропу медыцынскім факультэтам. Падуанскія медыкі мелі добрую батанічную базу: студэнты самі вырошчвалі там лекавыя травы, гатавалі мікстуры. На пасяджэнні медыцынскай калегіі ў касцёле Святога Урбана было вырашана дапусціць Францыска Скарыну да экзамену на атрыманне вучонай ступені доктара лекарскіх навук. Два дні адказваў Скарына на пытанні ганаровых вучоных калегіі, абараняў свае веды і погляды. Ён аднагалосна быў прызнаны годным вучонага тытула, які ў некаторых еўрапейскіх краінах прыраўноўваўся тады да шляхецкага звання. Можа, менавіта тады і зарадзілася ў Скарыны дзёрзкая мара перакласці на родную мову і выдаць усе кнігі Бібліі.
   Заручыўшыся падтрымкай і матэрыяльнымі сродкамі спонсараў, Скарына едзе ў чэшскую Прагу, дзе пачынае перакладаць і з 1517 года друкаваць кнігі Бібліі. Гэта знамянальная падзея была пачаткам беларускага кнігадрукавання. Скарына выдаў дваццаць тры кнігі Бібліі. Ён пераклаў гэтыя творы на тагачасную беларускую пісьмовую мову. Скарына праявіў ініцыятыўнасць і разборлівасць, знаходзячы ў чужым горадзе таленавітых мастакоў і гравёраў, рупных наборшчыкаў і друкароў, дастаў належнае абсталяванне, матэрыялы і дабіўся, каб яго кніга стала адным з узорных выданняў свайго часу.
   Жыццёвы шлях Скарыны ў многім паказальны для людзей эпохі Адраджэння. Любоў да ведаў, шырыня адукацыі спалучыліся ў яго з высокай грамадзянскай культурай, дзелавітасцю і смеласцю, уменнем ставіць наватарскія задачы і разумна вырашаць іх. Энцыклапедычна адукаваны вучоны, Скарына быў і арыгінальным мысліцелем, і даравітым пісьменнікам, плённым публіцыстам і перакладчыкам, вынаходлівым і дзелавым чалавекам. Багацце асобы Скарыны ставіць яго побач з найвыдатнейшымі людзьмі эпохі Адраджэння, а беларускую культуру, на ніве якой ён працаваў, у адзін рад з культурай еўрапейскай.
(456 слоў)

Паводле гісторыі беларускай літаратуры.

Похожие статьи:

ПераказыСпадчына Скарыны

ІншаеФранцыск Скарына - З прадмовы да "Кнігі Юдзіф"

ПераказыМастацкая Скарыніяна

ПераказыЭпоха Францыска Скарыны

ІншаеФранцыск Скарына