Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Фомка

   Фомка падрос і стаў прыгожым зграбным сабакам з бліскучай поўсцю. Быў ён не надта вялікі, але даволі дужы, мускулісты і спрытны. Белыя грудзі і белыя лапы асабліва падкрэслівалі яго горды і самаўпэўнены выгляд.
   Аднойчы Фомка пабачыў, што хлопцы закінулі на плечы рукзакі і ўзялі ў рукі палкі. Падумаўшы, што хлопцы пайшлі ў лес або на рыбалку, Фомка памчаўся за імі.
   Некалькі кіламетраў ён не адставаў ад хлопцаў, не паказаўшыся ім на вочы ні разу. Каля нейкіх будынкаў хлопцы спыніліся. Людзей тут было шмат, усе нечага чакалі.
   Раптам раздаўся страшэнны грукат і шум. Зямля захісталася пад нагамі, быццам пачалося землетрасенне. Людзі дружна закрычалі: «Цягнік, цягнік!» Нейкая страшная грамадзіна з грукатам і свістам імчалася па рэйках. Фомка лёг на жывот і ўвесь дрыжаў. Людзі, спатыкаючыся і чапляючыся за яго, беглі далей, а часам наступалі на лапы, але ён толькі жаласна скуголіў.
   Яго гаспадар стаяў ужо на прыступцы, але, калі пабачыў пакуты беднага сабакі, сэрца ў яго зашчымела. У адзін момант хлопчык схапіў Фомку, і яны апынуліся ў вагоне. Сабаку акружылі з усіх бакоў вясёлыя твары хлопчыкаў. Яго пасадзілі пад лаўку і вельмі строга загадалі легчы і спаць. Але дзе тут заснеш, калі столькі пахаў вакол!
   Вылезшы з-пад лаўкі, Фомка ціхенька папоўз паміж чужымі нагамі і клункамі. Ды раптам ён захваляваўся: яго востры нюх улавіў пах труса. I Фомка захацеў пабачыць, дзе ж хаваецца гэты хатні заяц. Яго ахапіў паляўнічы азарт, было толькі адно неадольнае жаданне – знайсці, дзе хаваецца трусік, і злавіць яго. Вось і кошык, а ў ім збіліся ў кучу некалькі звяркоў.
   Як рабіў заўсёды на паляванні, Фомка выставіў пярэднія лапы ўперад, выцягнуў морду, вільнуў хвастом і гучна забрахаў, каб паклікаць гаспадара на дапамогу.
   Хлопчык пачуў прызыўны голас свайго сябра. Але, перш чым ён паспеў дабегчы, Фомку накінулі на галаву анучу, паднеслі да расчыненага насцеж акна і шпурнулі на хаду з цягніка.
   Фомка кулём ляцеў у паветры. Знікла ўсё...
   Калі Фомка апрытомнеў, перад ім сядзела незнаёмая дзяўчынка. Кожны дзень дзяўчынка прыносіла яму есці і піць, лячыла і змазвала раны, гладзіла і супакойвала яго.
   Фомка быў яшчэ зусім малады сабака, таму яго раны хутка загойваліся. Але гора Фомкі станавілася тым больш нясцерпным, чым хутчэй ён папраўляўся. У вачах яго застыла туга. Дома засталіся дзеці, хатняя жывёла, там усё было па-іншаму. Хоць гэтая дзяўчынка ласкавая і добрая, але свая хата мілейшая.
   Аднойчы ноччу гаспадыня маленькага доміка пайшла на чыгунку і пакінула веснічкі адчыненыя. Фомка, як страла, пусціўся следам.
   Ён бег увесь доўгі летні дзень, бег і большую частку цёмнай ночы. Калі зусім сцямнела і над лесам узышоў месяц, жоўты, як галоўка сыру, яго ахапіў адчай і неадольны голад.
   Раніцай ён знайшоў у абрыўках паперы хлебныя скарынкі і трошкі прагнаў голад. Гэта яго падбадзёрыла. Але бег ён па вострым шчэбні, таму падушачкі на лапах патрэскаліся і гарэлі. Фомка адпачываў усё часцей, прысядаючы на ўзбочыне дарогі і сумна аглядваючыся па баках.
   Хутка сабака неяк пачаў адчуваць, што ён набліжаецца да сваёй хаты. Ён не мог разумець, адкуль з’явілася такое пачуццё, але яно рабілася ўсё больш моцным. Ніякія цяжкасці не маглі ўжо затрымаць яго. Ён пераплыў пару ручаёў, што сустрэліся па дарозе, абмінуў некалькі вёсак, каб не сустрэцца з чужымі сабакамі. Але ні на момант не выпускаў з поля зроку чыгунку. Увесь час бег уздоўж чыгункі.
   I вось нарэшце дом!
   Фомка радасна забрахаў:
   – Я дома! Дома! Глядзіце, я зноў дома!
   А з хаты ўжо выбягалі дзеці.
(551 слова)

Паводле Р. Сірге.