Шэрая зайчыха аблюбавала сабе месца ў высокім жыце. Днём яна ляжала, прыслухоўваючыся да галасоў жаваранкаў, што срэбрам трымцяць, пераліваюцца на розныя лады ў глыбокім сінім небе. А ноччу зайчыха абыходзіла свае любімыя мясцінкі. Больш за ўсё яна бывала на агародзе, які знаходзіўся на другім баку калгаснай сядзібы. Ды як жа іначай! Жыць недалёка ад агарода і не паласавацца сакавітай капустай або салодкай морквай?
У канцы лета ў зайчыхі нарадзілася чацвёра зайчанят, падобных да шэрых мяккіх клубочкаў.
Аднойчы свежым ранкам зайчыха прачнулася ад моцнага грукату матора. На яе з дзецьмі насоўвалася вялізная машына.
Яна махала, нібы птушка, крыламі, а за ёю было чыстае зжатае поле. Зайчыху працяў востры страх. Разам з дзецьмі яна кінулася з усіх чатырох наўцёкі. Адно зайчаня заблыталася ў густым жыце, і камбайнер злавіў яго.
Дома васьмігадовая дачка камбайнера Ніна вельмі ўзрадавалася зайчыку. У гэты момант у пакой увайшла кошка Мурка. У яе толькі ўчора забралі кацянят і раздалі суседзям. Ніна ўзяла Мурку на рукі, а бацька паднёс да яе зайчыка. Мурка з ласкай аднеслася да шэранькага і пачала карміць яго.
Так зайчык і рос на Мурчыным малацэ. У яго быў вясёлы нораў. Ён такія фокусы вырабляў, што ўсе ў доме са смеху клаліся. Еў ён капусту, моркву, канюшыну.
Усё было б добра, але ў гаспадара быў невялічкі шчанюк Шарык. Аднойчы Шарык добра-такі пацягаў зайца за вушы.
Невядома, чым бы ўсё гэта скончылася, калі б Ніна не выручыла яго: яна адабрала пералуджанага шарачка з зубоў шчаняці, а самога Шарыка пакарала дубцом.
Кошка не любіла Шарыка і, як толькі ён заходзіў у сенцы, кідалася на яго і злосна шыпела. Шарык з усіх ног уцякаў за дзверы. Хутка і заяц навучыўся сяму-таму ў кошкі. Ён яшчэ ля парога сустракаў Шарыка і пачынаў барабаніць пярэднімі лапамі па спіне сабачкі так, што з таго ажно поўсць сыпалася. З часам шарак перастаў баяцца сабакі. Так і жыў ён далей у сваёй прыёмнай сям’і.
(313 слоў)
Паводле Я. Зазекі
Похожие статьи:
Пераказы → Старога вераб’я на мякіне не ашукаеш
Пераказы → Два позіркі на Пусю
Станіслаў Шушкевіч → Станіслаў Шушкевіч - Колькі кіпцікаў у кошкі
Станіслаў Шушкевіч → Станіслаў Шушкевіч - Белыя панчошкі
Эдуард Валасевіч → Эдуард Валасевіч - Алёшка і Кошка