Няма той мясціны на Беларусі, дзе б ні зберагалі трапяткіх адносін да памінальных дзён. Кожная пара года мела свой дзень памяці продкаў. Здаўна наш народ у апошнюю суботу кастрычніка або першую лістапада ладзіў Дзяды.
Нічога народ не прыдумляў знянацку, любая з’ява мае мудры сэнс. З чаго пачыналі памінальны дзень? У вёсках прыбіралі хаты і акурвалі сцены духмянымі зёлкамі. Чакалі вечаровага спаткання з нябачнымі душамі памерлых продкаў. А гаспадыні гатавалі пачастункі. На покуці вывешвалі рэліквіі сям’і.
Абавязкова хадзілі на могілкі. Правілі крыжы, прыбіралі магілы. Плакалі, калі не загаіўся боль. Аглядалі адзінокія, закінутыя магілкі.
У час вячэры старэйшы з роду запальваў свечку і казаў: «Святыя дзяды, хадзіце да нас!» І пачыналі добрым словам успамінаць тых, каго ведалі, каго любілі. А то прыгадвалі нават тых, пра каго толькі чулі ад дзядоў-прадзедаў.
Да раніцы сталы не прыбіралі. Лічылася, што ноччу на зямлю апускаюцца душы продкаў. Для іх і пакідалі пачастунак.
Цяпер Дзяды прыходзяць да народа як споведзь наша перад тымі, хто жыў сумленна, горда, непахісна і паміраў з радзімаю ў сэрцы.
Прыйдзіце трэцяга лістапада да курганоў і магіл. Мы дзеці Беларусі, нашчадкі мінулых пакаленняў. Запалім свечкі, клікнем нашых продкаў, паразважаем разам у цішы. Уваскрэсім памяць, каб душа жывая прачнулася ад голасу Дзядоў. Бо мы – народ. І маем памяць, голас, зрок і сэрца.
(214 слоў)
(Паводле А. Хатэнкі)
Похожие статьи:
Пераказы → Памяць
Эдуард Акулін → Эдуард Акулін - Ёсць памяць генаў, памяць роду...
Пераказы → Хвіліна памяці
Пераказы → Што запомніцца і што захаваецца
Анатоль Бутэвіч → Анатоль Бутэвіч - Бунт у каралеўстве Віндаўса Вялікага