Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Анатоль Бутэвіч - Бунт у каралеўстве Віндаўса Вялікага

Увага!!! Поўны змест


   Аднойчы ў вялікім і багатым каралаўстве Сусветнае Сеціва адбылося неверагоднае здарэнне. Насуперак забароне караля Віндаўса Вялікага тут выбухнула гучная сварка. Заспрачаліся вышэйшыя асобы каралеўскага двара, якія жылі ў ягоным шыкоўным палацы, што завецца Камп’ютарам.
   Каралеўскія служкі пачалі запальчыва высвятляць, хто з іх важнейшы і больш патрэбны каралеўству, без каго не здолее існаваць Сусветнае Сеціва. Кожны сам сябе падвышаў, даказваў сваю выключнасць і незаменнасць.
   Галоўная захавальніца ўсёй інфармацыі, названая Памяццю, ажно кіпела ад нецярпення:
   – Я, я тут самая галоўная. І колькі б вы ні пыжыліся, як бы ні надзьмувалі шчокі, нічога без мяне не зробіце. Каму вы давяраеце ўсе свае навіны і сакрэты? Мне. Каго просіце захаваць іх, запісаць на магнітныя і аптычныя дыскі? Мяце Дык хто тут важнейшы?
   Служкі двара не маглі вытрымаць такога нахабства. Хоць яны разумелі, што без Памяці і праўда не запусціш ніводнага камп’ютэра, не выканаеш ніводнай праграмы, ды прызнаваць яе перавагу не хацелі. Бо гэта азначала сваімі рукамі знішчыць уласныя вартасці.
   А Памяць распалілася яшчэ больш:
   – Хіба забыліся, што толькі я валодаю генетычным кодам. Ён жа і ваша жыццё забяспечвае, і ўсяго каралеўства. Без гэтага вы ніхто, кучка бліскучых жалязяк.
   – Не ўсе ж мы жалязякі, – пачуўся нясмелы голас, але Памяць нікога, акрамя сябе, не чула.
   – А калі не жадаеце прызнаць маю галоўнасць, – ад запальчывасці Памяць ледзь не распадалася на часткі, – я не буду захоўваць вашыя выказванні, знішчу ўсе ранейшыя. Ваша бяспамяцтва прывядзе да катастрофы цэлага каралеўства.
   Тут ужо не вытрымаў галоўны прыдворны канцлер Працэсар:
   – Хопіць набіваць сабе цану. Без мяне ўсе вы і капейкі ржавай не вартыя. Не дапаможа вам Памяць, калі не будзе каму яе апрацаваць і ўпарадкаваць. Я тут найважнейшы. Я ўсімі вамі кірую. Чаго захачу я, тое і будзе карысным для каралеўства.
   – Ого, як ты выхваляешся! – перабіла Памяць. – Хіба забыўся, што я табе працу даю? Інакш ты зусім непатрэбны.
   – Не кажы гоп, пакуль не пераскочыў, – далучыўся да Памяці заўсёды гарачы і працавіты Прынтар, які ад усведамлення ўласнай праўды ажно смачна крактануў. – Калі не захачу я друкаваць і размнажаць твае, Працэсар, доказы, калі праігнарую Памяць, то ніхто і не даведаецца пра вашае існаванне.
   – Чаму гэта не? – запярэчыла Памяць. – Нават без тваёй дапамогі я магу перадаць свае жаданні іншаму камп’ютэру, увайсці ў дзелавы кантакт з замежнымі каралеўствамі.
   – Але як ты збіраешся рабіць гэта без мяне? – здзівіўся Мадэм. – Без маёй падтрымкі ты нават да мяжы нашага каралеўства не дапнеш. Адзін я магу накіраваць вашыя паведамленні праз Інтэрнэт усяму свету.
   – За мяне не турбуйся і не выхваляйся сваёй выключнасцю, – не паддавалася Памяць. – Я пашлю ім дыскі.
   Але тут зноў падаў голас Працэсар:
   – Я падтрымліваю доказы Мадэма. Не здолееш ты, Памяць, падмануць нас. Ды і ўсе вы нічога без мяне не зробіце. Хіба забыліся, хто тут галоўны? Я найважнейшы ў каралеўстве. – Працэсар нібыта зусім забыўся пра існаванне караля. – Я вышэйшы розум Сусветнага Сеціва.
   Пачуўшы гэта, Клавіятура шпарка затуркатала сваімі шматлікімі костачкамі-клавішамі, бліснула зялёнымі вочкамі і мудра прамовіла:
   – Можаце колькі хочаце даказваць свае перавагі, хваліць свае здольнасці, але без мяне вы нуль. Самы сапраўдны круглы нуль. Дзірка ад усіх добрых спраў.
   Клавіятура пераможна зірнула на іншых спрачальнікаў і пераканаўча працягвала:
   – Хіба вы не разумееце, што ўсе залежыце ад мяне, ад майго здароўя і маіх здольнасцей? Калі захварэе нават адзін мой зубок-клавіша, вы адразу застанецеся без справы. Калі я не напішу ніякага слова альбо сімвала, калі не падам адпаведнай каманды, не будзе чаго захоўваць Памяці, непатрэбнымі акажуцца высілкі Мадэма. І нават хвалько Працэсар абяссілее.
   Ды тут маналог гаваркой Клавіятуры рашуча перабіў нетаропкі і заўсёды прыветны Манітор-Дысплей:
   – Я вось вазьму і пакажу кожнага з вас на сваім экране. Хай усе бачаць, якімі вы сталі не-прыгожымі, злоснымі і сварлівымі. Альбо зусім адключуся, каб не бачыць вас.
   Клавіятура спалохалася, што Манітор і сапраўды зробіць гэта, тады яе могуць зусім выкінуць з каралеўства.
   Памяць ажно заікацца пачала – калі патухне экран, то ўсё застанецца таемным і нябачным. Толькі Манітор можа паказаць вынікі працы ўсіх.
   Мадэм ляпнуў па плячы Працэсара:
– Калі ты такі мудры і магутны, папрасі Манітора, каб не рабіў паспешлівых крокаў.
– Ну вось, не хапала мне прыніжацца перад нейкім цёмным Маніторам-Дысплеем, – пазяхнуў Працэсар. – Я тут самы галоўны. Хай не забываецца, чыім розумам жыве. А калі вы такія нямоглыя і няздатныя, то я наогул магу сысці з каралеўства. Мяне любое гаспадарства з радасцю прыме.
– Давай, давай, – з’едліва засмяяўся Мадэм. – Я табе яшчэ і дарожку пакажу – самую дальнюю. Каціся па ёй калабком. Пакуль у зубы ваўку не трапіш. Альбо пакуль ліса на язык не пасадзіць.
Слухала, слухала гэтыя спрэчкі працавітая Мышка, надакучыла ёй пустая балбатня. Вільнула яна доўгім чароўным хвосцікам і выказала сваё меркаванне:
– Як вы сабе хочаце, але мне вашая спрэчка падаецца бескарыснай. І нават шкоднай, – заключыла яна. – Усе мы паабяцалі служыць свайму каралеўству. Так? – Яна абвяла ўсіх запытальным позіркам. – А цяпер вы ваюеце за ўласную выгаду. Не, нават проста за пустыя амбіцыі. Кіньце выхваляцца. Усе мы адзін без аднаго нічога не вартыя. Не будзе працаваць Камп’ютар, калі залянуецца хоць бы адзін з нас. Давайце лепш згуртуем нашыя сілы, скарыстаем свае здольнасці і будзем далей служыць агульнай справе. Пакуль мы разам – мы гэта можам. І для каралеўства будзе вялікая карысць. Паасобку ж мы нікому не патрэбныя.
Апусціў галаву Працэсар. Пачырванелі вушы ў Мадэма. Туманком сораму пакрылася Памяць. Вінавата затарахцела і раптоўна змоўкла Клавіятура.
Адзін Манітор весела бліснуў сваім блакітным экранам, выказваючы згоду са словамі маленькай Мышкі.
Усе моўчкі вярнуліся да сваіх ранейшых спраў. Спакой і згода зноў запанавалі ў Сусветным Сеціве.
А кароль Віндаўс Вялікі нават не даведаўся пра бунтоўную сварку сваіх прыдворных.

 

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыШто запомніцца і што захаваецца

Пераказы, дыктантыХвіліна памяці

Эдуард АкулінЭдуард Акулін - Ёсць памяць генаў, памяць роду...

Пераказы, дыктантыУ нашай памяці – вечнасць

Пераказы, дыктантыПамяць