Вечар быў цёмны і ціхі. Побач чыгункі стаяў высокі стары лес, таемны, пануры і важны. На станцыі шумеў паравоз таварнага цягніка, шумеў ціха і роўна, як бы баючыся парушыць спакой гэтага лесу. Неба, абложанае бялявымі хмарамі, здавалася, ніжэй навісла над зямлёй, і пышныя сняжынкі падалі на гэты высокі лес і дарогу. I было штосьці незвычайна прыемнае ў гэтым руху белых і чысцюткіх пушынак, і так далікатна лажыліся яны на зямлю, на шапку настаўніка. Чулае вуха, здавалася, само прыслухоўвалася да іх ціхага шолаху, як бы хацела ўцяміць мілую гутарку.
Лабановіч ішоў борзда. Яму было лёгка, проста хацелася бегчы.
З правага боку дарогі лес кончыўся. Лабановіч ішоў і азіраўся ў гэтую цьму, каб не прамінуць гасцінца.
Хутка ён убачыў сіняваты бляск у акне свайго сябра. Каля самае кватэры Лабановіч прыпыніўся, ціхенька падышоў да акна і, пастукаўшы пальцам па шыбе, схаваўся.
Турсевіч адхіліў занавесачку і, засланіўшы рукамі бляск лямпы, стаў пільна ўзірацца. Момант сябры азіралі адзін аднаго, а потым, перакінуўшыся жартаўлівымі прывітаннямі, абняліся і сардэчна пацалаваліся.
(164 слова)
Паводле Я. Коласа
Похожие статьи:
Якуб Колас → Трылогія «На ростанях». Вобраз Лабановіча. Духоўны свет, маральная высакароднасць героя
Якуб Колас → Творчасць Якуба Коласа
Пераказы → Пасадка
Якуб Колас → Паэма «Новая зямля» — мастацкая энцыклапедыя жыцця беларускага сялянства
Сачыненні → Духоўны свет, маральная высакароднасць Андрэя Лабановіча (трылогія Я. Коласа "На ростанях")