Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



У гасцях у вечнасці

   Кажуць, гарады, крэпасці, замкі, пабудовы, як і людзі, нараджаюцца, атрымліваюць сваё імя, ствараюць сваю біяграфію, свой лёс і паміраюць. Шмат старадаўнасцей знікла пад пылам гісторыі і попелам войнаў і на беларускай зямлі. Аднак дзякуючы людской дапытлівасці і настойлівасці час ад часу даецца шанц пабываць у гасцях у вечнасці.
   Такую чароўную магчымасць даруе старажытнае Берасцейскае гарадзішча. Тут, на глыбіні сямі метраў, у грунце сівой гісторыі створаны адзіны такі на Беларусі археалагічны музей.
   Бярэсце. Хто і калі прыдумаў гэткую мілагучную назву?
   Было тое за далёкім-далёкім, яшчэ паганскім часам, калі людзі пакланяліся камяням, дрэвам, ператвараліся ў звяроў і птушак. Адзін багаты купец вёз на берагі Балтыкі свой тавар. Ды загруз ён у палескім балоце. Каб вызваліцца, зладзіў з беластволых бяроз і бяросты плаціну, замасціў імі балота. Па гэтай гаці і выбраўся. На сухім змайстраваў ён капішча і прынёс ахвяру свайму паганскаму богу Вялесу. А месца гэтае назваў Берасцем. Так і з’явіўся на зямлі дрыгавічоў старажытны горад, над якім і дагэтуль кучаравымі воблакамі курацца легенды і паданні.
   Калі прыжмурыць вочы, то можна ўявіць, як шчыравалі тут злотнікі і мечнікі, шкларобы і ганчары, шаўцы і краўцы, кавалі і ліцейшчыкі. Можна падзівіцца, як годна і дагэтуль выглядаюць шматсотгадовыя жаночыя ўпрыгожванні: бранзалеты, падвескі, пярсцёнкі, спражкі, вырабы са скуры, кашалькі, абутак і нават знойдзеная ў раскопе вязаная рукавіца. А дубовае рала, адзінае для таго часу ў Еўропе, здаецца, яшчэ захоўвае мазольнае цяпло берасцянскіх аратых.
   Аднак умелі берасцяне і годна адпачываць. Сведчанне таму – шахматныя фігуркі, шашкі, косці для гульні, мастакоўскія прыналежнасці, металічныя пісалы, скураныя мячы. Але, бадай, ці не галоўным клопатам берасцян была абарона роднага горада ад рознай навалы. Таму з усёй жарствой саплі тут кавальскія горны, гартуючы наканечнікі стрэл, шпоры, кальчугі. А побач працавітымі дзятламі стукалі сякеры, даводзячы да ладу вёслы, калёсы, сані, сохі, прасніцы. У гэтым натуральным спалучэнні чыста гарадскіх і традыцыйна сельскіх клопатаў і здабывалі свой хлеб надзённы шмат якія пакаленні берасцян.
   Можна пачуць тут і іншы звон – манетны. Гэта працуе першы і адзіны на тэрыторыі Беларусі манетны двор Рэчы Паспалітай. Тут чаканілі дробныя медныя манеты – соліды.
   Завітаўшы ў госці, спазнаем, як пачуваліся тут нашы далёкія продкі. Зойдзем у любую з двухсот адкапаных пабудоў, якія шчыльненька, у тры-чатыры шарэнгі, выстраіліся між трох паралельных вуліц. Амаль квадратныя хаціны з круглага хваёвага бярвення мелі падлогу з тоўстых колатых дошак. У куце ля ўвахода стаяла курная печ. Акенцы былі малюпасенечкія – сапраўдныя шчыліны. Дзверы, каб цяпло дарэмна не марнавалася, мелі каля аднаго метра ўвышкі. Хаваючыся ад цікаўных вачэй, хаты стаялі глухой сцяной да вуліцы. Фундаментамі часта служылі рэшткі ранейшых збудаванняў. Старажытнае Бярэсце цягнулася ўгару на плячах сваіх папярэднікаў, пакуль яго самога не напаткаў гэткі ж лёс.
   Археолагі адшукалі тут самы першы, самы старажытны і адзіны на тэрыторыі Беларусі буквар. Ім з’яўляецца самшытавы грэбень, на абодвух баках якога выразана трынаццаць кірылічных літар. Колькі маленькіх берасцянятак вывучыў грамаце гэты незвычайны буквар!
   Ды няўмольны час не пашкадаваў старажытнага горада. Берасцейскае гарадзішча стала падмуркам Брэсцкай крэпасці, назаўсёды схавалася пад пылам гісторыі. Аднак сённяшнія пераемнікі і спадчыннікі ягоных даўніх дзеяў помняць і шануюць ахінутую наміткай стагоддзяў сваю прарадзіму.
(498 слоў)

Паводле А. Бутэвіча.

Похожие статьи:

Анатоль БутэвічАнатоль Бутэвіч - У гасцях у вечнасці

ПераказыБярэсце

Анатоль БутэвічАнатоль Бутэвіч - Каложская царква

ПераказыБярэсце

Анатоль БутэвічАнатоль Бутэвіч - Бярэсце