Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Учынак

   Хлопчык ведаў, што зайца злавіць цяжка. Тут ужо трэба небывалае здарэнне, каб ён, такі імклівы, няўлоўны, апынуўся ў тваіх руках. Але аднойчы такі цуд адбыўся. Толькі не з зайцам, а з маленькім зайчыкам, але цуд ад гэтага быў не меншы. Тады цэлы вывадак зайчанят не проста знайшлі ў канюшыне, а выкасілі. Добра, што не падрэзалі касою. Дарослыя, хто касіў, кінулі косы і пачалі лавіць зайчанят, што сыпанулі ва ўсе бакі. Сыпанулі смешна так, як завадныя, і не вельмі хутка. Цяжка сказаць, як ён сам, той хлопчык, не дагнаў ніводнага. Можа, таму, што хацеў палавіць усіх адразу. А аднаго яму далі. Рука дарослага трымала зайчаня за вушкі. Шарачок па-немаўлячы пацешна дрыгаў заднімі лапкамі, нібы ад радасці. Хлопчыку сказалі, што зайца нельга браць за спіну, а можна браць толькі за вушы. І малады чалавек з вялікай асцярожнасцю і трывогай узяў зайчыка так, як трэба браць, адчуў у пальцах цёплыя лапінкі вушэй, а потым ужо без парады дарослых палажыў яго ў шапку і панёс подбегам дахаты.
   Так была знойдзена ў зялёным полі казка.
   Аднак яна не захацела далей раскрывацца. Зайчык не толькі не захацеў гаварыць, усміхацца, падміргваць, а нават і малака не хлябтаў, не еў свежай травіцы. Сядзеў на дне пустой бочкі…
   Хлопчыка выхоўвала маці. Часцей за ўсё без лішняга далікацтва, бо сама яна была заваленая клопатам удава. Гадавала хлопца тым розумам, што ўзяла ад бацькоў, ад людзей, ад народнай мудрасці ды ад добрага сэрца. А яшчэ былі кнігі ў хаце і ў школе. Нямнога ды няхітрыя, бо чытачу таму толькі што споўнілася восем гадоў. Якраз неўзабаве пасля таго, калі ў бочцы з’явілася зайчаня. У сялянскіх сем’ях таго часу дзень нараджэння не быў ні святам, ні падзеяй. Добра яшчэ, калі хто ўспомніць. Маці не забывалася. Колькі б работы ні было, яна знаходзіла час, каб спячы малому піражок. Сын зрабіў тады сваё свята яшчэ весялейшым. Ён вызваліў зайчаня. Занёс за гумно і пусціў у авёс.
(312 слоў)

Паводле Я. Брыля

 

Похожие статьи:

Казімір КамейшаКазімір Камейша - Сонечны зайчык

Станіслаў ШушкевічСтаніслаў Шушкевіч - Зайчык

Пераказы, дыктантыПрыёмыш

Якуб КоласЯкуб Колас - Зайчыкі

Васіль ВіткаВасіль Вітка - Зайчык-вадалаз