Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Упарты верабей
Здарылася гэта летась увесну. Маладому вераб’ю, што не меў яшчэ і года, спадабалася начаваць у ластаўчыным гняздзе. Ластаўкі былі ў выраі, і верабей адчуваў сябе поўным гаспадаром. Хутка ён зусім прывык да новага месца і, як толькі прыгрэла веснавое сонейка, вырашыў зрабіць невялічкі рамонт свайго жылля і застацца ў ім на ўсё лета.
Вырашана – зроблена. Верабей ачысціў гняздо ад бруду, смецця, нанасіў свежага пуху, наладзіў пасцель. І так яму спадабалася новая кватэра, што ён даў сабе слова нізавошта не ўступаць яе нікому.
Прайшло некалькі спакойных дзён. І вось аднае раніцы, калі верабей яшчэ спаў, вярнулася з выраю гаспадыня гнязда. Пасля вялікай дарогі ёй хацелася хутчэй зірнуць на свой прытулак і адпачыць у ім. Бо, напэўна, і птушкам, як людзям, няма большай радасці, як апынуцца пасля адлучкі пад родным дахам.
Убачыўшы няпрошанага госця ў сваім доме, ластаўка пакружылася каля гнязда і крыкнула:
– Чыві-чыві-чыві!
На чалавечай мове гэта азначала б:
– Прашу пакінуць маю хату!
Верабей прачнуўся, міргнуў некалькі разоў вачыма, высунуў з гнязда галаву і ўбачыў ластаўку. Стомленая птушка не зводзіла вачэй са свайго гнязда. Верабей зухавата пачысціў лапкай дзюбу, нахохліўся і наважыў маўчаць. Трохі счакаўшы, ластаўка ўзнялася, праляцела каля гнязда і зноў чывікнула вераб’ю, толькі коратка і больш злосна:
– Выбірайся! Чуеш?
– І не думаю, – спакойна ціўкнуў у адказ верабей і яшчэ ямчэй усеўся ў мяккай пасцелі.
Верабей не хацеў уступаць ластаўцы гнязда. Уступіць – азначала б паказаць не толькі сваю слабасць, але і праслыць на ўвесь вераб’іны род баязліўцам. А каму гэта прыемна?
Ластаўка не магла сядзець спакойна. Пераканаўшыся, што верабей па-добраму не ўступіць гнязда, яна паляцела да бліжэйшых суседзяў і расказала ім пра сваю бяду.
Неўзабаве на другой яблыні, недалёка ад вераб’ёў, сядзела ўжо цэлая чарада ластавак. Птушкі вялі сур’ёзную нараду.
Хутка адна з ластавак адлучылася ад сябровак, абляцела вакол будынка і нечакана вынырнула з-за вугла. Верабей у гэты час сядзеў, высунуўшы галаву з гнязда. І, каб крыху падбадзёрыць сябе, ціхенька чырыкаў аднатонную песеньку. Ластаўка з размаху дзеўбанула вераб’я ў лоб. Той страсянуў галавою і гатоў быў ужо даць здачы, але ластаўку толькі і бачылі.
Ластаўкі трымалі сябе неспакойна. Яны пераляталі з галінкі на галінку, цясней збіваліся ў чараду, шчабяталі адна перад другой. І раптам, абураныя, гнеўныя, узняліся і стрымгалоў рынуліся да гнязда.
Верабей, заўважыўшы напад, падаўся ў глыб гнязда і сеў бокам да дзіркі.
Ластаўкі кружыліся вакол, але ні адна з іх не адважвалася ўсадзіць галаву ў гняздо і пачаць бойку з ворагам. Потым яны ўсе паселі на галінках і сталі пільна сачыць за гняздом. Відаць, спадзяваліся, што верабей не вытрымае і высуне галаву, каб зірнуць, што робіцца навокал, а яны раптоўна нападуць і расправяцца з ім, як з захопнікам.
Аднак вераб’я не так лёгка было ашукаць, хоць і быў ён малады. Прытаіўшыся, верабей і не збіраўся цікавіцца тым, што робіцца за гняздом. Хвіліны праз дзве-тры ластаўкі зашчабяталі, замітусіліся і ўсе разам, акрамя адной, шуганулі кудысьці за штыкетнік.
Праз момант яны зноў пачалі адна за другой падлятаць да гнязда і адразу вяртацца назад, за штыкетнік. Толькі цяпер стала заўважнай чорная палоска свежай гразі на леташнім гняздзе. Ластаўкі пачалі замуроўваць вераб’я.
Верабей цвёрда наважыў стаяць да канца. Ён не звяртаў ніякай увагі на старанную працу ластавак, сядзеў ціхенька і на кплівыя запытанні суседзяў-вераб’ёў: «Ты жывы, дружа?» – толькі зрэдку чырыкаў:
– Жыў, жыў.
З кожнай хвілінай адтуліна-ўваход у гняздо рабілася ўсё вузейшай, і нарэшце яе зусім не стала відаць.
(547 слоў)
(Паводле А. Пальчэўскага)
Похожие статьи:
Янка Брыль → Птушкі i гнёзды. Гнёзды за дымам. Аповесць другая
Пераказы, дыктанты → Птушкі шчасця
Янка Брыль → Увесь свет — адзін дом (па раману Янкі Брыля "Птушкі i гнёзды")
Янка Брыль → Раман Янкі Брыля "Птушкі і гнёзды". Вобраз Алеся Руневіча
Янка Брыль → Птушкі i гнёзды. Сцюдзёны вырай. Аповесць першая