Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Тэорыя імавернасці

   Ласкавае сонца з кожным днём падымалася ўсё вышэй і вышэй. Дні прыкметна павялічыліся. На рацэ з грукатам і стогнам прашумеў крыгаход. Праз два дні паводка заліла прырэчныя лугі і палеткі. У вадзе апынуліся дубы на лугах, а прыбярэжныя лазнякі зусім зніклі пад вадой. Стала цёпла, абапал палявых дарог зазелянелі жыты, зазелянелі неяк раптоўна і так ярка, што калі глядзець на іх, прыжмурыўшы вочы, то здавалася, гэта былі зусім і не жыты, а дзівосны зялёны дыван з аксаміту, раскінуты на полі нейкім вясёлым і добрым чараўніком. Буйная зеляніна неўзабаве зашумела ўсюды: і на палях, і ў садах, і на беразе рэчкі. Вясна клікала слухаць птушыныя спевы, шум паўнаводнай ракі, шапаценне першай лістоты на бярозах, дыхаць водарам лугавых кветак.
   Але вучням гімназіі Зарэчча было не да гэтага: усе рыхтаваліся да экзаменаў. Алік Жураўлёў, вядомы выдумшчык і штукар, прыйшоў сёння на заняткі з нейкім асабліва вясёлым і бесклапотным выглядам. З пагардлівай усмешачкай, зверху ўніз паглядаў ён на сяброў, якія не разлучаліся з кніжкай нават у час перапынкаў. Заклаўшы за спіну рукі, Алік, нібы знарок жадаючы звярнуць на сябе ўвагу, пахаджваў па класе.
   Не без падстаў падазраючы, што за гэтай дэманстрацыяй Аліка хаваецца нейкая новая выдумка, да яго падышоў устрывожаны Бронік, стараста класа.
   – Ну, брат, – прызнаўся Броніку, чаму ён такі вясёлы, Алік. – За пераводныя экзамены я цяпер не баюся ні вось настолечкі, – паказаў ён самы кончык мезенага пальца. – Ты тэорыю імавернасці ведаеш? – хітра ўсміхнуўся Алік.
   – І пры чым яна тут?
   – Сакрэт вынаходцы! – як заўсёды з таямнічым выглядам сказаў Алік і пераможна пстрыкнуў пальцамі каля самага Бронікавага носа.
   Колькі Бронік ні прасіў расказаць, якое дачыненне да экзаменаў гэта тэорыя мае, Алік так нічога яму і не сказаў.
   Мінуў тыдзень, другі. Напярэдадні экзаменаў Бронік сустрэў Аліка на вуліцы. Яго моцна здзівіла, што выгляд звычайна самаўпэўненага Аліка сёння быў нейкі збянтэжаны.
   – Бронік, – першым загаварыў Алік, – скажы, ты ўсё вывучыў?
   – Вядома, усё. А як жа інакш?
   У Броніка раптам трывожна ёкнула сэрца.
   – Я паўтарыў па кнізе ўсю праграму. А ты?
   – Дзівак! – з паказной бадзёрасцю ўсміхнуўся Алік. – Магу табе нешта расказаць, сакрэт раскрыю. Памятаеш, я табе казаў пра тэорыю імавернасці? Па гэтай тэорыі выходзіць, што, каб добра адказаць на экзаменах, не абавязкова вучыць адказы на ўсе білеты. Дастаткова вывучыць праз адзін. Ну, разумееш, на першы, трэці, пяты і гэтак далей.
   – І як жа будзе?
   – А так і будзе. У цябе дзевяноста дзевяць шанцаў выцягнуць на экзаменах вядомы табе білет і толькі адзін-адзінюткі шанц, што выцягнеш невядомы. Дык ці ж варта браць пад увагу гэтую нікчэмную выпадковасць? І яшчэ: менш білетаў – лепш можна вывучыць...
   Бронік раптам рэзка ўскінуў галаву:
   – Скажы, Алік, а цераз пятае на дзясятае па гэтай тэорыі вучыць нельга?
   – Цераз пятае на дзясятае?.. – заморгаў вачыма збянтэжаны Алік, адчуваючы, як уся яго выдумка рассыпаецца прахам.
   – Падлічыў, называецца, тэарэтык! Не дзевяноста дзевяць шанцаў супраць аднаго, а пяцьдзясят на пяцьдзясят! Галава!.. А хутчэй за ўсё, калі ты так вучыў, то і зусім нічога не ведаеш, і шанцаў у цябе нуль супраць ста.
   Безнадзейна махнуўшы рукою, Бронік рашуча пакрочыў па вуліцы. Алік жа, нібы акамянеўшы, так і застаўся стаяць.
   У класе, напэўна, не хутка забудуць, як здаваў экзамен іх Алік Жураўлёў. Гэта было не вельмі вясёлае, але павучальнае відовішча…
(517 слоў)

(Паводле У. Краўчанкі)

 

Похожие статьи:

ТТэорыя літаратуры

Авяр’ян ДзеружынскіАвяр’ян Дзеружынскі - Экзамен

ПераказыПераможам экзаменацыйны стрэс!

Рыгор БарадулінРыгор Барадулін - Экзамены